— О, пра гісторыю роду. Ён так паспяхова займаўся гэтым. Забаўная, мілая міс Лінгард, — ён ужо не мог без яе. Яна шукала і знаходзіла яму матэрыялы ў Брытанскім музеі — усё, што патрэбна. Яна, ведаеце, працавала з лордам Малкастарам над яго кнігай. І была тактоўная — я маю на ўвазе, яна абмінала лішняе. Урэшце, ёсць такія продкі, якіх не хочацца чапаць. Гервазы быў вельмі чуллівы. Яна дапамагала і мне. Здабыла мне процьму інфармацыі пра Хэтшыпсат[8]. Я — пераўвасабленне Хэтшыпсат, ведаеце. — Ледзі Шэвені-Гарэ зрабіла гэтую заяву спакойным голасам. — А да таго, — гаварыла яна далей, — я была жрыцай у Атлантыдзе.
Маёр Рыдл пакруціўся ў крэсле.
— Э-э, вельмі цікава, — сказаў ён. — Добра, лэдзі Шэвені-Гарэ, я думаю, гэта ўсё. Вы былі надзвычай зычлівыя.
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўстала, разгладзіла свае шаты.
— Дабранач, — сказала яна. Позірк яе скіраваўся ў нейкую кропку за маёрам Рыдлам.
— Дабранач, любы Гервазы. Я хацела б, каб ты прыйшоў, але, ведаю, ты мусіш заставацца тут. — Яна дадала, растлумачваючы яму: — Ты мусіш заставацца там, дзе ты адышоў ад нас, самае меншае дваццаць чатыры гадзіны. Павінен мінуць пэўны час, перш чым ты зможаш свабодна рухацца і камунікавацца.
Яна выплыла з пакоя.
Маёр Рыдл выцер лоб.
— Ух! — мармытнуў ён. — Вар'ятка куды большая, чым я думаў. Яна сапраўды верыць ва ўсё гэтае глупства?
Пуаро з сумненнем, задумліва паківаў галавой.
— Магчыма, яна так ратуецца, — сказаў ён. — Ёй трэба стварыць свет ілюзій, каб уцячы ад суровай рэальнасці, ад мужавай смерці.
— Мне здаецца, — сказаў маёр Рыдл, — фармальна яе можна палічыць вар'яткай. Нагаварыць кучу ўсялякай лухты — і ніводнага разумнага слова!
— Не, не, дружа мой. Самае цікавае, як Х'юга Трэнт мімаходзь заўважыў, тое, што з усяго гэтага пустаслоўя прабліскваюць разумныя думкі. Яна паказала гэта сваёй заўвагай пра тактоўнасць міс Лінгард, што тая не выпінала непажаданых продкаў. Паверце мне, лэдзі Шэвені-Гарэ ніякая не дурная.
Ён устаў і пахадзіў туды-сюды.
— У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусім не падабаецца.
Рыдл з цікаўнасцю паглядзеў на яго.
— Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?
— Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псіхалагічна. Кім лічыў сябе Шэвені-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хіба такі чалавек знішчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знішчыць каго-небудзь іншага, раздушыць, як мурашку, нікчэмную чалавечую істоту, што адважылася раздражняць яго… Такі ўчынак ён мог бы лічыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнішчэнне? Знішчэнне такім эгаістам самога сябе?
— Усё гэта вельмі добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кішэні. Акно зачынена на шпінгалет. Я чытаў пра такія рэчы ў кнігах, але я ніколі не сустракаўся з імі ў рэальным жыцці. Што-небудзь яшчэ?..
— Так, ёсць што-нішто яшчэ. — Пуаро сеў на крэсла. — Я Шэвені-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забіць сябе, бо, дапусцім, я адкрыў у гісторыі нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh bіеn[9], што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова «ДАРУЙЦЕ». Так, гэта зусім магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пісталет, які тут хаваю, зараджаю, калі ён не зараджаны, і потым — страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом — так, і трохі нахіляюся направа — так, і тады — тады прыкладваю пісталет да скроні і страляю!
Пуаро ўскочыў з крэсла і, апісаўшы круг, усклікнуў:
— Я пытаюся ў вас, ці гэта мае сэнс? Навошта паварочваць крэсла кругом? Калі б, напрыклад, тут на сцяне вісела карціна, тады, так, гэта можна было б вытлумачыць. Нейкі партрэт, апошняя рэч на свеце, якую хацелася б убачыць перад смерцю; але фіранка — аh nоn[10], гэта не мае сэнсу.
— Ён мог захацець глянуць з акна. Апошні позірк на маёнтак.
— Мой дарагі дружа, вы самі не верыце ў тое, што гаворыце. Вы самі ведаеце: гэта нонсэнс. У восем хвілін дзевятай было цёмна, і ў любым выпадку фіранкі апушчаны. Не, тут павінна быць нейкае іншае тлумачэнне…
— Я тут бачу толькі адно. Гервазы Шэвені-Гарэ быў вар'ят.
Пуаро адмоўна паківаў галавою: не, гэта яго не задавольвала. Маёр Рыдл устаў.
— Хадземце, — сказаў ён. — Пойдзем і пагутарым з усімі астатнімі. Можа, што-небудзь высветлім такім шляхам.
6
Пасля цяжкай гутаркі з лэдзі Шэвені-Гарэ маёр Рыдл адчуў значную палёгку, размаўляючы з такім спрактыкаваным юрыстам, як Фобз.