Выбрать главу

Малання б’е качаргою. Несцерка аббягае вакол стала. Малання б’е яшчэ раз, трапляе па стале, разбівае посуд.

Несцерка. Ты што нарабіла?

Малання, змарыўшыся, кідае качаргу, садзіцца на крэсла.

Малання. О Божа! Прынеслі цябе чэрці на маю галаву.

Несцерка. Ты б лепш дзякуй сказала, а яна — з качаргою.

Малання. За што табе, іраду, дзякуй?

Несцерка. А ты падумай сваёй бабскай галавою — не было б мяне, дык застаў бы вас Іван уціхую? А расказаў бы я яму пра твае хітрыкі — пра скасаванне шлюбу, думаеш, ён бы ў бочку з свайго ружжа стрэліў ці ў цябе — га?

Малання(спалохана). Што ты кажаш!

Несцерка. Баба — волас доўгі, розум кароткі. Івану што там, на вайне, загінуць, што тут — адна рэдзька. Вось і думай.

Малання. А ты спрытнюга. Бач, як усё перавярнуў. Мне б гэткага памочніка. Яно і сапраўды — баба ёсць баба.

Несцерка. А што за дапамога табе патрэбна?

Малання. Не простая. З розумам трэба.

Несцерка. Гэткага дабра ў мяне хапае.

Малання. Наперад не выхваляйся. Не ведаю, казаць табе або не. (Закрывае падушкаю пабітае акно.) А, цяпер усё роўна. Трэба мне Пшэбыеўскаму вяселле сапсаваць. Хоча ён Кацьку, пісараву дачку, браць.

Несцерка. А навошта табе гэта?

Малання. Даход маю з яго.

Несцерка. Калі пачала — кажы да канца. Паперу аб скасаванні шлюбу навошта брала?

Малання. Добра. Абяцаў мяне Пшэбыеўскі ў Варшаву завезці. Сам падумай, што мне тут. Вернецца Іван — кіне мяне. Мы ж з ім нават у касцёле не вянчаліся, толькі ва ўправе і запісаны. Лепш я сама пра сябе патурбуюся. А Пшэбыеўскага, калі ў рукі ўзяць, то і грошы будуць.

Несцерка. Бачу, ты свайго не мінеш.

Малання. А ажэніцца — памінай як звалі.

Несцерка. Памог бы я табе — мне гэта што вус пакруціць. Але за проста так і сабака не пачэшацца, а мужык задарам і да чорта не пашле.

Малання. Не турбуйся — разлічымся.

Несцерка. Гэта чым жа?

Малання. Пры бабе заўсёды ёсць чым заплаціць. (Падсаджваецца да Несцеркі і падштурхоўвае яго пад бок.)

Несцерка. Бач ты! Яно, канешне, баба ты гладкая. Але ў мяне з гэткае манеты рэшты няма. Мне чырвонцамі трэба.

Малання. Будуць і чырвонцы, але з мяне наперад не выкруціш. Вучаная. Колькі хочаш?

Несцерка. Тысячу.

Малання. Ты што! Тысячу!

Несцерка. А за кукіш — не купіш. Калі я зраблю ўсё як след — у цябе гэтых тысяч будзе што гразі пад свіннёю. Пішы распіску.

Малання. Добра, прайдзісвет. Але наперад — ні грошыка. (Піша распіску.)

Несцерка. Не турбуйся. Толькі зачэпка патрэбна. Парай пану мяне ў лакеі ўзяць. Скажы, маўляў, каб не я — вам бы абаім — крышка. А там справа пойдзе. (Пяе.)

Калі я за справу ўзяўся, То ўсё будзе гладка. Не турбуйся, маладзіца, Пагуляеш сладка.

Малання.

Маё жыта не арана, Але поле родзіць. Нікаго я не заву, Самі ўсе прыходзяць.

Несцерка.

У цябе ёсць тры капейкі, У мяне тры грошы. Пацалуй мяне, галубка, Калі я харошы.

Малання.

Выйду я на вуліцу, Туды-сюды гляну: Адзін мне нясе бліны, А другі смятану.

