Выбрать главу

— Куплю, —я не мог адмовіць, дастаў капшук, меўся выцягнуць зашмальцаваную ад вандровак па сотнях рук траячку, але раптам падумаў: «Што яму гэтыя рублі? Чаго я шкадую? Ён жа-—я, а я—ён. Дык сам сабе шкадую?». — Трымай, — працягнуў яму капшук з усімі грашыма.

— Навошта? Навошта? Мне столькі не трэба. Мне траяк, новую маску набуду, мая ж знасілася, мне лішняга не трэба, —мармытаў ён пад нос, трымаючы капшук у руках.

— Згадзіцца, згадзіцца.

Я надзяю маску на твар, але мне не хочацца развітвацца з госцем з будучыні. Як добра было б запрасіць яго да сябе. Не магу, а калі агенты пільнасці? I ён зразумеў мяне.

— Табе нельга рызыкаваць. На цябе зараз усе нашы спадзяванні. —Ён таксама надзяе маску.

— Бывай.

— Бывай, —кажу яму ўслед.

Ён выходзіць з пад’езда. Знікае ў начной цемры. I толькі кніга ў руках нагадвае, што сустрэча з ім не была мрояй.

Паведамленне ў дэпартамент пільнасці.

«Даводжу да вашага ведама, паважаны старшыня дэпартамента пільнасці, што аб’ект назірання № 2181961 сёння выйшаў са сваёй кватэры і накіраваўся на пляц Волі, пасля спусціўся да гарадской рэчкі № 0000 i раптам на маіх вачах знік. Ніводная з апытаных мною постацей, што ў гэты час знаходзіліся паблізу, не бачыла, куды падзеўся адзначаны аб’ект назірання. Лічу неабходным пачаць датэрміновы пошук аб’екта назірання № 2181961»

Агент пільнасці 1 класса № 201937

Дырэктыва дэпартамента пільнасці.

«У мэтах хутчэйшых пошукаў аб’екта назірання № 2181961 стварыць камісію па пошуках названага аб’екта, спецнагляд над камісіяй, спецкантроль над спецнаглядам».

Старшыня дэпартамента пільнасці №00 — 01

Ля маіх ног б’ецца празрыстая вада. Чароды рыб падымаюцца да самай паверхні і мільгаюць срэбнай лускай у сонечных промнях. Вецярок гоніць па вадзе лёгкія хвалі. А вада празрыстая, як сляза, я бачу бурштынавы жвір на рачным дне. Некалькі жывых, а не механічных лебедзяў плаваюць ля берага. 3 гоманам і смехам купаецца ў рэчцы дзятва. Сонечная вясёлка пырскаў мігціць у маіх вачах. Блішчаць мокрыя загарэлыя тулавы. Дзеці без масак, дзеці смяюцца. I ніхто не забараняе ім смяяцца і купацца ў рэчцы, ніхто не прымушае іх насіць маскі. Дзіўна. Побач са мною стаіць на беразе дзяўчынка гадоў пяці. Блакітныя ўзрушаныя вочы з захапленнем глядзяць на гульні дзятвы, і ў дзяўчынкі вырываецца гучны шчаслівы смех. Пазіраючы на яе, і мне робіцца добра і весела. Вабяць яе радасны тварык, яе ўсмешка і вочы. I я люблю гэты дзень, люблю гэтую рэчку, дзятву, што купаецца ў ёй, дзяўчынку на беразе. Вось бы распрануцца і плюхацца разам з дзецьмі, брацца з імі за рукі і крычаць, як яны: «Баба сеяла гарох», даваць нырца, але нешта стрымлівае мяне. Баязлівасць? Азіраюся, ці няма паблізу агентаў пільнасці і халадзею сэрцам — да мяне крочаць дзве постаці, яны хаця і апранутыя ў вопратку, якую носяць у горадзе Шчасця, але на іх тварах няма масак. Яны падыходзяць да мяне.

— Вы нумар дваццаць адзін, восемдзесят адзін, дзевяцьсот шэсцьдзесят адзін? — пытаецца адна з іх.

Я згодна ківаю галавою.

— Просім прайсці з намі, —кажуць яны і прыхільна ўсміхаюцца мне.

Мы падымаемся на мост. Абапёршыся на парэнчы i гледзячы на раку, там стаяў высокі хударлявы чалавек. Ён, як i тыя двое, што прывялі мяне сюды, быў апрануты ў гарнітур майго часу. Чалавек павярнуўся... i я знямеў. Перада мною стаяў Прэзідэнт самай вялікай краіны. Знаёмая на ўвесь свет саладжавая штучная ўсмешка, якая павінна выказаць прэзідэнтавую абаяльнасць i шчырасць, сустрэла мяне.

— Ах, гэта вы, — ля ягоных старэчых стомленых вачэй разбегліся хітраватыя зморшчынкі. — Таксама падарожнічаеце па мінулым? Няма нічога ў сённяшнім, каб яно не пачалося ўчора. Таму, каб зразумець, што адбываецца ў горадзе Шчасця, сёння трэба вяртацца сюды —у горад Мінулага.

Прэзідэнт любіў казаць банальныя ісціны. Але я нагадаў, што гэтая, здавалася, простая ісціна ў горадзе Шчасця пад забаронай. Якое мінулае? — яго ў горадзе няма, ёсць шчаслівае сённяшняе i светлае будучае.

— Прызнайцеся, мой малады сябар, што не чакалі тут мяне сустрэць? — мяккім голасам спытаўся ў мяне Прэзідэнт.

— Так, не чакаў, — згадзіўся я.

— Вось, думаеце, навошта Прэзідэнт трапіў сюды? Я мог вам адказаць, што ўсё гэта мне не патрэбна. Людзі часта акружаюць сябе непатрэбнымі рэчамі, займаюцца непатрэбнымі справамі і лічаць, што без гэтага не пражывуць, што ўсё гэта ім неабходна. Вось так у пагоні за падманнымі каштоўнасцямі i марнуюць сябе па драбноце. Але тут зусім іншы выпадак...—ён змоўк. Ягонае маўчанне мяне ўразіла. Я прызвычаіўся, што Прэзідэнт гадзінамі павучаў увесь свет, як трэба жыць, што ёсць дрэнна, а што — добра, павучаў з такім механічным майстэрствам валодання дыкцыяй і інтанацыяй, нат здавалася, што кажа загадзя складзеную i вывучаную прамову машына. А тут вось задумаўся. Значыць, i ён пакутуе на сумненні i яму не ўсё зразумела ў гэтым жыцці.