— Ён гаворыць, — ківок на Чыркуна, — што вы можаце быць свабодны.
Калі дагэтуль у гурце моладзі, што акружыла нас, чуўся то нечы абрывісты смяшок, то стрыманая рэпліка, дык цяпер проста выбухнуў рогат. Смяяўся, здаецца, і сам той хлопец.
А потым у шум уступілі баян і «страдыварус», і ўсё аціхла ў новым танцы.
Чыркун ваяваў яшчэ і ў першую сусветную, а потым і ў грамадзянскую. Знакам даверу, ён мне аднойчы пры панах паказваў «краснаармейскую афішку» пад загалоўкам «Слезное моление вши» — дасціпны сатырычны верш, зброя ў змаганні за салдацкую гігіену. І расказаў тады, як гэта ў «свабоду», пасля рэвалюцыі, іх, акопнае брацтва на часовым перадыху, вадзілі разоў некалькі ў тэатр. А ў некаторых хлопцаў было назапашана па «аптэчнай» бутэльцы вошай, уласнага ўраджаю і пазычаных. І ў тэатры яны, тыя хлопцы, як толькі гасла святло, церушылі з бутэлечак на далонь і ціха, асцярожна сеялі на футравыя каўняры і боа новага начальства, што з жонкамі сядзела спераду.
Уладзік не казаў, але і так няцяжка было здагадацца, што пачынальнікам з тымі бутэлечкамі быў хутчэй за ўсё ён.
Дарэчы, жулікаватасць перадалася і сыну яго, наймалодшаму, таму Анёлачку-Анёлку-Ангелу, які на другім пасляваенным годзе яшчэ толькі канчаў у мястэчку школу. Вучыўся Анёлак не вельмі, найбольш ад ляноты. І вось на ўсяночную перад Вялікаднем, калі на плошчы перад царквой колішнім ладам сядзелі на вазах ды пры вазах і паміналі калекі-старцы, малады Чыркунок, разам з сябрамі-дзесяцікласнікамі, заказаў старцам памінанне. За плату, вядома. Па жывых-здаровых настаўніках, матэматыку і фізіку, найбольш «любімых». І дзед з бабаю памянулі.
Бачыўшы, чуўшы ўсяночнае памінанне многа разоў, няцяжка ўявіць і Анёлкава. На возе — зрэбная буда, нацягнутая на арэхавыя каблукі. Каняжына хрупае сена не з перадка, як звычайна, не ў аглоблях стоячы, а прывязаная за возам. Паміж задзёртымі аглоблямі, на ахапку саломы, сядзіць бязногі ці бязрукі дзед. Сляпая бабуля — на возе, у чалесніках буды. З бабінага слязлівага раешніка возьмем толькі пачатак, а можа, і з сярэдзіны, словам, тое, што мне запомнілася з маленства.
Тут уклінялася канкрэтнае — заказ дзесяцікласнікаў:
А дзед у аглоблях уторыць, як чмель:
Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…
Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі — як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць — кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.
У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.