Выбрать главу

— Гэта ваш вялікі шанец, малады чалавек! — даверліва сакатаў вусаты пан.— Згаджайцеся! Запэўніваю, што ніякага злога замыслу тут няма, і ні ў якую ганебную справу вас не ўцягваюць. Ну, вы ж прыроджаны артыст!

І сунуў мне яшчэ дзесяць рублёў.

Я вярнуўся ў свой катух на Францысканскай. Мой таварыш валяўся на ложку п’яны і ціхі, як фаршыраваная рыбіна. Я хадзіў з кута ў кут, быццам навязаны баранчык, і мроіў, нібыта ў гарачцы. То закулісны пан бачыўся мне падступным Мефістофелем, то высакародным Гарунам-аль-Рашыдам... Нарэшце я схапіўся за томік Шэкспіра, як касцельная дэвотка за ружанцы, і паспрабаваў уявіць сябе Гамлетам... І — уяўленне зацягнулася да апоўначы... Цяпер мне проста невыносна карцела паказаць камусь дасведчанаму ўсе гэтыя аднойдзеныя позы і інтанацыі, усе жывапісныя драпіроўкі плашча, замест якога я выкарыстаў коўдру... У дзверы пастукалі. Не стану хаваць — я скалануўся ад містычнага жаху. Арцёмка замыкаў, закруціўся на ложку... Я не стаў яго растурхваць,

тым больш лягчэй было прымусіць размаўляць качан капусты, і, набраўшыся смеласці ад Гамлета, расчыніў дзверы. Так пачаліся мае начныя прыгоды.

Да тэатру мяне давезлі ў закрытым экіпажы, пустым, як галава субрэткі, але з абабітымі аксамітам сядзеннямі. Я крадма вышукваў дзе-небудзь выяву герба — вядома, каралеўскага або, на горшы выпадак, княскага, але акрым вытанчаных раслінных арнаментаў з мосенжу не знайшоў нічога адметнага. У такіх карэтах герояў звычайна выкрадаюць... Але мяне высадзілі на прыступках тэатра, і зараз жа падхапіў пад локаць вусаты знаёмец.

— Мы вельмі вам удзячныя... Хутчэй, хутчэй, рыхтуйцеся...

Мы амаль подбегам увайшлі ў будынак, там да нас кінулася дама ў сукенцы з чорнага шоўку, з валасамі, таксама падобнымі да чорнага шоўку. У цьмяным святле газавай лямпы, якая асвятляла калідор, я разгледзеў тонкія арыстакратычныя рысы... І зноў думкі пра таемнае жыццё князёў і каралёў палезлі ў галаву. Вялізныя цёмныя вочы жанчыны блішчэлі незразумелай трывогай, ледзь не адчаем. Яна хутка загаварыла высокім голасам, які, здаецца, перарываўся ад гора. Вусаты адказаў ёй... Ну вось хоць гэта высветлілася — італьянцы! Я разбіраў асобныя словы, якія заселі ў памяці з оперных арый: «далорэ» — здаецца, боль... «падрэ» — бацька, альбо, можа, святар, «рагацца» — хлопчык... Гэта што, пра мяне? Ну так, пра мяне... Дама змоўкла і пачала з недаверам вывучаць маё аблічча, можна было б сказаць, бесцырымонна, каб не тая трывога і горыч, якія ахутвалі незнаёмку, як водар куста язміну. Італьянка нешта спытала ў вусатага, я зразумеў, сумняецца, ці спраўлюся. Але вусаты энергічна замахаў рукамі, паляскаў мяне па плячы. «Сі, сі...» Залапатаў нешта, напэўна кшталту «Самае тое, не бойся, хлопец-ураган»...

Дама, перырывіста ўздыхнуўшы, сышла, кінуўшы мне на развітанне дзіўны позірк, адчайна-ўмольны, і вусаты пацягнуў мяне далей.

— Толькі, вельмі вас прашу, нічым сябе не стрымлівайце. Дайце волю свайму тэмпераменту, грайце ў поўную сілу, імправізуйце! — мармытаў мой спадарожнік мне на вуха, і я пачынаў патроху шалець ад усяго гэтага.

За кулісамі мяне чакала адчыненая грымёрка першага героя і касцюм дацкага прынца.

Электрычнасць у тэатры не была ўключаная, і сцэна асвятлялася, як даўней, свечкамі. Ніколі не забуду гэты спектакль. Наўрад мне ўдасца перажыць калі-небудзь такое неверагоднае хваляванне і натхненне, падагрэтае небяспечнай таямніцай. Я вылецеў у прывіднае святло сцэны, адчуваючы сябе Кінам, Сальвіні і Качалавым у адной асобе. «Быць ці не быць — пытанне вось у чым!» Вядома, нават у апантанасці роляй я крайком свядомасці прагнуў агледзець публіку. Яе сапраўды было няшмат. Сем чалавек сядзелі ў першым радзе партэра. Так, відовішча ледзь мяне не збянтэжыла. Вялізная чорная прорва залы, незвычайная цішыня, водбліскі агню на тварах гледачоў... Вось мой вусаты імпрэсарыё, вось — знаёмая чароўная дама. Нейкая пажылая кабета ў капелюшы ўвесь час падносіла да вачэй хустачку, як я пасля вырашыў, расчуленая маёй ігрой. Увогуле, цяжка ўявіць больш удзячную публіку. Усе сачылі за кожным маім рухам, вельмі сур’ёзна і засяроджана, нават не перашэптваліся. Але мая ўвага адцягвалася на старога ў сурдуце, які сядзеў пасярод кампаніі... Я заўважыў, што на яго скіроўваліся час ад часу позіркі ўсіх, запытальна-ўстрывожаныя. Выглядаў старэча, як праўдзівы Гарпагон, фанабэрысты, аскетычны скупеча. Прыгажуня італьянка сядзела побач з ім і час ад часу пяшчотна гладзіла па руцэ, нібыта прасіла быць больш паблажлівым. Ага, значыць, вось ён і ёсць, мой галоўны крытык!

