Выбрать главу

— Няхай жыве горад Шчасця!

— Слава народным дэпартаментам!

I мой голас уліваецца ў агульны хор пажаданняў, калі я падыходжу да знакаў «Ухваляй».

Нейкая бабулька, адзінокая і забытая ўсімі, спужана туліцца да дамоў. Цяжкія клункі пражытых гадоў ёй не пад сілу. Мне хочацца падысці да яе, дапамагчы несці гэтыя клункі. Але я баюся, што мяне ў нечым западозраць агенты пільнасці. Бабулька без маскі—парушэнне маралі,—і кожны, хто праходзіць ля яе, паспешліва адварочвае галаву, каб не бачыць яе зморшчынаў, пабляклых вачэй, што з сумам і надзеяй паглядаюць на іх. Адкуль яна і куды? Мо з далёкай вёскі ў горад да дзяцей прыехала? Яе ж абавязкова спыняць агенты пільнасці, і пачнецца выпыт: «Чаму без маскі? Правакацыя супраць нашай маралі». Трэба было б неяк папярэдзіць бабульку, каб яна куды-небудзь схавалася, перачакала, калі апусцеюць вуліцы, і тады прабіралася, куды ёй трэба. Не, прайду бокам. Я павінен трапіць на могілкі, дзе на пахавальных помніках чытаю пра тых, хто жыў раней у нашым горадзе. Ні ўва аднае кнізе я не знайшоў ні радочка пра мінулае горада.

Дэпартамент праўды сцвярджае, што гісторыя горада пачалася з таго гістарычнага моманту, калі першы дэпартамент адчыніў у ім свае дзверы— дзверы ў светлае будучае, — а дагэтуль у горадзе панавала цемра жабрацтва. I вось зусім нечакана, прысутнічаючы на пахаванні чарговай праўды, я знайшоў помнік чалавеку, які жыў у часы «цемры i жабрацтва». «Любаму ад любай», — нягледзячы, што час амаль знішчыў надпіс, прачытаў я. I зацікавіўся, ці няма дзе яшчэ помнікаў тым, хто жыў у горадзе раней. I знайшоў іх, і высветлілася дзіўнае, што людзі мінулага жылі ў горадзе зусім ікакш, як мы, зусім інакш любілі, зусім інакш уяўлялі сабе свет. Што для нас любоў? «Любоў — гэта святое пачуццё ўдзячнасці і абагаўлення дэпартаментаў» — так тлумачыць дэпартамент маралі, пра іншую любоў мы і не здагадваемся. А яна была, мяркуючы па надпісах, у мінулым людзі любілі не дэпартаменты, а адзін аднаго: дзеці любілі бацькоў, бацькі дзяцей, мужчына любіў жанчыну, а жанчына — мужчыну, настаўнік вучняў, вучні —настаўніка... Што ж гэта за любоў такая? А што гэта за памяць? Гараджанам у мінулым была вядомая нейкая памяць. На помніках нябожчыку яны абавязкова пісалі «Памяць аб табе захаваем назаўжды». Як бы мне зазірнуць туды — у нябачны свет мінулага, каб зразумець, што такое любоў, памяць, шкадоба. Навошта гэта было патрэбна людзям? Быць можа, даведаўшыся аб гэтым, я мог бы чымсьці дапамагчы гораду Шчасця. А горад даўно хварэў на абыякавасць, і з горкай-горкай яндовы атрутай чэрствасці спойваў нашыя кволыя душы, і ў сваім механічным чэраве пераварваў нашыя лёсы. Штодня гараджане нацягвалі маскі шчаслівых, штодня ўсё болей верылі, што яны і сапраўды шчаслівыя, штодня ўсё гучней i гучней.неслася над пляцамі і праспектамі «Няхай жыве... Слава...», штодня на могілках хавалі праўду, штодня машына паскарэння набірала ход «Сёння працаваць лепш, чым учора, а заўтра лепш, чым сёння», штодня мы гублялі самі сябе, што­дня мы слеплі ад зіхацення нашага светлага будучага i, як невідушчыя, цягнулі рукі, шукаючы павадыра. Дэпартаменты ахвотна падавалі нам руку. Пад караю смерці забаранілі Святое пісьмо. Як жа, яно вяшчала: «Калі невідушчы невідушчага павядзе — абодва ў бездань зваляцца».

Ha могілках пахаванне. Ля свежай магілы тоўпіліся постаці з маскамі жалобы на тварах. Трохі збоку, паклаўшы свае струменты на зямлю, музыкі цуглілі з бутэлек піва.

— Сёння мы хаваем праўду развітанняў. Яна заўсёды сцвярджала, што жыццё нашае складаецца з развітанняў. Цяпер яна пакінула нас. Не будзе цяпер развітанняў. Нас чакае сустрэча. Як самі вы ведаеце, сустрэча з нашай шчаслівай будучыняй, — далятае да мяне голас прамоўцы.

Я мінаю пахаванне, яшчэ колькі крочу па параднай алеі, на якой пахаваны старэйшыны дэпартаментаў, збочваю з яе і накіроўваюся далей. Вузкая сцяжына вядзе туды, дзе могілкі продкаў. Вось нарэшце і гэты глухі куток, парослы каржакаватымі старымі дрэвамі, глогам і шыпшынай, — тут ляжаць продкі. Я азіраюся па баках — нікога. Шумяць над галавою вершаліны дрэваў, устрывожана пераклікаюцца крумкачы, і водгуллем жалобы далятае пахавальная мелодыя трубаў, пэўна, праўду развітанняў апускаюць у зямлю. Адшукаўшы магілу, схаваную чарнобылем, апускаюся каля помніка. Мох пакрыў яго зялёнай каростай. Я адрываю мох і хутка пальцамі адчуваю выбоіны — літары. Цяпер з цяжкасцю, але магу прачытаць надпіс: «Тут спіць Праведнік. Чалавек, імя якога праклялі святары ўсіх храмаў. У нашым горадзе ён знайшоў сабе прытулак. Ён зведаў у жыцці ўсе ягоныя спакусы і ад усяго дзеля праведнасці адмовіўся. А хто з тых, хто лічыць сябе праведнікам, спазнаў гэта і знайшоў сілы, каб адмовіцца ад усяго дзе­ля праведнасці? Гэта лёгка—не жыць, не мучыць сябе, а гэтак без болю і страт прамою сцяжынаю ісці да праведнасці. У памяць тваю ад вучняўгрэшнікаў, якія абавязкова прыйдуць да праведнага жыцця».