Выбрать главу

Яны дамаглiся згоды прафсаюза, i майстэрня спынiла працу. "Можаце не клапацiцца, каб выстаўляць свае пiкеты, - сказаў уладальнiк. - Калi майстэрня не працуе, я толькi выйграю". Гэта была няпраўда. Але i яна не ўладкавала справы, бо гэтым ён казаў iм у твар, нiбы дае працу дзеля мiласцi. Эспазiта ашалеў ад гневу i сказаў гаспадару, што ён не чалавек. Тады той таксама закiпеў, налiўся крывёй, i iх давялося разнiмаць. Але рашучасць гаспадара ўсё ж уразiла рабочых. I вось дваццаць дзён забастоўкi, дома - сумныя твары жанок, двое цi трое хлопцаў ужо пачалi трацiць надзею, i нарэшце прафсаюз параiў саступiць, паабяцаўшы быць пасрэднiкам i дамовiцца аб аплаце дзён забастоўкi за кошт дадатковых гадзiн. Яны вырашылi аднавiць працу. Вядома, зроблена гэта было не без пыхлiвасцi - маўляў, нiчога яшчэ не скончана, яшчэ ўбачым, хто каго. Але гэтым ранкам стома нагадвала пра цяжар паражэння, а ў торбе замест мяса ляжаў сыр. Будаваць нейкiя iлюзii ўжо было немагчыма. Iвар круцiў адзiны педаль ровара, i яму здавалася, што з кожным паваротам кола ён старэе яшчэ больш. Калi ён думаў пра хуткую сустрэчу з таварышамi, майстэрняй, з яе ўладальнiкам, на сэрцы ў яго цяжэла. I Фернанда непакоiлася: "Што ж вы яму скажаце?" - "Нiчога", - Iвар перакiнуў нагу цераз сядло, абжэргаў ровар, кiваючы галавой. Ён сцiснуў зубы, i яго невялiчкi загарэлы твар, пакрыты дробнымi зморшчынкамi, спахмурнеў. - "Будзем працаваць. Гэтага досыць". Цяпер ён ехаў, гэтак жа сцяўшы зубы, апанаваны глухой, высушальнаю злосцю, ад якой, здавалася, цямнела само неба.

Бульвар i мора ён пакiнуў ззаду i пакацiў па сырых вулiцах старога гiшпанскага квартала. За iмi пачынаўся абшар, забудаваны складамi нейкага жалеззя, вазоўнямi, гаражамi, сярод якiх месцiлася i майстэрня - нешта накшталт вялiкага хлява, да паловы мураванага, а вышэй - зашклёнага шыбамi пад самы дах з гафраванага жалеза. Побач з iм была старая бандарня - двор з паветкамi ўздоўж сцен, якi быў пакiнуты, калi прадпрыемства разраслося, i цяпер служыў звычайным складам для зношаных механiзмаў i струхлелых вiнных бочак. За дваром, аддзелены ад яго нечым накшталт прахода, крытага старой гонтай, пачынаўся гаспадарскi сад, у глыбiнi якога ўзвышаўся будынак. Вялiкi i нязграбны, ён меў, аднак, прываблiвы выгляд дзякуючы дзiкаму вiнаграду i тонкаму бружмелю, што абвiвалi пярэднi ганак з лесвiцай на другi паверх.

Iвар адразу ўбачыў, што дзверы ў майстэрню зачыненыя. Побач моўчкi стаяла кучка рабочых. Упершыню за ўвесь час, як ён працаваў тут, прыехаўшы на працу, ён бачыў, што дзверы зачыненыя. Гаспадар, вiдаць, хацеў гэтым падкрэслiць сваю перамогу. Iвар пад'ехаў да паветкi злева ад бандарнi, паставiў ровар i рушыў да дзвярэй. Яшчэ здалёк ён пазнаў Эспазiта, рослага зухаватага хлопца, смуглявага ад загару i густых валасоў, якiя пакрывалi ўсё яго цела; яны працавалi побач. Далей стаялi Марку, прадстаўнiк прафсаюза з летуценным тварам тэнара, i Саiд, адзiны араб у бандарнi. Нарэшце Iвар разгледзеў i iншых, усе яны моўчкi чакалi яго. Але перш чым ён паспеў падысцi, усе раптам павярнулiся да дзвярэй, якiя цiха зарыпелi. У праёме ўзнiк Балестэр, майстар. Павярнуўшыся спiнаю да рабочых, ён марудна штурхаў адну з цяжкiх дзвярных фортак, пасоўваючы яе па чыгуннай рэйцы.

Балестэр, старэйшы ў бандарнi, выступаў супраць забастоўкi. Аднак, калi Эспазiта заявiў, што гэтым ён служыць на карысць гаспадару, ён змоўк. Цяпер майстар стаяў каля адчыненых дзвярэй, каржакаваты i прысадзiсты, апрануты ў свой вязаны нацельнiк колеру марской хвалi i ўжо разуты (толькi ён ды Саiд у майстэрнi працавалi босыя), ён глядзеў на iх сваiмi светлымi вачыма, светлымi да таго, што яны здавалiся бясколернымi на яго старым абсiвераным твары з маркотным ротам пад густымi абвiслымi вусамi. Уваходзячы, рабочыя маўчалi, прынiжаныя сваёй капiтуляцыяй i злыя на сваё маўчанне, але тым менш здольныя парушыць яго, чым болей яно цягнулася. Яны праходзiлi, не гледзячы на Балестэра, бо ведалi, што ён толькi выконвае загад, прапускаючы iх вось так, па адным, i яго сумны, пануры выгляд ясна паказваў, што ён сам пра гэта думае. Толькi Iвар зiрнуў на яго. Балестэр, якi любiў Iвара, моўчкi трасянуў галавой.