Выбрать главу

— Не думайце, што я займаюся не сваей справай, хаця гэта зараз вельмі модна. Вось пісьменнікі болей разважаюць, як трэба пісаць раманы, а не пішуць іх, — зноў загаварыў Прэзідэнт. — Паэты складаюць не вершы, а кнігі па вершаскладанню. Святары не моляцца аб міры, а ўдзельнічаюць на імпрэзах. Мастакі забыліся пра пэндзлі і пнуцца ў палітычныя лідэры. Ну, а палітыкі болей паходзяць на актораў. Менавіта па іх майстэрству трымацца перад народам, міла ўсміхацца і зачароўваць натоўп акторам ёсць. чаму павучыцца. Вось чаму важныя дзяржаўныя справы я выконваю сам. Я тут, каб азнаёміцца, што можна зрабіць для росквіту дэмакратыі i правоў чалавека ў гэтым горадзе. Дзіўна, як гэтыя людзі столькі гадоў жылі без дэмакратыі? Трэба ім дапамагчы, — ён зноў усміхнуўся мне сваёй тэлегенічнай усмешкай.

А я нагадаў, што Прэзідэнт рыхтуецца да выбараў і яму вельмі зараз патрэбны галасы, патрэбна дабрадзейнасць, каб гэтыя галасы забраць сабе. Можа, таму ён тут?

— Я кажу вам праўду.

— Я вам веру.

Дзіўна, калі я адкрываю душу, калі, як ніколі, шчыры перад людзьмі, усе лічаць, што я прыкідваюся, блазную. I наадварот, калі хаваю свае начуцці, калі маню, усе лічаць мяне шчырым. Вось вам i дыялектыка, каб табе верылі, прыходзіцца маніць.

Прэзідэнт зірнуў на ручны гадзіннік.

— О-о, —працягнуў ён, —прабачце, я спазняюся. Мая вам парада, хутчэй пакідайце гэты горад, небяспечны для вас.

— Якая небяспека?

— Вы дрэнна ведаеце, што такое дэпартамент пільнасці. Вас ужо xanlліся і шукаюць. Гадзіна-другая, і агенты пільнасці дабяруцца сюды. Мой мілы сябар, паслухайце мяне, вяртайцеся назад. Дэпартамент не спіць.

У гэты момант да Прэзідэнта падкаціла запрэжаная чацвёркай бялюткіх жарабкоў карэта. Двое слуг саскочылі з запятак, ветла пахіліліся Прэзідэнту і адчынілі перад ім дзверцы.

— Да пабачэння. Прыемна было сустрэцца з вамі. Я абавязкова згадаю пра гэту сустрэчу ў сваёй кнізе «Роздумы з нагоды i без нагоды»,— развітаўся са мною Прэзідэнт і сеў у карэту.

У далечыні вуліц заціх грукат карэтных колаў, я яшчэ доўга стаяў на мосце. Што мне рабіць? Збіраць такія патрэбныя ў горадзе Шчасця звесткі пра мінулае. ці вяртацца назад? А як жа горад Шчасця? Згадаліся шэрыя, падобныя адзін на адзін будынкі, пакорлівыя постаці ў чэргах за талонамі шчасця, абыякавасць да ўсяго ў вачах моладзі, самазадаволеная ўсмешка старшыні ўсіх дэпартаментаў, агенты пільнасці ля кожнага ліхтара, ля кожнага будынка, лес крыжоў, пад якімі была пахавана праўда, старэнькая матуля, шмат чаго мне згадалася, і я зрабіў выбар — застаюся. Зрэшты рэшт, Прэзідэнт мог памыліцца, як усялякі чалавек. I, відаць, яму сур’ёзна заманулася завесці ў горадзе дэмакратыю і правы чалавека, каб заваяваць яшчэ адзін бал у барацьбе за прэзідэнцкае крэсла, таму жадае справодзіць мяне адсюль, каб не замінаў яму. Я не паверыў у ягонае папярэджанне і застаўся ў горадзе Мінулага.

I вось я крочу па ім. Любуюся яго прыгажосцю.

А паўз мяне крочаць людзі, і ўсе без масак, размаўляюць і емяюцца. Ніколі не думаў, што могуць быць такімі прыгожымі людскія твары, асабліва жаночыя. У кожную жанчыну, што праходзіла паўз мяне, я ўлюбляўся. I трывожылі маё сэрца іх усмешкі і вочы. Як тут не зайздросціць мужчынам, што жылі ў горадзе?

— Падарожнік, не спяшайся, заходзь да мяне,—аклікнуў мяне з бал­кона аднаго з дамоў стары. Ягоныя вялікія добрыя вочы, адкрыты прыгожы твар выклікалі давер.

— Адкуль жа вы ведаеце, што я падарожнік?

— А я тут усіх ведаю, цябе ж бачу ўпершыню. I вопратка ў цябе не тутэйшая. Заходзь да мяне, спачні з дарогі.

У дзвярах яго дома мяне сустрэла маладая прыгожая дзяўчына. Я бяру з яе рук хлеб i соль, дзякую за сустрэчу. Дзяўчына запрашае мяне ў дом і цалуе ў вусны. У святліцы гаспадар запрашае мяне за стол паснедаць.

«Вось той мудрэц, які растлумачыць мне, што такое Любоў, Шкадоба, Па­мяць, Адказнасць перад Богам і Людзьмі, Духоўнасць»,—думаў я, паглядаючы на старога. Доўгія космы сівых валасоў, белая густая барада, цёмныя з сівізной бровы, якія навіслі над вачыма, вялікі пукаты лоб надавалі старому выгляд біблейскага мудраца з палотнаў старых майстроў, рэпрадукцый-паштовак, якія захаваліся ў матулі.

— Як жа цябе завуць, чалавек?