Олівер, які спалохана назіраў за старой лэдзі, убачыў, што яна ўстрывожаная такімі праявамі; папраўдзе, ён таксама быў занепакоены, але, заўважыўшы, што яна стараецца не надаваць гэтаму вялікага значэння, ён паспрабаваў зрабіць тое самае, і гэта ўдалося ім настолькі, што Роз, ідучы згодна з цётчынай парадай спаць, была ў найлепшым настроі. Здавалася нават, што ёй стала лепш, і маладая лэдзі запэўнівала іх, што яна заўтра ўранні напэўна ўстане здаровай.
— Можа быць, нічога сур’ёзнага няма? — сказаў Олівер, калі місіс Мэйлі вярнулася. — Яна сёння не выглядала здаровай, але...
Старая лэдзі знакам папрасіла яго не размаўляць, села ў цёмным кутку пакоя і нейкі час сядзела моўчкі. Нарэшце яна з трымценнем у голасе прамовіла:
— Спадзяюся, Олівер, што нічога. Некалькі гадоў я была шчаслівая з ёю, мабыць, занадта шчаслівая. Можа быць, прыйшоў час нейкай бяды, але спадзяюся, што не гэтай.
— Якой? — дапытваўся Олівер.
— Баюся ўдару цяжкага, — сказала старая лэдзі, — страты маёй мілай дзяўчынкі, якая так доўга была маім суцяшэннем і шчасцем.
— О! Крый Божа! — паспешліва ўсклікнуў Олівер.
— Амінь, дзіця маё! — сказала старая лэдзі, ламаючы рукі.
— Але ж нічога такога страшнага не пагражае? — сказаў Олівер. — Яшчэ дзве гадзіны назад яна была зусім здаровай.
— Цяпер яна вельмі хворая, — адказала місіс Мэйлі, — і ёй будзе яшчэ горш, гэта напэўна. Мая бедная, бедная Роз! Што б я рабіла без цябе?
Яе туга была такой вялікай, што Олівер, хаваючы свой непакой, наважыўся суцяшаць яе і ўсур’ёз угаворваць, каб яна супакоілася дзеля здароўя маладой лэдзі.
— Вы падумайце, мэм, — казаў Олівер, і слёзы набягалі яму на вочы, хоць ён і стрымліваў іх, — о, падумайце, якая яна маладая і добрая і як добра з ёю ўсім, хто побач. Я ведаю напэўна — я ўпэўнены... дзеля вас, бо вы самі такая добрая, дзеля сябе самой і дзеля ўсіх, каму яна прыносіць столькі шчасця — яна не памрэ. Бог ніколі не дапусціць, каб яна памерла такой маладой.
— Цішэй! — сказала місіс Мэйлі і паклала руку на яго галаву. — Бедны хлопчык, ты разважаеш як дзіця. Але тым не менш ты вучыш мяне майму абавязку. Олівер, я на нейкі момант забылася пра яго, але я спадзяюся, што мне можна дараваць, бо я ўжо старая, пабачыла дастаткова хвароб і смярцей, каб ведаць, што такое пакута разлукі з тымі, каго любіш. Я таксама пабачыла дастаткова, каб ведаць, што не заўсёды Бог захоўвае для тых, хто любіць, самых маладых, самых добрых; гэта якраз і суцяшае нас у нашай жальбе, таму што Бог справядлівы, і такія праявы ягонай волі вучаць нас праз нашыя адчуванні, што ёсць свет лепшы, чым гэты, і што пераход туды адбываецца хутка. Няхай вяршыцца Божая воля! Я люблю яе, і ён ведае, як моцна я яе люблю!
Олівер здзівіўся, калі ўбачыў, што місіс Мэйлі, сказаўшы гэтыя словы, быццам бы перамагла сваю ўзрушанасць, яе пастава стала такой самай прамой, як і раней, прамой і спакойнай. Ён яшчэ больш здзівіўся, калі заўважыў, што гэты самакантроль не быў часовым і што місіс Мэйлі захоўвала яго і надалей — падчас дагляду за хворай, клопатаў, — застаючыся энергічнай і сабранай, выконваючы свае абавязкі няўхільна і, здавалася, нават з бадзёрасцю. Але ён быў яшчэ маленькі і не ведаў, на што здольныя моцныя натуры ў скрайне цяжкіх сітуацыях. Ды і адкуль яму было ведаць, калі нават самі людзі з моцным характарам рэдка аб гэтым здагадваюцца?
Настала трывожная ноч. Раніцай збыліся найгоршыя прадказанні місіс Мэйлі. У Роз пачалася цяжкая, небяспечная гарачка.
— Олівер, нам нельга складваць рукі і аддавацца марнай жальбе, — сказала місіс Мэйлі, прыклаўшы палец да вуснаў і пільна гледзячы яму ў вочы. — Мы мусім як мага хутчэй адправіць гэты ліст містэру Лосбэрну. Трэба занесці яго ў мястэчка, да якога адсюль не больш за чатыры мілі; ісці туды трэба сцежкай праз палі. З мястэчка яго адашлюць конным кур’ерам наўпрост у Чэрсі. Людзі ў гасцініцы возьмуцца зрабіць гэта. Я ведаю, што магу даверыць табе гэтую частку даручэння, веру, што ты справішся.
Олівер нічога не адказаў, аднак па ім было бачна, што ён вельмі хоча выканаць даручэнне.
— А вось яшчэ ліст, — сказала місіс Мэйлі і задумалася. — Не ведаю, адсылаць яго цяпер або пачакаць, што будзе далей з Роз. Я не хацела б адпраўляць яго, пакуль не пачну баяцца горшага.
— А гэта таксама ў Чэрсі, мэм? — спытаў Олівер. Яму карцела выканаць даручэнне, і ён працягнуў дрыжачую руку па ліст.
— Не, — адказала старая лэдзі, машынальна аддаючы ліст. Олівер паглядзеў на яго і ўбачыў, што ён адрасаваны Гары Мэйлі, эсквайру, у нейкі вялікі шляхетны дом у вясковай мясцовасці — дзе, ён не мог разабраць.