Выбрать главу

Каля ліфта сабраўся ўжо натоўп; Ляшчэвіч прыкінуў — больш пяці чалавек, яны зойдуць, астатнія будуць чакаць, пакуль ліфт спусціцца зноў. «Пайду пехатою, шосты паверх — не так і высока,— вырашыў ён.— Так мала рухаемся. Гіпадынамія, гіпадынамія...» Не высока і ён не стары, а сэрца забілася, заскакала ў грудзях. «Трэба ўсё-ткі пачаць бегаць,— падумаў ён з трывогаю.— Неадкладна... Заўтра ж!»

У аддзеле было ўжо некалькі чалавек, быў Косця Бірукоў, але Таня Саўкова, яго суседка па стале і па кульмане, яшчэ не прыйшла. Яна заўсёды спазняецца — двое дзяцей, пакуль адправіць у школу і сад, мужу сняданак згатуе. Ён у яе мастак, быт, «дробны быцік», як ён кажа, яго зусім не турбуе, вось і бегае жонка, цягне двайную нагрузку ды пацвярджае такім чынам сваё права на эмансіпіраваную жанчыну.

Ляшчэвіч распрануўся і сеў за стол. Супрацоўнікі гаварылі пра суровую зіму, мароз, якіх даўнавата не ведала Беларусь, нехта пачуў па праграме «Час», што тэмпература цяпер на пятнаццаць градусаў ніжэй нормы.

— Лепш марозы, чым якая-небудзь слота,— уставіў ён сваіх пяць капеек. Але ахвоты дыскутаваць, спрачацца ў яго не было. На кульмане з учарашняга дня застаўся ватман з чатырма вочкамі кнопак на ражках — яго праект шкляных труб для Нясвіжскага біяхімічнага завода. Чэрціць, чэрціць, а толку мала, праўдзівей, яму самому толк бачыцца, не бачаць яго іншыя, той жа дырэктар завода... На мінулым тыдні яны з Саўковай ездзілі ў камандзіроўку ў Нясвіж. Дырэктар, сыценькі, тоўсценькі, з вузенькімі жывымі вочкамі, якія мянялі свой выраз кожнае імгненне — то станавіліся масляна-лагоднымі, добрымі, то злымі і калючымі, як не пратыкалі,— і слухаць не захацеў пра шкляныя трубы: «Добра служаць жалезныя —нашто ламаць?» Шкадаваў бы Ляшчэвіч аб гэтай сваёй камандзіроўцы, калі б не схадзілі яны з Саўковай у Радзівілаў замак. Гэтая Саўкова ведае больш, чым экскурсавод,— і пра архітэктуру, і пра іканапіс. Мабыць, наслухалася ад мужа. Столькі расказала і пра архітэктараў Бернардоні, Крыгера, Лутніцкага, і пра мастакоў Хескі, Бланка, Фульхса, і яшчэ пра многае іншае. У нейкае зачараванае імгненне ў Ляшчэвіча мільгнула думка: закахацца б у яе, гэтую рухавую, чарнавокую, надзіва шчырую і простую ў абыходжанні з людзьмі Танечку. Здаецца, яна ўжо даўно таксама неабыякавая да яго і ў камандзіроўку, мабыць, напрасілася не так сабе — з такім мужам ды з двума дзецьмі.

Піснула ручка ў дзвярах — зайшла Саўкова, у сівенькім заношаным паліто, чорных замшавых ботах. Мабыць, не вельмі цешыць яе мастак грашыма. Расчырванелая, уся як бы накрухмаленая, вочы яркія, порсткія. Яна павесіла паліто ў шафу; ідучы да стала, усмешкаю павіталася з ім, Ляшчэвічам. Нахілілася, пачала здымаць боты, каб надзець тапкі,— і скрыганне замка-маланкі неяк незразумела, таемна хвалявала, быццам перад гэтым была між імі змова, згода на інтымнае жыццё. Яна прычасалася без люстэрка, абцягнула паласатую з шырокімі рукавамі вязаную кофту, туга напяўшы яе на грудзях.

— Што, Сярожа, задуменны? Пакутуеш усё над сваімі геніяльнымі праектамі? — спытала ў Ляшчэвіча, калі села за свой стол.

— Ці толькі над праектамі! — кісла ўсміхнуўся ён.

— Палюбоўніцу завёў? — Саўкова іншы раз проста ўражвала сваёю нязмушанасцю і ў словах, і ва ўчынках.

— Можа б, ты адказала мне на гэтае пытанне?

Саўкова зразумела намёк, засмяялася неяк даверліва, зычліва, і ад гэтай яе раскаванасці ў Ляшчэвіча адразу пахарашэла на душы. «Жанчыны! Усміхайцеся мужчынам, гэта ўплывае на прадукцыйнасць працы»,— успомніў ён словы, якія вычытаў учора ў навагодняй насценнай газеце і палічыў проста бязглуздым жартам, а сёння зразумеў, што яны і праўда маюць сэнс, а яшчэ большы сэнс набудуць, калі словы «жанчыны» і «мужчыны» памяняць месцамі. Пра што толькі не падумаецца ў пераднавагоднія дні! Ляшчэвіч з алоўкам у руцэ падышоў да кульмана.

— Не, жарты жартамі, а я прарочу табе, Сярожа, вялікую будучыню,— сказала ўжо, здаецца, сур’ёзным голасам Саўкова і таксама падышла да свайго кульмана, але забыла аловак і вярнулася да стала. Калі шчыра, дык адна яна і прызнавала здольнасці Ляшчэвіча, узносіла яго да нябёс. І радасна, і крыўдна.

— Калі б ад цябе залежала мая кар’ера, то не сумняваюся,— усміхнуўся Ляшчэвіч (ён забыў ужо на непрыемнасць з талонам), радуючыся, што свята Новага года хоць жартамі, але ўваходзіць і ў яго душу.

— Усё роўна, ты ж цягнеш увесь наш аддзел... Ледзь што, якая замінка — ідуць да цябе. У душы ўсе прызнаюць, а на справе, афіцыйна — слова ніхто добрага не скажа.