Я паддаў тэмпераменту. Мой Гамлет насіўся па сцэне, як прывід у «чароўным ліхтары». Усе прыдуманыя перад люстэркам позы, узмахі і ўзвівы — фортэ, фортэ, фартысіма! Стары пень сядзеў у крэсле, нібыта праглынуўшы пожаг, яго вочы глядзелі проста наперад, не міргаючы, нібыта ён паказваў, што не хоча мяне бачыць. Між тым старую пані так праняло, што яна аж заплакала, панурыўшы галаву. Яе рыданні дадалі мне сілаў. Я ўскінуў рукі і загаласіў:

«Я яе любіў, як сорак тысяч браццяў!»

І мае намаганні займелі нарэшце плён. У вачах старога палыхнуў сапраўдны агонь. Маўклівы дасюль крытык затросся, затузаўся, ускочыў з месца і пачаў нешта выкрыкваць па-італьянску, жэстыкулюючы рукамі не горш за майго Гамлета. Астатнія таксама паўскоквалі, неяк дзіўна зашумелі...

Зараз жа на сцэну ўскочыў вусаты, яго твар свяціўся ад радасці. Ён схапіў мяне за плечы і літаральна выштурхнуў за кулісы.

— Грацыё, грацыё...— прыгаворваў ён з непадробным пачуццём.— Вы — грандыёзо! Вялікі артыст! Мы вам так удзячныя! Ваша ігра — сапраўдны цуд. Вы ўвойдзеце ў гісторыю тэатра!

Я пачуваўся агаломшаным і шчаслівым. Вусаты праводзіў мяне ў грымёрку, дапамог пераапрануцца — ён, гэты важны, выкшталцоны пан, падаваў мне мой зношаны пінжак, як прыслуга! Мяне ўсадзілі ў той самы экіпаж і зноў папрасілі пакуль нікому не расказваць пра начны спектакль, маўляў, іначай я сапсую свой лёс, які абяцае быць бліскучым.

Ужо пад’язджаючы да дому, я агледзеўся, што ў маёй кішэні — капэрта з двума сотнямі рублёў.

На наступны дзень маё захапленне ўласным поспехам прыгасла, і ў галаву палезла зусім іншае. Падрабязнасці прыгоды здаваліся ўсё больш і больш дзіўнымі. Хто была тая маладая італьянка, чаму ўстрывожаная і заплаканая? Можа, старэча — ейны нялюбы муж, і яна спадзявалася расчуліць яго ўзнёслымі словамі Шэкспіра? А можа быць, я патрэбны, каб выканаць ролю чыйгосьці двайніка? Наследніка знакамітага роду, дафіна, інфанта ці як там яшчэ? Я быў пэўны, што прыгода будзе мець працяг. Можа, запросяць на першыя ролі ў які-небудзь знакаміты тэатр? Таемна выкрадуць? Або... Не стану хаваць, уяўленне малявала салодкія рамантычныя сітуацыі, у якіх адну з галоўных роляў выконвала тая, што назвала мяне смешным словам «рагацца». Я захоўваў таямніцу, але пачаў вучыць італьянскі, а заадно заняўся французскай барацьбой і бегаў у цір у Губернатарскім садзе, так што кожная бляшаная качка ў тым ціры мае на сабе выбоіны ад маіх драбінак.

Прайшло тры месяцы. Я па-ранейшаму распавядаў дацкаму прынцу пра з’яўленне прывіда старога караля і сустракаў у гурце пейзан пераможнага герцага. Аднойчы, калі я прыйшоў у тэатр, рудзенькая субрэтка, мадэмуазэль Ніні, альбо проста Нінка, папярэдзіла: «Рэжысёр ізноў у жалобе... Пастарайся не трапляцца яму на вочы з вясёлай пыскай». Сапраўды, на лацкане пінжака пана Рэўзара ў чарговы раз красаваўся чорны бант. Трэба патлумачыць гэтую традыцыю нашай трупы. Пан Рэўзар з’яўляўся ў жалобе са страшнаватай рэгулярнасцю. Напачатку я думаў, што ў пана часта паміраюць родзічы. Але старажылы патлумачылі, што калі памірае якісь вялікі артыст, пан Рэўзар лічыць сваім абавязкам спраўджваць па ім асабістую жалобу. І гора таму, хто не адгукнецца спачуваннем.

Таму цяпер, пачуўшы пра жалобную стужку на рукаве Рэўзара, я пабег да Панаса Панасавіча, памочніка рэжысёра, які кінуў выгодную кар’еру адваката дзеля вар’яцкай службы ў тэатры, быў чалавек добры і незвычайнай эрудыцыі, і стаў яго распытваць, хто з тытанаў на гэты раз атрымаў ангажэмент на нябёсныя ролі... Пачуўшы прозвішча — італьянскі трагік М* — збянтэжыўся... Панас Панасавіч, адданы Мельпамене аж да прыгоннага стану, зразумеў мае ваганні і ўскіпеў, як зялёная гарбата. Як я магу не ведаць геніяльнага артыста! Я пакорліва папрасіў прасвятлення...