Выбрать главу

Вулiца Under den Linden (Пад Лiпамi) у гэтыя днi як нiколi адпавядае сваёй назьве, бо па ёй плыве амаль вiдочная рака мядовага паху. У завоiне на ганку опэрнага тэатру ўладкаваўся духавы квартэт. Англамоўная публiка накшталт мяне можа даведацца з жаласнага плакацiку, што гэта "рооr students from St.Реtеrburg". Медзякi ў футаралах сьведчаць, што эканамiчнае становiшча бедных студэнтаў з Паўночнай Пальмiры бэрлiнцы ўспрымаюць прыкладна так, як нейкую прыродную зьяву.

Капiталiстычныя каты выйшлi на ганак, каб памахаць мне на разьвiтаньне хвастамi, i вось ужо капiтан вiшнёвага "BMV" гер Хельмут Ноак другую гадзiну мужна прабiваецца да вакзалу праз таросы бэрлiнскiх вулiцаў. Месца штурмана, нягледзячы на нядаўнi сардэчны прыступ, адважна займае спадарыня Ядзьвiга. Дзень не сказаць каб звычайны - 22 чэрвеня.

Толькi каля вагону я даведваюся, што сёньня ў гера Хельмута дзень нараджэньня. Значыцца, за мною падарунак i калi-небудзь трэба будзе зноў браць квiток у мiжнароднай касе.

З Бэрлiну да Польшчы цягнiк iдзе ўсяго гадзiну. Па дарозе на Варшаву на сьценах чыгуначных брандмаўэраў усё часьцей сустракаецца iмя Валэнсы. За польскага прэзыдэнта можна было б парадавацца, калi б зь ягоным iмем не суседзiлi застрашлiвыя абяцанкi, у якiх ганаровае месца займае шляхетны палiтычны тэрмiн - "duрa".

Зрэшты, гэта праблемы суседняе дзяржавы. У нашай жа, часткаю якое ёсьць мой вагон "Бэрлiн - Менск", за тыдзень таксама адбылiся сякiя-такiя зьмены. Праваднiцы папрыгажэлi, i, напэўна, з гэтае прычыны шклянка гарбаты з цукрам каштуе ўжо не 12, а 35 рублёў. Затое гарбаты - хоць залiся, бо адна праваднiца прыпадае ў сярэднiм на 1,5 пасажыра. Выглядае, што хутка наогул будзем падарожнiчаць парамi.

Карацей, Эўропа робiцца блiжэйшаю.

Чэрвень, 1993 г.