— Каб упарадкаваць пазіцыю сям'і. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.
— Хоць ён і не любіў маладога чалавека ці не давяраў яму?
Палкоўнік Бэры фыркнуў.
— Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былі каралеўскага роду! Ён лічыў за належнае, што Рут і Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме імя Шэвені-Гарэ. А што Х'юга і Рут думалі самі, не мела значэння.
— А ці мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?
Палкоўнік Бэры хіхікнуў.
— Яна! Яна як фурыя!
— Ці ведалі вы, што незадоўга да сваёй смерці сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога міс Шэвені-Гарэ стала б яго спадчынніцай толькі пры ўмове, што яна выйдзе за містэра Трэнта?
Палкоўнік Бэры свіснуў.
— Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам…
Вымавіўшы гэта, ён прыкусіў язык, але было позна. Пуаро ўхапіўся за гэтае прызнанне.
— Паміж мадэмуазель Рут і маладым месье Бараўзам нешта было?
— Напэўна, нічога, зусім нічога.
Маёр Рыдл кашлянуў.
— Я лічу, палкоўнік Бэры, што вы павінны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносіны да стану сэра Гервазы.
— Думаю, што магло, — сказаў палкоўнік Бэры, вагаючыся. — Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкі хлопец, — прынамсі, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавіта ў апошні час здавалася, што яго з Рут вадой не разліць, і Гервазы гэта не падабалася — зусім не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён і ўхапіўся за гэты план. Рут — не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсім дзеля кахання. Яна любіць раскошнае жыццё і грошы.
— Ці прыхільна вы самі ставіцеся да містэра Бараўза?
Палкоўнік выказаў думку, што Годфры Бараўз трошкі хамаваты, гэтая заява канчаткова збянтэжыла Пуаро, а маёра Рыдла прымусіла ўсміхнуцца ў вусы.
Было яшчэ некалькі пытанняў і адказаў, а тады палкоўнік Бэры пайшоў.
Рыдл зірнуў на Пуаро, які сядзеў, паглыблены ў думкі.
— Якую выснову робіце вы з усяго гэтага, містэр Пуаро?
Маленькі чалавек узняў рукі.
— Здаецца, я ўяўляю, як усё было. Гэта абдуманы план.
— Гм, складана, — сказаў Рыдл.
— Вядома, складана. Але адна выпадковая фраза здаецца мне ўсё больш і больш істотнай.
— Што такое?
— Тыя забаўныя словы, якія сказаў Х'юга Трэнт: «Забойствы бываюць заўсёды…»
Рыдл рэзка сказаў:
— Бачу, вы ўвесь час хіліце ў гэты бок.
— А вы не згодны, дружа мой, што чым больш мы даведваемся, тым менш і менш знаходзім матываў для самагубства? А для забойства збіраецца цэлая калекцыя матываў!
— І ўсё ж не забывайце фактаў — дзверы замкнутыя, ключ у кішэні нябожчыка. О, я ведаю, ёсць адпаведныя спосабы і сродкі. Сагнутыя шпількі, вяроўкі — усе віды прыстасаванняў. Увогуле, такое магчыма… Але ці было яно на самай справе? Вось у чым я моцна сумняваюся.
— Ва ўсялякім разе, давайце спачатку разгледзім сітуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.
— О, калі ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!
Пуаро спачатку ўсміхнуўся, а пасля сказаў:
— Што ж, давайце разгледзім выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекі ў зале: міс Лінгард, Х'юга Трэнт, міс Кардвэл і Снэл. Дзе ўсе астатнія?
Бараўз быў у бібліятэцы, па яго словах. Ніхто не праверыць гэтую заяву. Іншыя былі, мабыць, у сваіх пакоях, але хто ведае, ці сапраўды былі яны там? Кожны нібыта спускаецца ўніз паасобку. Нават лэдзі Шэвені-Гарэ і Бэры сустрэліся толькі ў зале. Лэдзі Шэвені-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль прыйшоў Бэры? Хіба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабінета? Вось і гэты аловак…
Але, аловак — гэта цікава. Бэры не праявіў ніякіх эмоцый, калі я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, і яму было невядома, што ён згубіў яго. Давайце паглядзім, хто яшчэ гуляў у брыдж, калі аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт і міс Кардвэл. Яны выпадаюць. У міс Лінгард і дварэцкага жалезнае алібі. Чацвёртая была лэдзі Шэвені-Гарэ.
— Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.
— Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне — я магу падазраваць кожнага! Дапусцім, што, нягледзячы на яе відавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?
— Гм, — сказаў Рыдл. — Нейкім чынам у іх было нешта накшталт menege a trois[14] — на працягу многіх гадоў.
— І яшчэ канфлікт праз гэтую кампанію паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры.
— Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсці да рашучых і небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалічнасцей. Гэта магло з'явіцца прычынай вашага выкліку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абірае яго, але ён не хоча агалоскі, баючыся, што можа быць замешана і яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаім рэальны матыў. І сапраўды трохі дзіўна, што лэдзі Шэвені-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духі могуць быць гульнёй!