— Warum grinzt er?[9] — спытаў раптам афіцэр. Пра што гэта ён?! Няўжо пра Франца? — глядзіць на яго. Ну вось. Ну вось, зараз усё і адбудзецца, здарыцца! А калі знойдуць мэдальён у Паліны: нямецкі, адкуль?! — а калі яна ня вытрымае? Як умеюць дапрасіць чалавека, каб дазнацца пра ўсё, — для Франца не сакрэт. Тут прыйшоў страх ужо не за сябе — за Паліну. Скеміў, як дарагая яму гэтая наравістая істота!..
Падобна, перакладчык, што стаяў поруч з афіцэрам, спытаў у рускага:
— Хто яны?
— Нямы, — ахвотна растлумачыў той і дзеля пераканаўчасьці пальцам пакруціў каля сваёй скроні, — калгасьнікі. Усе яны тут бандыты.
Раптам занепакоіліся ўсе, па-нямецку, па-руску прагучала папярэджаньне: сысьці з просекі, у лес, наперадзе нейкія людзі! Бяжыць па просецы нехта, апрануты па-вясковаму, але па тым, як ён бяжыць, а ўсе чакаюць яго, зразумела, што ён свой, мабыць, сувязны, разьведчык. Дабег, запыхкаўшыся, прасіпеў:
— Ідуць! Там іх цэлая група.
I тыя, што заставаліся на просецы, усе зрушыліся, паглыбіліся ў гушчар, штурхнуўшы туды і Франца з Палінай. Тут шмат іх, уласаўцаў, і, мабыць, немцаў. Апынуліся побач з тым самым «Івановым», ці ён падсунуўся наўмысна, раптам як бы паказаў сабе за сьпіну: уцякайце, пакуль ня позна! Але, здаецца, позна: тут ужо і голенагаловы.
— Ты і ты, — загадаў двум уласаўцам, адвядзіце іх… Ну хоць бы да мосьціка. Тыя на яго пазіраюць запытальна.
— Што незразумела? Адпусьціц е там. Каб ані гуку. Адна нага тут, другая там. Фарштэйн? Выконвайце!
I ўзьняў вочы да неба, пасьміхаючыся гадка. Паліна зразумела, а Франц, падобна, перажывае палёгку, супакаеньне, што ён ужо ня ў полі зроку нямецкіх афіцэраў.
Францу нават цікава назіраць ягдкаманду ў дзеі, колькі разоў чытаў з захапленьнем пра сьмельчакоў, што, пераймаючы тактыку партызанаў, пранікаюць у самае гняздо іх, а там, затаіўшыся, чакаюць, як паляўнічы зьвера, ворага, які нічога не падазрае. Але пісалі менавіта пра нямецкія «паляўнічыя каманды», гэтая ж — уся амаль з рускіх іншаземцаў.
Паліна разумела, куды іх і навошта вядуць. Той, што зь вінтоўкай, адзеў на ствол штык-кінжал (сталь драпежна клацнула), у аўтаматчыка, рыжабровага пад каскай, кінжа л вісіць н а поясе. Будуц ь рэ заць! — рукі-ногі ў Паліны загулі, як быццам яны пустыя, полыя, прадзьмутыя марозным зімовым сіверкам. Яе на вачах у Франца рэзаць, Франца на вачах у яе. Страх ня толькі болю і ня толькі жах сам па сабе, але і сорам. Яе жывёльны жах будзе бачыць Франц, а яна — ягоны жах. Па гэтай кароткай лясной дарозе ўчора ішлі да рэчкі ўюноў лавіць. Тут, зусім побач, зараз, зараз гэта здарыцца!
— Ну, ідзі, ідзі! — штурхае Паліну штыком пажылы ўласавец, нечым, нейкай унутранай злосьцю ён нагадаў Ота. Франца наперадзе вядзе рыжы аўтаматчык. Як сказаць Францу, што іх вядуць забіваць (калі ён яшчэ не дапетрыў), і, галоўнае, што страляць, шумець, калі партызаны блізка, ім нельга. Калі кінуцца ў лес, ім будзе не да таго, каб лавіць, але трэба абаім разам. «Ота» не дарэмна нэрвуецца, злуе, чуе, што можа так адбыцца. Паліна пабегла б ужо, будзь што будзе, але Франц, Франц…
— Дык, значыць, Пушкіну цар кажа, — раптам паварочваецца рыжабровы аўтаматчык, зьвяртаючыся да «Ота» цераз галаву Паліны, — кажа: «Пушкін, ці ня ты напісаў Луку Мудзішчава?» А Пушкін, язьві яго душу…
— Вы не з Алтая, не алтаец? — перахапіла яго позірк (здалося, дабрадушны, не пагрозьлівы) Паліна.
— Ну алтаец, а што?
— У мяне мама з-пад Ленінагорску.
— Гэ, я таксама з Рыдэра. Гэта па-сталінску: Ленінагорск. А сапраўдная — Рыдэр, англічане руду здабывалі. Дык што ты хацела сказаць?
— Ну што мама мая з Алтая таксама. Яна, як і вы, гаворыць.
— Гэ, чуеш, Муха, — зьвярнуўся да «Ота», — зямлячка мая.
— Ідзі лысага гэтым абрадуй. Вось зараз яны там падыдуць ды ўлепяць табе чаргу ў сьпіну — пабратаецеся. Я б іх усіх! Чаго гэта мы іх так далёка праводзім?
Франц ня дужа перажываў тое, што адбывалася. Яму здалося, што болыпая пагроза мінулася. Той сказаў: «адпусьціце». Афіцэры ж нічога падазронага не заўважылі. А разгадай яны Франца! У 40-м нямецкія маці па радыё і ў газэтах пракліналі сыноў, якіх зьбілі над Англіяй і яны ня так нешта сказалі пра фюрэра. А што зрабілі б зь яго маці, бацькам, што іх змусілі б зрабіць, калі б адкрылася, што яго не схапілі партызаны, забіўшы Ота (хацелася верыць, што менавіта так падумалі), што гэта ён забіў таварыша, немца забіў, здрадзіў самаму сьвятому.