Хлопчык ведаў назву вуліцы, на якой жыў містэр Браўнлоў, і яны адразу скіраваліся туды. Калі карэта завярнула за рог вуліцы, сэрца хлопчыка забілася так моцна, што ён пачаў задыхацца.
— Ну, хлопча мой, каторы дом? — запытаўся містэр Лосбэрн.
— Гэты! Гэты! — адказаў Олівер, узрушана паказваючы ў акно карэты. — Белы дом. О! Хутчэй! Прашу вас, хутчэй! Я зараз памру — мяне ўсяго трасе.
— Спакойна, спакойна, — сказаў добры доктар, паляпваючы яго па плячы. — Зараз ты іх пабачыш, і яны надта ўсцешацца, што ты жывы і здаровы.
— О, я спадзяюся, што гэта будзе так! — усклікнуў Олівер. — Яны былі такімі добрымі да мяне, ну вельмі добрымі.
Карэта пад’ехала да дома і спынілася. Не, дом быў не той; наступныя дзверы. Праз колькі крокаў карэта зноў спынілася. Олівер глядзеў у акно карэты, і слёзы радаснага чакання каціліся па яго шчаках.
На жаль, белы дом быў пусты, а ў акне была шыльда: «Здаецца ў наём».
— Пастукаем у суседні дом, — крыкнуў містэр Лосбэрн, узяўшы Олівера за руку. — Вы не ведаеце, што стала з містэрам Браўнлоў, які жыў у суседнім доме?
Слуга не ведаў, але згадзіўся пайсці ў дом і спытаць у гаспадароў. Неўзабаве ён вярнуўся і сказаў, што містэр Браўнлоў прадаў усё сваё майно і з’ехаў шэсць тыдняў таму ў Вест-Індыю. Олівер сціснуў рукі і зняможана апусціўся на сядушку карэты.
— А ягоная эканомка таксама паехала з ім? — спытаў містэр Лосбэрн пасля хвіліннага маўчання.
— Так, сэр, — адказваў слуга. — Яны разам з’ехалі — і стары джэнтльмен, і эканомка, і сябра старога джэнтльмена.
— Тады варочайце назад, — сказаў містэр Лосбэрн кучару, — і не спыняйцеся карміць коней, пакуль мы не выедзем з гэтага праклятага Лондана!
— А ўладальнік кнігарні, сэр? — спытаў Олівер. — Я ведаю, як туды праехаць. Давайце заедзем да яго, прашу вас!
— Бедны мой хлопчык, хопіць расчараванняў на сёння, — адказаў доктар. — Даволі для нас абодвух. Калі мы яшчэ зойдзем да ўладальніка кнігарні, то, напэўна, высветліцца, што ён памёр, або спаліў свой дом, або ўцёк. Не, прамым ходам дахаты!
І яны ў поўнай адпаведнасці з гэтым імпульсам доктара паехалі дадому.
Гэтае горкае расчараванне прынесла Оліверу шмат смутку і журбы, нягледзячы на ўсё ягонае шчасце, бо падчас сваёй хваробы ён шмат думаў, што маглі б сказаць яму містэр Браўнлоў і місіс Бэдуін, як прыемна было б паведаміць ім, што ён шмат дзён і начэй правёў, раздумваючы пра тое, колькі многа дабра яны для яго зрабілі, і аплакваючы іх горкае растанне. Яго натхняла і падтрымлівала ў часе жорсткіх выпрабаванняў надзея апраўдацца перад імі і расказаць ім пра тое, як яго выкралі; ён не мог прымірыцца з думкай, што яны паехалі так далёка і павезлі з сабой перакананасць у тым, што ён падманшчык і злодзей, — перакананасць, якая можа так і застацца неабвержанай да ягонай апошняй хвілі жыцця.
Аднак усё гэта ніяк не паўплывала на стаўленне да яго ягоных дабрадзеяў. Яшчэ праз два тыдні, калі ўсталявалася добрае надвор’е, дрэвы зазелянелі новай лістотай, раскрылі свае бутоны кветкі, пачалася падрыхтоўка да ад’езду на некалькі месяцаў у вёску. Адаслаўшы ў банк сталовае срэбра, якое так узрушыла сквапнасць габрэя, і пакінуўшы дом на Джайлса і служанку, яны перабраліся ў вясковы асабняк, што знаходзіўся даволі далёка ад горада. Олівера яны ўзялі з сабой.
Хто можа апісаць задавальненне і радасць, спакой і ціхамірнасць духу, — усё тое, што хваравіты хлопчык адчуў у напоеным водарам траў паветры сярод зялёных пагоркаў і густых лясоў, якія акружалі вёску! Хто можа расказаць, як адбіваюцца ў душах змучаных насельнікаў людных і шумных гарадоў выявы згоды і цішыні і як глыбока кладзецца ў збалелыя сэрцы іхняя свежасць? Людзі, якія ўсё сваё жыццё пражылі ў людных, цесных вулках, цяжка працуючы, без спадзявання на перамены, людзі, для якіх звычка насамрэч стала другою натурай і якія амаль палюбілі кожную цагліну і камень, якія абазначалі цесныя межы іх штодзённых шляхоў, — нават гэтыя людзі, калі над імі ўжо навісала рука смерці, хацелі нарэшце хоць мімаходам паглядзець у твар Прыроды; калі яны аддаляліся ад сцэны сваіх колішніх перажыванняў і захапленняў, то быццам бы адразу траплялі ў іншае вымярэнне быцця. Калі яны дзень за днём выпаўзалі на якую-небудзь зялёную сонечную лугавіну, то ў іх пры выглядзе неба, пагоркаў, долаў, бляску вады абуджаліся такія ўспаміны, што нават прадвесце іншасвету злагоджвала іх шпаркае завяданне, і яны сыходзілі ў магілу гэтаксама ціхмяна, як знікала з іх цьмянага, згаслага зроку сонца, заход якога яны назіралі з акна сваёй самотнай спальні нейкія пару гадзін таму! Успаміны, якія выклікаюць мірныя вясковыя краявіды, не належаць да гэтага свету, да яго мараў і спадзяванняў. Іхні дабратворны ўплыў можа навучыць нас, як узнавіць вянкі на магілах тых, каго мы любілі, можа ачысціць нашыя намеры і знішчыць старую варажнечу ды нянавісць, але пад усім гэтым нават у душы найменш сузіральнай дрэмле няпэўнае, напаўсфармаванае ўсведамленне таго, што такія пачуцці ўжо былі зведаныя некалі даўно, у нейкія старыя, аддаленыя часы, і гэта абуджае ўзвышаныя думкі пра кругаварот часоў, суцішае свецкую мітусню і пыху.