— Але вы ў яе верыце? — перапыніла яго Роз.
— Так, я, на дзіва, веру ў яе; можа быць, я стары дурань і веру таму, што страціў розум, — адказваў доктар, — але тым не менш я пэўна ведаю, што гэтая гісторыя не для вушэй дасведчанага паліцыянта.
— Чаму не? — дапытвалася Роз.
— Таму, мой мілы следчы, — адказваў доктар, — што ў ёй з іхняга пункту гледжання шмат цёмных месцаў; хлопчык можа даказаць толькі тыя факты, якія сведчаць пра яго дрэнна, а добрых ён даказаць якраз не можа. Праклятыя тыпы! Яны ж будуць дапытвацца, што і чаму, і проста так сабе не будуць браць на веру анічога. Вы ж бачыце: калі грунтавацца на яго ўласных сведчаннях, ён спачатку нейкі час быў супольнікам злодзеяў, быў дастаўлены ў пастарунак з абвінавачвання ў тым, што залез у кішэню да нейкага джэнтльмена. Ён быў выкрадзены з дома таго самага джэнтльмена, і яго завялі ў месца, якое ён не можа ні апісаць, ні паказаць, дзе яно знаходзіцца — пра гэта ён не мае аніякага ўяўлення. Яго прывозяць у Чэрсі людзі, якія моцна звязаныя з ім, хоча ён таго ці не. Яго засоўваюць у акно, каб абрабаваць дом, і вось толькі ён збіраецца падняць трывогу і пабудзіць насельнікаў дома, зрабіўшы тым самым учынак, які расставіў бы ўсё на свае месцы, як тут усплывае гэтая бесталковая пачвара, гэты ёлупень-дамарад, і страляе ў яго, як быццам хоча прадухіліць усё добрае, што малец сабраўся быў дзеля сябе зрабіць. Хіба вы не бачыце ўсяго гэтага?
— Зразумела, бачу, — усміхнулася Роз у адказ на лекарава ўзрушэнне, — і ўсё ж не разумею, што ў гэтым такога, што можа скампраметаваць беднае дзіця.
— А як жа, нічога! — адказаў доктар. — Няхай Бог блаславіць зоркія жаночыя вочы! Яны заўсёды бачаць толькі адзін бок — добры або кепскі — у залежнасці ад таго, што яны першым запрыкмецяць.
Падзяліўшыся такім чынам сваім жыццёвым досведам, доктар засунуў рукі ў кішэні і забегаў па пакоі яшчэ хутчэй.
— Чым больш я думаю, — працягваў ён, — тым больш упэўніваюся, што калі мы пасвяцім гэтых людзей у сапраўдную гісторыю хлопчыка, то гэта спрычыніць безліч клопатаў іскладанасцей. У яе, вядома ж, не павераць. Зрэшты, калі яму і не змогуць нашкодзіць, то агалашэнне гісторыі і сумненні, якія яна выкліча, істотным чынам паўплываюць на вашыя добрыя намеры выратаваць яго ад бед.
— О! Што рабіць?! — усклікнула Роз. — Божа, Божа, нашто яны паслалі па гэтых людзей?
— Насамрэч, нашто?! — сказала і місіс Мэйлі. — Я б ні за што на свеце не паклікала іх сюды.
— Усё, што я ведаю, — нарэшце сказаў містэр Лосбэрн, сядаючы з выразам адчайнай рашучасці, — гэта тое, што мы павінны паспрабаваць зрабіць усё магчымае, і зрабіць без боязі на твары і дрыжання рук. Мэта наша добрая, і гэта вызваляе нас ад віны. У хлопчыка моцныя сімптомы ліхаманкі, і з ім нельга размаўляць — вось адзінае, што нам спрыяе. Мы павінны выкарыстаць усё, што нам на карысць, і калі нам на карысць бяда, то гэта не наша віна. Уваходзьце!
— Ну, пане, — сказаў Блатэрс, уваходзячы ў пакой у суправаджэнні свайго калегі і зачыняючы дзверы, перш чым казаць далей, — справа гэтая не змоўная.
— А што такое змоўная справа, нарэшце?! — даволі злосна запытаўся доктар.
— Змоўнай справай мы называем, лэдзі, — сказаў Блатэрс, адварочваючыся ад іх, нібыта шкадуючы іх за іхнюю некампетэнтнасць, а вось доктаравым невуцтвам дык і пагарджаючы, — калі прыслуга замешана ў рабунку.
— Але ж у гэтым выпадку іх ніхто не падазраваў, — сказала місіс Мэйлі.
— Дак пэвна ж, што верагоднасць іх удзелу была малая, мэм, — сказаў Блатэрс, — але ўсё ж яны маглі быць замешаныя.
— Калі на іх не падала падазрэнне, дак тады тым больш маглі, — падаў голас Даф.
— Нам удалася высветліць, што гэта былі гарацкія, — працягваў сваю справаздачу Блатэрс, — перадусім з-за стылю работы.
— Надта падобна да таго, — заўважыў упаўголаса Даф.
— Іх было ўдвух, — працягваў Блатэрс, — і з імі быў хлопчык: гэта зразумела, калі мець на ўвазе памеры вакна. Гэта ўсё, што можна пакуль што сказаць. Калі можна, мы хацелі б паглядзець гэтага хлапчука, які там ляжыць наверсе.
— Можа быць, яны спачатку што-небудзь выпілі б, місіс Мэйлі? — сказаў доктар, і яго твар прасвятлеў, як быццам яго наведала нейкая новая ідэя.
— О, сапраўды, — горача падхапіла Роз. — Вам адразу паднясуць, калі вы пажадаеце.
— О, дзякуй, міс, — сказаў Блатэрс, праводзячы рукавом па вуснах, — наша работа такая, што ў горле сохне. Не шукайця нічога такога, міс, пойдзе любое, што пад рукамі.
— Чаго б вы хацелі? — спытаў доктар, падыходзячы разам з маладой лэдзі да буфета.