Выбрать главу

– Што – так? – папрасіла ўдакладніць Тамара.

– Бацька яе – у мінулым вядомы вядзьмак, лячыў людзей, а больш – скаціну. Дзяцей ад спалоху адшэптваў. Казалі, мог і зелле для жанчын прыгатаваць, каб мужыка ўтрымаць ля сябе, – нехаця распавёў Тумар. – Ды не глядзіце на мяне так! Вядзьмак – ён і ў нас вядзьмак, і ў Афрыцы. Сам у яго гадоў колькі таму з жыватом быў. Так хапіла было жывот – нічога рады даць не магло, і дактары рукамі развялі.

– І чым лячыў? Шаптаў можа? – пакпіў нехта. Тумар зірнуў на аператыўніка, які задаў пытанне, сарваў травінку і стаў, кусаючы яе, расказваць з лёгкай крыўдай, бы дзіця, якому не вераць:

– Як чалавек здаровы – ён з усяго смяяцца можа. А як прыцісне, калі стане не да смеху – пабяжыш, папаўзеш хоць да ведзьмака, хоць да чорта лысага. Кажу праўду: так скруціла было – ні халеры не дапамагала. На хуткай прыехалі, праверылі: апендыцыту – няма, тэмпературы – няма, панос не ганяе. Ляжы, цярпі, будзем назіраць незразумелую клінічную карціну! Ага, уляжыш… Мяне сваяк у машыну закінуў – і паехалі. Зміцер… ну, вядзьмак, бацька вось забітай, мне адвару нейкага даў папіць, бы з грушак. А пасля на печ загнаў. І кажа: злазь, галавой і рукамі наперад.

– Як? Спаўзаў?

– Ну так, спаўзаў. З печы – на палок, з палка – на падлогу, тады ўжо ўстаў…

– І як? – першы раз за ранне ўсміхнулася тонкімі сухімі вуснамі Тамара.

– Ды пайшоў, як нованароджаны, – бы нехаця закончыў Тумар і зірнуў на Тамару: – Не верыце?

– Чаму тут не верыць? – паціснула плечукамі Тамара. – Мая бабця свайго сына, майго дзядзьку так лячыла. Нескладанае вядзьмарства. Так лечаць, калі пуп надарвеш. Цяпер ужо і не ведаюць мужыкі, як тое і дзе – пуп надарваць. А раней… Так, давайце бліжэй да справы. Вядзьмак не ўцячэ ад нас. Адна-адзінюткая рана, ніякіх сінякоў, драпінаў. Голая. З’явілася ноччу. Значыць, шукаем мужчыну. І думаем, чым такім маглі ўдарыць. Давай, Тумар, кажы найперш пра яе каханка.

– Не скажу, – паморшчыўся Тумар, бы ад кіслага. – Не было ў яе каханка.

– Такая жанчына вабная – і каб кавалера не было?

– Ды яна мужык мужыком была! – адчайна выгукнуў Тумар прызнанне, быццам сам быў вінаваты. – На косы яе гляньце – пад хлопца падстрыжаная. Яна такой і хадзіла, як мужык апраналася. Калі яшчэ зусім дзеўкай была, дык адно з дзяўчатамі сябравала. Тады ўжо на яе паглядалі з насцярогай, маткі дзяўчатам казалі, каб з ёй не вадзіліся. Пару разоў было, хлопцы да яе спрабавалі падысці-пад’ехаць на гулянках, дык дарэмна. Не, я колькі за ёй назіраю…

– І з чаго ты за ёй назіраць стаў? – перапыніла Тамара.

– Ды… – не разгубіўся Тумар, – цікава ж. То чытаеш, кіны глядзіш, дык там усе гэтыя… ненармальнасці толькі ў гарадскіх бываюць. А тут вось – хутар забіты, лес вакол, і такое.

– Прырода не выбірае: горад ці вёска, – умяшаўся старшы аператыўнік. – Значыць, маем актыўную лесбіянку.

– І трэба шукаць сяброўку…

– І сябровак не было ў яе, – цяпер ужо са шкадаваннем паведаміў Тумар. – Цураліся яе. Хоць вось са мной яна была вельмі паважнай. Разумніца.

– Трэба капаць сярод знаёмых…

– Не спадзявайцеся на прастату, – Тамара ўзнялася, абтрэсла-абцягнула вузкую спадніцу. – Працуйце, ведаеце самі, што рабіць. Мне праз гадзіну ў турму, на разбіральніцтва скаргаў. Будзеце анатаміраваць – запрасіце загадчыцу гінекалагічнага аддзялення нашай бальніцы Раісу Ананьеўну. Бацьку распытайце асабліва.

– Ужо як атрымаецца, – уздыхнуў Тумар. – Слабы зусім. Амаль і не гаворыць. А як там з яго галавой і чаму верыць…

Мы заехалі ў сельвыканкам, я папрасіў сакратара, каб падрыхтавалі і да вечара перадалі звесткі пра ўсіх жыхароў вёскі. Папярэднія размовы з мясцовымі і з бацькам забітай будуць весці аператыўнікі. Мяне чакаў кабінет: папяровая работа, трэба было тэрмінова заканчваць заключэнне па тапельцу, а найперш прыбрацца. Хоць сонца і не было відаць, у паветры адчувальна пацяплела. Жах падумаць, якія водары там…

Але, на здзіўленне, пах у кабінеце быў амаль нармальным: выцягнула ўсё праз фортку. На навядзенне парадку патраціў хвілін дваццаць, нават бутэлькі паспеў вынесці, балазе, вялікі кантэйнер для смецця стаяў непадалёку ад будынка пракуратуры. Яшчэ з гадзіну выпраўляў-дадрукоўваў паперы. Невядома, як цяпер закруцяцца справы з забойствам…

Папярэдне дамовіўшыся з галоўурачом Віктарам Паўлавічам пра сустрэчу, бліжэй да абеду паехаў у раённую бальніцу.

Мне ўжо даводзілася сутыкацца з Віктарам Паўлавічам і па справе, і ў неафіцыйных абставінах. Імпанавала яго манера трымацца – інтэлігентна, сціпла, і адначасова з годнасцю. Хударлявы, заўсёды чыста выгалены і акуратна, каротка падстрыжаны, з вялікай залысінай. Нягледзячы на сваю адміністрацыйную занятасць, займаецца хірургічнай практыкай. Дарэчы, мясцовае насельніцтва яго паважае: кажуць – як галоўурач разрэжа, дык зажыве хутка. Паважаюць яго і ў бальніцы, прынамсі сярэдні і малодшы медперсанал. Адна з рыс галоўурача – заўсёды вітаецца з усімі ў аддзяленнях: аднойчы спытаўшы прозвішча і імя, адразу запамінае, і ў наступны раз звяртаецца па імені, а тое вельмі падабаецца і маладым медсёстрам, і распаўнелым санітаркам.