Выбрать главу

Хаця, па праўдзе, сяброў у мяне тут пакуль няма. У пракуратуры я не толькі самы малады, але, бадай, усім магу дацца ў сыны па ўзросце. Хіба акрамя сакратаркі Зіначкі, трыццацітрохгадовай крэпенькай жанчыны невысокага росту з завялікімі для яе танкарысага твару пульхнымі грудзьмі.

…Тэлефон у кішэні ўздрыгвае, непрыемна, са штучнай бадзёрасцю гучыць у ранішняй застыласці электронная мелодыя. Трэба выбраць іншую…

Тамара! Хваляванне разганяе думкі: што здарылася? Ведаю я свае абавязкі, вось і выйшаў раней… Надзвычайнае нешта? Не, не можа быць… Нават калі здарылася забойства, Тамара наўрад ці пачне турбаваць за паўтары гадзіны да пачатку работы. Бо куды спяшацца? Калі недзе труп – дык пачакае, не збяжыць жа…

Трупаў у нас год ад году па-рознаму. Калі не лічыць «недапалкаў» – аматараў пакурыць п’янымі ў ложку, абгарэлыя косткі якіх пасля знаходзяць у тых жа ложках, – такіх да дзесяці за год бывае. А па крымінальнай частцы – тры-чатыры. П’яныя бойкі… І сын бацьку, і сужыцелька мужыка, і між сабой сябры-таварышы не падзеляць чаго, як перап’юць. Хаця, калі ўзняць справы хоць бы пяцігадовай даўніны, хапае і сапраўдных трагедый. Ды вось два гады таму жанчына мужа былога – касой і ў калодзеж. Не анекдот, так і было: якраз прынёс сусед наклёпаную касу – ёй і шмарганула па шыі мужыка, калі той прылёг у двары на лаўцы адпачыць пасля няўдалае спробы гвалтавання. Расследаваць, па сутнасці, не было чаго: калі з сухога калодзежа суседняга закінутага двара пачало смярдзець мярцвячынай, жанчына прызналася ва ўсім. Запісваў яе паказанні, старонка за старонкай паўставала перада мной яе жыццё, і не верылася, вось далібог, не верылася, каб дэградацыя чалавека (то я пра яе былога мужа кажу) магла праходзіць з такой неймавернай хуткасцю… З жанчынай, якую цікавіла цяпер толькі адно – будучыня дачкі, падоўгу размаўляла сама Тамара. Пасля выкурвала ў сваім кабінеце па дзве цыгарэты запар.

– Законы… Законы! – выгуквала яна, страсала попел так, што той ляцеў ва ўсе бакі ад попельнічкі. – Сістэматычна збіваў, двойчы гвалтаваў пасля разводу ўжо, зневажаў прылюдна, апошні раз збіў і амаль згвалтаваў на вачах дванаццацігадовай дачкі, – а нельга кваліфікаваць яе дзеянні станам афекту!

Так, нельга было. Тым больш пасля таго, як адхрыпеў і заціх мужык, яна разам з дачкой зацягнула труп на суседскі падворак і перакінула ў высахлы калодзеж. Яшчэ і галлём зверху прыкінула… Жанчына сядзела ў маім кабінеце, не жанчына, а бясполая істота з толькі адным жывым інстынктам – мацярынскім, бы і не чалавек ужо, і сам я злаваўся немаведама на што: жанчыне цяпер трэба доктар, сапраўднае лячэнне, а яе чакае зона гадоў на дзесяць…

«Дзясятку» яна і атрымала, але праз паўгода ўнеслі змяненні ў азначэнне таго самага стану афекту. Ніколі раней не бачыў такой радаснай Тамары:

– Я даўно казала, даўно: стан афекту можа быць выкліканы шэрагам падзей, разнесеных у часе, і доўжыцца не хвіліны, а дні і тыдні! Дайшло да іх, нарэшце! Гэтулькі жыццяў скалечылі!

Яна сама вярнула справу жанчыны-забойцы на паўторны разгляд у суд. І жанчыну вызвалілі на судовым працэсе.

Чамусьці менавіта той выпадак згадваецца мне між позіркам на высвечаны нумар і націсканнем кнопкі адказу.

– Слухаю, Тамара Сяргееўна.

– Васіль, ты ідзеш? – хрыпата пытае пракурор.

– Іду, Тамара Сяргееўна! – асцярожна адказваю я, імкнуся па тоне ўгадаць прычыну нечаканага званка. – Дзесяць хвілін – і буду.

– Ага, давай… Не пужайся, усё добра… Я тут сяджу, чакаю… заходзь да мяне адразу.

На душы лягчэе. Ну і цудоўна. А чакае… ну, няхай пачакае. Галоўнае – голас спагадлівы і дадала, што ўсё добра. Наша Тамара не з тых начальнікаў, якія хаваюць камяні за пазухай. Калі што не па ёй, яна не будзе выбіраць час і месца, трымаць нешта на ўсякі выпадак. Сказала не пужацца – значыць, учорашняе застолле не нясе для мяне непрыемнасцяў.

Калі мне паведамілі, што накіроўваюся следчым у пракуратуру, якую ўзначальвае жанчына сарака пяці гадоў, асаблівых эмоцый у мяне не ўзнікла. Бо жанчыны-пракуроры – даўно вядомая практыка. І, як сведчыла неафіцыйная статыстыка, ступень іх сцярвознасці ніколькі не пераўзыходзіла ступень ссучанасці мужчын-пракурораў. Карацей, як пашанцуе, то і з жанчынай-начальнікам можна жыць, а як не – дык не…