Выбрать главу

— Цяпер не хапае некалькіх дэталяў, каб расповед можна было залічыць да каляднага,— зазначыў Улад.— Варта, каб прывід Ёсафа з’яўляўся ў куце аптэкі ў Траецкім і тоўк у прывіднай ступе зёлкі... Або каб ступа на верхняй паліцы пачынала звінець у дзень ягонай смерці.

— А на Залатой Горцы пачалі з’яўляцца дзве прывідныя постаці, у абдымку ды са свечкамі,— насмешна прамовіла Дарота.— Кіньце дурное. Гаварыць аб прывідах — наклікаць бяду. Я Ною веру, але — ніякай містыкі. Быў стары аптэкар, выжыў з розуму, блытаў казкі і ўласнае жыццё... Можа, з кантрабандыстамі калісь звязаўся, ці з якімі нігілістамі, вось і зарабіў шнары...

— Хто б мог чакаць ад такой вытанчанай паненкі гэткага рэалізму! — пасміхнуўся малады артыст.

Дарота кінула на яго раздражнёны позірк:

— Ёсць рэчы, якімі не гуляюцца, спадар. Каб не людская дурная цікаўнасць, можа, не было б сёння гэтай паводкі...

— Ага, панна Дарота робіць закіды на нейкую таямнічую гісторыю,— ажывіўся пан Беларэцкі.— Зрабіце ласку, юная гаспадыня, распавядзіце.

Дарота трохі засмуцілася.

— Ну, гэта не мая гісторыя... Гэта расказваў бацька. І тое — каб напалохаць мяне, малую, каб я не капрызіла і не затрымлівалася на панадворку дацямна.

— Раскажы, Даротка! — запатрабавала Зося ў сяброўкі, і тая, кінуўшы насцярожаны позірк на прыгажуна Улада, які падрыхтаваўся слухаць са сваёй заўсёднай упэўненай усмешкай, пачала...

