Выбрать главу

— Гола, — кажа, — маё цела. Хай жа гэтак гола ў таго будзе, каму ты нясеш.

Хоць сабе чорт і невялікая шышка, але не любіць, калі ўсякі начне з яго вяршэнства здымаць. І ў чорта злосці не купіць… Калі сыпнуў ён прыскам на зайздросную Тахвілю, дык аж траха Баркаўцы не заняліся гарэць. Добра, што Тахвіля ўправілася роўна стаць і спадніцу з рук у пару пусціла, а то б яе ссек чорт горш, як шротам, а так — усяго крыху рукі прыпёк. Яшчэ тое Тахвілі ў помачы было, што гарэлую спадніцу насіла. Хоць і залавіў чорт крыху, але толькі яно застукала, як па блясе, ды скацілася далоў. Як нёс ён асмін з дванаццаць грэчкі, дык так і сыпнуў пасярод Баркаўцоў. І не абы-якая грэчка была: буйная, ядраная. А чыстая ж! Як вока. Але на ліхое дабро не пагналіся нашы баркаўчане. І на завод ніхто жмэньку не ўкраў. Так і асталася ляжаць пасярод вёскі ў капцы, як і пасыпана была. Да таго ж нейкая праціўная, што коні пудзіліся, як блізка вязлі. Ужо вароны — нашто не пераборлівыя птушкі, а і тыя не хацелі дзяўбці. Будзе ляцець над самым капцом і ў той бок нават не зірне, пераляціць ды на сметніку дзе сядзе, там сабе чаго пашукае. Каровы тады нельга было вуліцаю гнаць: як толькі да карчмы дойдуць, паўстануць наўкола капца і равуць — бі-забі не адгоніш. А ўночы сабакі з усёй вёскі збягуцца, галовы ў гopy пазадзіраюць ды давай галасіць, зямлю драць.

Чыстае згубенне было баркаўчанам, пакуль не ўсхадзіліся вятры. Ну і шалёныя ж былі яны! З хаты выйсці нельга было — чалавека валялі. Дзень пры дні з аўторка да пятніцы дзьмулі. Яшчэ людзям як людзям — от набытак за той час намучыўся. Тры дні ў хляве галодны стаяў — нельга было ні ў поле на пасту выгнаць, ні з току харчы прынесці яму ў хлеў. Замялі тыя вятры чортава насенне пяском — чвырам з дарог, чорнаю тарпавінаю з агародаў. За тыя кручаныя дні так спрытна юцуха перамяшала ўсё, што зрабілася зямля такая, як бы і спрадвеку яна на гэтым месцы ляжала. І ад тых дат стала ў Баркаўдох гара проці карчмы на крыжавых дарогах над усе нашы невялічкія ўзгоркі. Суха з таго часу зрабілася ў самым патрэбным месцы, дзе чужыя падарожныя людзі заўнімаюцца, як ідуць у карчму пагрэцца. Часам пад вечар, як з кірмашу едуць, бывае, вялікі завоз хурманак збіраецца тут. Гэта месца на месца тады робіцца падобна. Таму і далі нашы людзі яму прыкладку— «Траецкаю гарою» завуць, на Менск глядзя. А тая грэчка і цяпер на гэтай гары знаць. Дзіва што нешта муляе ў ногі, як босы тудэю йдзеш?! — гэта ж тое чортава насенне. Бывае, што дажджы зверху пясочак прамыюць, дык яно і відаць. Нагнешся, паглядзіш — здаецца, і няма яго нідзе, a ступі, дык і чуваць, што нешта востранькае, маленькае колецца, як грэчка ўсё роўна.

І не адлучыць тут ніяк праўды ад казкі.

От лепей выберам калі вальнейшы час ды адыдземся назад у даўнейшае гадоў на трыццаць, самі таго дзіва паглядзім. Толькі выбірайма так, каб і ў нас вольны час быў, каб выхадны дзень прыпадаў, ды каб і ў людзей была вольная часіна: так выбірайма, каб наш выхадны дзень, а іх даўнейшае свята ці які прысвятак у адзін дзень сышліся. Гэта ж тое ведайце, мы на той бок вайны, у старую бытнасць адыходзімся. Людское свята ці прысвятак нам трэба, каб не хадзіць за патрэбнымі людзьмі па полі дый ля дому па ўсякіх заканурках, каб іх не шукаць, замінаць працавітым у рабоце, пытаючы ды шукаючы сабе добрай прыгоды, цікавага слова. Без прыгод працуюць людзі, а здараюцца прыгоды пры рабоце ўсяго ў гультая.

Дабірайма не толькі свята з выхадным днём, але яшчэ і сам дзень каб быў ясны, пагодны. Хмурны дзень, дождж, пацяруха людзей сном спакушае, цяжарам успадае на іх павекі, што позна плюшчыцца і рана расплюшчвацца звыклі. Дабірайма так, каб людзі на прызбах пад лагоднае летняе сонейка ў гурце сабраўшыся былі. Тады і пачуць і ўбачыць можна будзе шмат чаго.

Дык от калі пачуваецеся моцнымі ў нагах, калі не палохае такая далёкая дарога: трыццаць гадоў — не трыццаць вёрст вам! — дык тады давайце пачнём свой абход.

ІІІ

Кажны Заблоцкі, як Юстап, так і Вінцэнты, не толькі сваю долю, але і сваю хату меў. Пра іхныя долі далей яшчэ шмат будзе мовы, а хаты ў абодвух нядэшлыя былі — чуць у духу.