Выбрать главу

Прайшло дзьвесьце гадоў ад таго часу, калі княгіня Друцкая дастала з рызы сьвятога абраза чатыры камяні. На адным з млыноў – ніхто ня памятае, на якім – шчыраваў пабожны і ціхмяны млынар. Быў ён дужы, як усе млынары, бо лёс іхні – усё жыцьцё насіць цяжкія мяхі, і, нягледзячы на ціхі нораў, мог абараніць свой млын. І дачка ягоная была ціхмянай і набожнаю… Мне вельмі хацелася б сказаць, што яна была прыгожай, але гэта ня так. Яе вочы былі моцна скошаныя, і млынароўна, відаць жа, лічыла, што лёс яе прадвызначаны гэтак жа, як прадвызначаны ён у разьбітага збанка… Хаця што такое жаночая прыгажосьць? Вось камусьці з венцаносцаў імпануе тонкі стан, і няшчасныя дзяўчаткі ад маленства зацягваюцца ў гарсэты, аж ссоўваюцца рэбры, і ад немагчымасьці напоўніцу ўздыхнуць прыгажуні штогадзіну губляюць прытомнасьць... Тым самым пацьвярджаючы міф, якія яны слабенькія ды пяшчотныя, быццам крылцы матылька… А раней цягам стагоддзяў імітавалі цяжарнасьць – бо камусьці з вяльможных паноў спадабалася менавіта гэта… Палюбоўніца французскага караля на шпацыры змацоўвае прычоску карункавай падвязкай ад панчохі – каралю падабаецца, і вось дамы, адна перад адной, грувасьцяць сабе на галаву вежы з карункаў, дадаючы каркас з дроту, кветкі, птушкі… Прычоска – на паўгода, спаць на адмысловых падушках-зэдлічках, часалкі для галавы – ганяць “жыўнасьць”, ня шкодзячы прычоску.

Так што я ня ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданьні.

Млынар цяжка захварэў… Пасьля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара – па начах гуляць па беразе ракі. Перад сьмерцю ён сказаў дачцы, якая ўчарнела ад гора: “Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасьля майго пахаваньня да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: “Блаславі цябе маці Божая Менская”… Слухайся гэтага чалавека”.

І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзьверы піўніцы… Шляхціц, які бярэ шлюб з простай, ды яшчэ касавокай – гэта было нечуванае дзіва… Адны гаварылі, што жаніх – яго звалі Даніла – звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар – ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыкгнетаў – адны толькі раны… Таму й у манастыр хацеў… Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго… Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасьць можа спарадзіць каханьне – яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненьні двух вартых… Даніла амаль не глядзеў на жонку. Усе ночы праводзіў ён не на ложы, побач з ёю, а на беразе Сьвіслачы. І меч свой з сабою неадменна браў… І калі часам унізе па плыні гайдалі хвалі мёртвае цела бадзягі – каму была справа, хто расьсек нябогу галаву? Жыцьцё чалавечае не каштавала і шэлега… Але млынароўна не задумвалася над гэтым. Ейны сьвет быў – любы муж, які не глядзеў на яе. І яна шчыра верыла, што віной таму яе касыя вочы. Так і ўяўляю: ідуць пляцам з кірмашу, наперадзе змрочны плячысты мужчына з упартымі халоднымі вачыма, за ім, укруціўшыся ў плашч і нізка схіліўшы галаву, дробным крокам сьпяшаецца жанчына. Яна абедзьвума рукамі прыціскае да сябе цяжкі кошык, а нехта абавязкова крычыць ёй у сьпіну дражнілку… І аднойчы, у час першых веснавых дажджоў, калі Даніла вярнуўся пад раніцу на млын, яго чакала жахлівае відовішча: жонка нерухома ляжала пасярод пакоя, уся ў крыві, рука сьціскала вострае шыла… А вочы выкалатыя.

полную версию книги