Несцерка.

Ой, скрыпяць калёсы, Няма на іх мазі. Я прыбіўся да цябе Як свіння да гразі.

Малання.

Як была я маленька, Калыхала маменька А як стала падрастаць, Сталі хлопцы калыхаць.

Несцерка.

Хай цябе, мая галубка, Чэрці калыхаюць. Я ж на гэта не прыгодны, Мяне людзі знаюць. Лепей я павесялюся. Чым я бабай задаўлюся.

Карціна пятая

Дом Бургамістра. Стол, крэслы, канапа. Брындзюкоўна адчыняе дзверы, уваходзіць Бургамістр.

Брындзюкоўна. Праходзьце, праходзьце, змучылася чакаючы.

Бургамістр(з асцярогаю). Клопат — адзін клопат. Вось і затрымаўся. Горадам кіраваць…

Брындзюкоўна(лісліва). Канешне, канешне — за ўсім даглядзі…

Бургамістр. Вось і затрымаўся — клопат. На ўсё час патрэбен.

Брындзюкоўна. Вашымі клопатамі горад жыве — сябе не шкадуеце. Адпачніце, павячэрайце.

Бургамістр. Яно і вядома — улада. Сказана ў пісанні: ярмо ўлады.

Брындзюкоўна. Павячэрайце, адпачніце. Стамілася, чакаючы — усё хочаш як лепш, усё як дагадзіць. (Дапамагае распрануцца, збірае на стол.)

Бургамістр. Што гэта сёння, як на свята?

Брындзюкоўна. А для законнае жонкі муж цераз парог — і ў хаце свята. Пасля працы — і паесці і адпачыць.

Бургамістр. Яно, канешне, так…

Брындзюкоўна. Пакаштуйце віна — сама купляла.

Бургамістр. У Яцака?

Брындзюкоўна. Адкуль у яго добрае віно? Упраўляючы пана Пшэбыеўскага ўступіў, а яшчэ — ах, забылася, зусім забылася. (Выбягае.)

Бургамістр. Пшэбыеўскага? Дык няўжо? (Праводзіць рукою па горле.) Гэты што хочаш зробіць. Глядзі, галава, глядзі!

Прыбягае Брындзюкоўна, на талерцы нясе кансерву.

Брындзюкоўна. «Пашлет» — з самой Францыі. I віно адтуль. Піце, піце — усё як у людзей, яно ж вядома — бургамістр, не па-мужыцку ж…

Бургамістр(п’е і закусвае, Брындзюкоўна бегае вакол, падсоўвае талеркі, падлівае віно). Што гэта вы клапоціцеся сёння?

Брындзюкоўна. Хто ж паклапоціцца, як не законная жонка. Селядца вазьміце, «пашлет» паспрабуйце.

Бургамістр. Што гэта вы… турбуецеся… як на свята…

Брындзюкоўна. Хто ж патурбуецца, як не законная… наліце яшчэ.

Бургамістр(п’е). Дзякуй, дзякуй, толькі што гэта вы так частуеце…

Брындзюкоўна. Хто ж пачастуе, як не жонка законная. Ноч не спіш, думаеш, як дагадзіць.

Бургамістр. Дзякуй, дзякуй… Толькі што гэта вы…

Брындзюкоўна. Наліце, наліце хранцузскага. Калі ж і адпачыць, як ні пасля працы, дзе ж як не дома — а жонка, законная, усё падрыхтуе. (Выбягае.)

Бургамістр. Няўжо праўда? Падрыхтуе? З Пшэбыеўскім. (Праводзіць рукой па горле.)

Прыбягае Брындзюкоўна, нясе падушку, кладзе на канапу.

Моцнае віно…

Брындзюкоўна. Заморскае, адпачніце, дзе ж адпачнуць…

Бургамістр лажыцца на канапу і пачынае храпці. Брындзюкоўна ходзіць вакол яго, прыносіць нож, вострыць яго, плюе тры разы, прыстаўляе да шыі. Бургамістр хапае яе за руку, кідае на падлогу і пачынае біць плёткай.