Выбрать главу

А старастам нашай вёскі на тым сходзе празначылі Кастуся Шульгата. Гэта быў статны, высокі, шыракаплечы мужчына, які выдзяляўся ў натоўпе. Таму, відаць, немцы і звярнулі на яго ўвагу. Гэта быў вельмі сціплы, бяскрыўдны чалавек. Адказацца ад пасады было немагчыма, перад намі былі акупанты, хоць і паводзілі яны сябе міралюбна, але чакаць можна было ўсяго.

Прызначыўшы старасту, немец абвясціў аб роспуску калгаса. Коні, інвентар, зямля вярталіся іх уладальнікам — сялянам. Калгас распаўся на 120 індывідуальных гаспадарак. Нягледзячы на тое, што ўжо быў прызначаны стараста, дзяліць калгас загадалі майму бацьку. Я не буду апісваць, як адбывалася гэта складаная справа. Яна працягвалася шмат дзён. Трэба было ўсё ўлічыць, нікога не пакрыўдзіць. З гэтай задачай мой бацька справіўся паспяхова, бо ніхто з вяскоўцаў не паскардзіўся на яго новай уладзе.

Куды падзяваліся каровы, свінні, авечкі, не памятаю, прашляпіў. Хутчэй за ўсё цалкам забралі немцы. Калі надышоў час дзяліць калгасных коней, бацька ўзяў з сабой і мяне. Дзялілі па жэрабі. Спачатку ўсталявалі чаргу. Калі падышла чарга майго бацькі цягнуць жэрабя, ён даручыў гэта мне. Бацька разгарнуў скручаную паперку, якую я выцягнуў, і з радасці пачаў скакаць.

Нам выпаў самы лепшы калгасны конь. Ён быў малады, але ўжо аб’езджаны, белай масці. Нам зайздросцілі, а я вельмі ганарыўся. Бацька адзеў на Бялька аброць, перадаў павадок у мае рукі і прамовіў: «Ну, гаспадар, вядзі каня дадому». У вёсцы той выпадак памятаюць і зараз. У лютым месяцы 1942 года ў нас каня ўкралі. Бацька аднёс заяву ў нямецкую камендатуру ў Докшыцы. Праз два дні немцы каня знайшлі і вярнулі яго нам.

5. Першая сустрэча з немцамі

У адзін з ліпеньскіх дзён, на пачатку месяца, мы, вясковыя падлеткі, купаліся і загаралі на пясчаным беразе ракі Поні ў 100 метрах ад моста. Нечакана мы ўбачылі, што з боку Докшыц рухаецца аўтамабільная калона, машын 10–15. Яна мінавала вёску і накіравалася ў наш бок да моста. На першай машыне справа спераду над кабінай развяваўся чырвоны сцяг. Хтосьці крыкнуў: «Нашы!» — і цераз мост мы пабеглі насустрач.

Перад мостам калона спынілася. Мы ўбачылі, што гэта немцы. Яны выйшлі з пярэдняй машыны і са словамі: «Гут, гут», — па-сяброўску хлопалі далонямі па нашых голых спінах. Мы асмялелі, палезлі на падножкі машыны, адчынілі кабіну, націскалі на клаксон, сігналілі. Такія велізарныя машыны мы бачылі ўпершыню. У нашым калгасе была ўсяго адна грузавая машына ГАЗ-АА — палутарка. Немцы не сварыліся на нас, з цікавасцю нас разглядалі, сталі частаваць шакаладам, які мы таксама бачылі ўпершыню. Я быў менш баявіты, апынуўся ў хвасце і мне шакаладу не дасталося. Было крыўдна, на вачах накаціліся слёзы. Убачыўшы гэта, адзін немец дастаў з кішэні губны гармонік і падарыў мне. Потым немцы паказалі рукамі, каб мы вярталіся назад на бераг ракі: «Шнэль, шнэль». Мы пабеглі, а калона прадоўжыла рух у бок Бягомля.

6. Хрышчэнне

Хтосьці распусціў чуткі, што немцы будуць караць тых, хто не хрышчаны. У нашай вёсцы няхрышчанымі былі ўсе дзеці. Я нават не ведаю, ці была да вайны хоць адна дзеючая царква ў Бягомльскім райне. Хачу сказаць, што на самай справе немцы не займаліся высвятленнем, хто хрышчаны, а хто не. Аднак, далей ад ліха, мой бацька праявіў ініцыятыву і прывёз з Докшыц святара. Усіх нас, нехрысцяў, сабралі ў хаце Іллюка Спічонка і пахрысцілі.

Я памятаю, як той абрад адбываўся. На падлозе ў цэнтры хаты паставілі кадку з калодзежнай вадой. На дне кадкі ляжаў крыж. Нас групамі ставілі вакол кадкі. Святар чытаў малітву, макаў пальцы ў ваду, а потым кожнага з нас мазаў па лбе. Нарэшце ён абмакнуў у ваду венік і пабрызгаў на нас. Нацельных крыжыкаў нам не далі. Прыкмет, хрышчоны ты ці не, у нас не засталося. Але ў мяне з’явілася хросная мама. Неўзабаве ў суседняй вёсцы Вітунічы адчынілася царква. Раней у яе памяшканні было збожжасховішча. Аднойчы мама ўзяла з сабой у царкву і мяне.

7. Першы раз у першы клас

2 жніўня 1941 года мне споўнілася 7 гадоў, трэба было рыхтавацца да школы. Бацькі, не толькі мае, непакоіліся, ці будуць працаваць школы ва ўмовах акупацыі. Але ўсё склалася найлепшым чынам. У жніўні ў нашу вёску наведаліся дзве жанчыны з валасной управы і ўзялі на ўлік усіх дзяцей школьнага ўзросту. Мой бацька яшчэ да вайны набыў мне буквар, сшыткі, алоўкі.

Як я ўжо згадваў, наша школа згарэла ў студзені 1940 года, у самыя моцныя маразы. Для малодшых класаў пабудавалі хату-пяцісценку. Астатнія дзеці хадзілі ў школу за 2 кіламетры ў суседнюю вёску Вітунічы. Такі ж парадак застаўся і пры немцах.