Гісторыя пра Плябанскія Млыны

Я не ведаю, чаму людзі так любяць страшныя гісторыі. Вядома, усе прагнуць цудаў. Без веры ў цуда душа сляпая, нібы начны матыль. Але вельмі часта ў пошуку незвычайнага мы ляцім, як тыя матылі, не да зор, а на агеньчык свечкі альбо газоўкі... І з тым жа сумным вынікам, што і для сапраўднага матыля. І не трэба пасмейвацца нада мной — я ведаю, што вы і так лічыце мяне занадта... разважлівай. Што зробіш? Я расла ў сям’і настаўнікаў, дзе слова «маральнасць» гучала часцей, чым слова «свята». Усе ведаюць, што паводкі бываюць у нас з-за Плябанскай плаціны. Пабудавалі яе дзеля млыноў... Адзін належыць дамініканскаму касцёлу, другі — архіерэйскаму дому. І закінутыя даўно млыны, але горад так і не змог прыбраць плаціну, якая ператварае раку ў гніючую сажалку, бо і касцёл, і царква запрасілі за сваю маёмасць гэтулькі, што гараджане паўвека збіралі грошы на выкуп. Але ёсць і іншае вытлумачэнне. Бо калісьці менавіта паўз гэтае месца плыў па рацэ абраз Маці Боскай Менскай... Супраць цячэння, са спаленага Кіева, кінуты ў ваду татарынам. Месцічы знайшлі абраз у Траецкім, бо раніцай над берагам з’явілася дзіўнае святло. Дасюль святыня перахоўваецца ў мінскіх храмах, і апякуецца нашым горадам, і, дасць Бог, будзе апекавацца вечна... Тым больш гавораць, што маляваны абраз рукою самога апостала Лукі. Калісьці княгіня Друцкая, вельмі пабожная, замовіла для абраза дзівосны аклад — са срэбра, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Можна, вядома, разважыць — навошта тыя каштоўныя аклады, калі для верніка галоўнае не бляск камянёў, а лік святога, і Багародзіца не ў кароне і срэбных шатах, а басанож па зямлі хадзіла. Але любая ахвяра, дадзеная з верай і любоўю, не будзе адвергнутая. Нават бедны блазан, які, не маючы што прынесці ў дарунак Прасвятой Дзеве, пачаў паказваць перад ёй сваё грэшнае мастацтва і заслужыў ад яе апладысменты — драўляная скульптура зварухнулася. Так, людзі заўсёды спадзяюцца на цуд. Спадзяваліся і нашыя продкі, калі да гораду набліжалася войска татарскага цемніка Менглі-Гірэя. Але нашыя продкі ведалі і тое, што трэба бараніць сваю радзіму да апошняга. Напярэдадні па горадзе прайшлася пошасць, вояў не хапала, і надзей на выратаванне было менш, чым вады ў прысаку. Жанчыны, і мяшчанкі, і шляхцянкі, шчыльна падвязвалі валасы белымі хусткамі і дзялілі месцы на абарончых валах, дзеці, нават самыя малыя, глядзелі на іх сухімі вачыма і сцягвалі каменні ў кучы — не для гульні, а для абароны. Дымы далёкіх вогнішчаў, быццам хвасты чорных лісіц, хісталіся ля лесу — там спыніліся ворагі. Тады ноччу ў царкве княгіня Друцкая — ці то паводле снабачання, ці так спрарокаваў юрад на паперці, а ў такое верылі неабвержна,— з малітваю дастала з акладу святога абраза чатыры каштоўныя камяні — смарагд, хрызаліт, бірузу і чырвоны карбункул, паклала кожны камень у срэбны куфэрак і паслала давераных людзей, каб тыя закапалі камяні ў чатырох канцах горада. Пакуль тыя камяні будуць у зямлі, ніякі вораг горад не панішчыць. Самы каштоўны і прыгожы, чырвоны, як золак, камень — карбункул — закапалі ля Плябанскіх Млыноў... І горад на той раз ацалеў — прыйшла дапамога... Праўда, зацішак доўжыўся нядоўга. Захоплівалі наш горад рускія, шведы, палякі, немцы... Відаць, прыбралі хцівыя рукі закапаныя святыя камяні. Але рубін каля млыноў заставаўся... Таму і горад не знікаў, адраджаўся зноў і зноў. Не ведаю, якім чынам, але пра скарб даведаліся. І што б вы думалі? Знайшліся людзі, што пачалі яго шукаць! Некаторыя з-за верніцкага імпэту. Бо невядома было, ля якога млына святая рэліквія: ля таго, што належаў касцёлу, або ля таго, што належаў праваслаўнай царкве. А які гэта быў бы доказ праўдзівасці канфесіі! Абодва млыны дружна малолі муку, адна вада круціла іх колы, і ніхто не дзяліў хлеб на лепшы і горшы ад таго, на якіх жорнах было змолата зерне... Але людзі, пакуль іх не змеле на сваіх жорнах смерць, дзеляцца і дзеляць, і заўсёды знаходзяць падставу для нянавісці. Ну а іншыя, зняверцы, і каталікі, і праваслаўныя, смеючыся над забабонамі, проста хацелі пабагацець. Капалі таемна, крадма, шнырылі ля вадзяных колаў, заглядвалі ў скляпенні, шукаючы срэбнага куфэрку з карбункулам... Але заўсёды былі і тыя, хто даражыў запаветамі продкаў і гатовы быў бараніць святое любой цаной. Таму неаднойчы нараніцу воды Свіслачы прыбівалі да берага мёртвае цела з рассечанай мечам галавой. І пачалі гаварыць, што млыны — месца небяспечнае, што там па начах жыве нячыстая сіла, і вадзянікі круцяць іх колы, не зважаючы на святыя малітвы. Але пра якія млыны так не гавораць? Прайшло дзвесце гадоў ад таго часу, калі княгіня Друцкая дастала з рызы святога абраза чатыры камяні. На адным з млыноў — ніхто не памятае, на якім — шчыраваў пабожны і ціхмяны млынар. Быў ён дужы, як усе млынары, бо лёс іхні — усё жыццё насіць цяжкія мяхі, і, нягледзячы на ціхі нораў, мог абараніць свой млын. І дачка ягоная была ціхмянай і пабожнаю... Мне вельмі хацелася б сказаць, што яна была прыгожай, але гэта не так. Яе вочы былі моцна скошаныя, і млынароўна, відаць жа, лічыла, што лёс яе прадвызначаны гэтак жа, як прадвызначаны ён у разбітага збанка... Хаця што такое жаночая прыгажосць? Вось камусьці з венцаносцаў імпануе тонкі стан, і няшчасныя дзяўчаткі ад маленства зацягваюцца ў гарсэты, аж ссоўваюцца рэбры, і ад немагчымасці напоўніцу ўздыхнуць прыгажуні штогадзіну трацяць прытомнасць... Тым самым пацверджваючы міф, якія яны слабенькія ды пяшчотныя, быццам крылцы матылька... А раней цягам стагоддзяў імітавалі цяжарнасць — бо камусьці з вяльможных паноў спадабалася менавіта гэта... Палюбоўніца французскага караля на шпацыры змацоўвае прычоску карункавай падвязкай ад панчохі — каралю падабаецца, і вось дамы, адна перад адной, грувасцяць сабе на галаву вежы з карункаў, дадаючы каркас з дроту, кветкі, птушкі... Прычоска — на паўгода, спаць на адмысловых падушках-зэдлічках, часалкі для галавы — ганяць «жыўнасць», не шкодзячы прычоску.

Так што я не ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданні.

Млынар цяжка захварэў... Пасля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара — па начах гуляць па беразе ракі. Перад смерцю ён сказаў дачцэ, якая ўчарнела ад гора: «Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасля майго пахавання да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: «Блаславі цябе маці Божая Менская»... Слухайся гэтага чалавека».

І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзверы піўніцы... Шляхціц, які бярэ шлюб з простай ды яшчэ касавокай — гэта было нечуванае дзіва... Адны гаварылі, што жаніх — яго звалі Даніла — звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар — ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыгнетаў — адны толькі раны... Таму і ў манастыр прасіўся... Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго... Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасць можа спарадзіць каханне — яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненне двух вартых...