Выбрать главу

І вось цяпер, дзень пры дні лежачы пад кропельніцамі ў рэанімацыі, я пакутліва, да драбніцы намагаюся аднавіць у памяці той фатальны вечар, хаця б у галаве «намацаць» эфемерную мяжу паміж рэальным і нерэальным.

Доктар і медсёстры, якія з нуднай рэгулярнасцю зазіраюць да мяне, маімі двайнікамі не з’яўляюцца. Яны не распавядаюць мне акалічнасцей той аварыі, толькі пра тое, якое надвор’е на дварэ ды што мне нельга хвалявацца. Наведвальнікаў у мяне амаль не бывае. Пару разоў прыходзілі мае калегі, але іх не пусцілі, толькі перадачу ўзялі. А сёння мне сказалі, што прыходзіў мой брат-блізнюк, вельмі хацеў да мяне трапіць, але яму не дазволілі. Ён перадаў мне канверт. У мяне ніколі не было братоў. Але канверт я разгарнуў: там ляжаў праязны на тралейбус на гэты месяц. Але наўрад ці я адсюль выйду раней, чым скончыцца тэрмін яго дзеяння.