Выбрать главу

Якая гэта пакута, якая жахлівая, цяжкая пакута — стаяць, нічога не робячы, у той час як жыццё чалавека, якога шчыра любіш, балансуе на мяжы са смерцю! Якія пакутлівыя думкі цясняцца ў галаве, выклікаючы такія вобразы, якія прымушаюць мацней біцца сэрца, цяжка дыхаць! І гэтае неспатольнае жаданне зрабіць што-небудзь, каб змякчыць боль, паменшыць небяспеку, адхіліць якую мы не ў стане, гэты ўпадак духу, спрычынены нашай нямогласцю — якія катаванні могуць быць роўнымі з імі, якія роздумы і спробы нешта зрабіць могуць аслабіць іх у цяжкую, гарачкавую хвіліну!

Надышоў ранак, а ў маленькім асабняку было ціха. Людзі размаўлялі шэптам. Час ад часу ля брамкі з’яўляліся спалоханыя твары, і жанчыны ды дзеці адыходзілі ў слязах. Увесь гэты бясконцы дзень і яшчэ колькі гадзін пасля таго, як стала цёмна, Олівер ціхенька хадзіў узад-уперад па садзе, зноў і зноў падымаючы вочы на акно хворай і ўздрыгваючы кожны раз ад страху, бо яму здавалася, што над зацемненым акном распасцёрся цень смерці. Позна ўначы прыехаў містэр Лосбэрн.

— Як гэта цяжка, — сказаў, адвярнуўшыся, добры доктар. — Такая маладая, такая для ўсіх любая — але надзеі вельмі мала.

Зноў надышоў ранак. Сонца свяціла ярка — так ярка, быццам не бачыла ні гора, ні тугі; навокал буяла зеляніна і кветкі, здароўе, усё поўнілася гукамі і праявамі радасці — а чароўная маладая істота хутка згасала. Олівер схаваўся ў нейкі куток на старых могілках і плакаў там моўчкі, седзячы на зялёным капцы.

Навокал панаваў такі спакой, прыгажосць, столькі радасці было ў асветленым сонцам краявідзе, такая вясёлая музыка чулася ў спевах птушак, такая вольнасць адчувалася ў хуткім палёце грака нізка над галавой, так шмат было ва ўсім ад жыцця, ад весялосці, што хлопчык, падняўшы збалелыя ад плачу вочы і агледзеўшыся, інстынктыўна падумаў, што гэты час не мог быць часам смерці, што Роз не можа памерці, бо ж такія нягеглыя стварэнні, і тыя задаволеныя жыццём і шчаслівыя, што час капаць магілы надыдзе ў халодную, бязрадасную зіму, а не цяпер, калі ўсё квітнее ў сонечных промнях. І яшчэ ён міжволі падумаў, што саваны прызначаныя для старых, маршчакаватых і што яны ніколі не ахіналі сваімі жахлівымі складкамі маладое і прыгожае цела.

Удар звона на царкоўнай званіцы — сігнал да пахавання — груба перарваў гэтыя дзіцячыя думкі. Яшчэ адзін удар! І яшчэ! Звон склікаў на пахавальную службу. У царкоўную браму прайшла група прыбітых горам праваджальнікаў. У іх былі белыя стужкі: нябожчык быў малады. Яны стаялі на краі магілы з непакрытымі галовамі, і сярод іх была маці — маці, у якой памерла дзіця. Але сонца свяціла ярка, і спявалі птушкі.

Олівер пайшоў дадому. Ён думаў пра тое, колькі дабра ён спазнаў ад маладой лэдзі, марыў, каб зноў вярнуўся той час і каб ён зноў мог няспынна даказваць ёй сваю ўдзячнасць і любоў. У яго не было ніякіх прычын, каб дакараць сябе за недахоп увагі або непаважлівае стаўленне — ён заўсёды быў рады служыць лэдзі. І ўсё ж Олівер прыпомніў сотні дробных выпадкаў, калі ён, як яму здавалася, мог пастарацца лепш, дзейнічаць больш плённа, і ён шкадаваў, што не рабіў так. Нам трэба быць асцярожнымі ва ўзаемінах з тымі, хто нас акружае, бо кожная смерць прыносіць для маленькага кола тых, хто застаўся, думкі пра тое, як мала было зроблена і як шмат упушчана, колькі забыта і колькі можна было змяніць да лепшага, але гэта не рабілася. Няма шкадавання больш глыбокага, чым шкадаванне пра тое, чаго ўжо не паправіш, і калі мы хочам пазбавіць сябе ад гэтых пакутаў, то давайце ўспомнім пра гэта, пакуль не позна.

Калі ён прыйшоў дадому, місіс Мэйлі сядзела ў маленькай гасцёўні. У Олівера сэрца ёкнула, калі ён яе ўбачыў: старая лэдзі не адыходзіла ад пасцелі сваёй пляменніцы, і ён з трымценнем думаў, якая перамена прымусіла яе адысці. Ён даведаўся, што Роз моцна заснула і што калі яна прачнецца, то або пачне выздараўліваць, або развітаецца з імі ўсімі і памрэ.

Так яны сядзелі некалькі гадзін, услухваліся, баяліся загаварыць. Абед аднеслі некранутым; бачна было, што думкі іхнія луналі дзесьці далёка — так сачылі яны за сонцам, якое апускалася ўсё ніжэй і ніжэй і нарэшце афарбавала зямлю і неба ў тыя ружовыя колеры, якія прадвяшчаюць яго заход. Напружаны іхні слых улавіў крокі: нехта набліжаўся. Міжволі яны разам кінуліся да дзвярэй; увайшоў містэр Лосбэрн.

— Што з Роз? — усклікнула старая лэдзі. — Кажыце адразу! Я не магу вынесці чакання: што заўгодна, толькі не няпэўнасць! О, кажыце хутчэй, дзеля Бога!

— Супакойцеся, прашу вас, — адказаў доктар, падтрымліваючы яе. — Будзьце спакойнай, дарагая мэм, прашу вас.