— Пусціце мяне, дзеля Бога! Маё дарагое дзіця! Яна памерла! Яна памірае!
— Не! — горача ўсклікнуў доктар. — З Божае ласкі і спагады яна будзе жыць на радасць і блаславенне нам яшчэ шмат гадоў!
Лэдзі ўпала на калені і паспрабавала скласці рукі, але сілы, якія так доўга падтрымлівалі яе, адышлі ў неба з першай падзякай з яе вуснаў, і яна апусцілася на рукі сябра.
РАЗДЗЕЛ XXXIV
утрымлівае некаторыя папярэднія звесткі пра аднаго маладога джэнтльмена, які з’яўляецца на сцэне, а таксама новую прыгоду Олівера Твіста
Cтолькі шчасця цяжка было вытрымаць. Олівер быў узрушаны, агаломшаны нечаканай весткай; ён не мог ні плакаць, ні размаўляць, ні сядзець склаўшы рукі. Яму ледзьве хапіла сілы асэнсаваць, што ж адбылося, і пасля доўгага шпацыру на халаднаватым вечаровым паветры ён расплакаўся. Слёзы прынеслі яму палёгку; ён быццам бы ачнуўся і ўсвядоміў цалкам тую радасную перамену, якая адбылася, і наколькі непад’ёмным быў груз трывогі, зняты з ягоных плячэй.
Хутка надышлі прыцемкі. Ён вярнуўся дадому, нагружаны кветкамі, якія збіраў з асаблівай стараннасцю, каб упрыгожыць імі пакой хворай. Ён бадзёра крочыў па дарозе і тут пачуў, што ззаду едзе нейкі экіпаж і што набліжаецца ён з шалёнай хуткасцю. Олівер азірнуўся і ўбачыў, што да яго хутка набліжаецца паштовая карэта; паколькі коні імчалі галопам, а дарога была вузкая, ён прыціснуўся да брамы, каб прапусціць экіпаж.
Калі карэта праязджала паўз яго, Олівер паспеў заўважыць мужчыну ў доўгім начным каўпаку, твар якога падаўся яму знаёмым; аднак экіпаж прамільгнуў так хутка, што ён не паспеў пазнаць чалавека. Праз секунду ці дзве каўпак высунуўся ў акно карэты, і гучны голас загадаў кучару спыніцца, што той выканаў, як толькі яму ўдалося ўправіцца з коньмі. Той самы голас аклікнуў Олівера па імені.
— Гэй! — крыкнуў голас. — Олівер, што новага? Міс Роз! Мастэр О-лі-вер!
— Гэта вы, Джайлс? — усклікнуў Олівер, падбягаючы да дзвярэй.
Джайлс зноў высунуў свой каўпак і хацеў быў нешта адказаць,
як раптам яго адпіхнуў нейкі малады чалавек, які займаў другі куток карэты, і таксама нецярпліва перапытаў, што новага.
— Адным словам, — крыкнуў джэнтльмен, — лепш або горш?
— Лепш, нашмат лепш! — паспешліва азваўся Олівер.
— Дзякуй Богу! — усклікнуў джэнтльмен. — Ты гэта дакладна ведаеш?
— Так, сэр, — адказваў Олівер. — Крызіс мінуў усяго некалькі гадзін таму назад. Містэр Лосбэрн кажа, што ўся небяспека мінула.
Джэнтльмен больш не прамовіў ні слова. Ён прачыніў дзверы карэты, выскачыў на дарогу, узяў Олівера за руку і адвёў убок.
— Ты ўпэўнены ў гэтым? Хлопчык мой, ты не памыляешся? — дрыготкім голасам дапытваўся чалавек. — Малю, не падманвай мяне, не абуджай спадзяванняў, якім не дадзена спраўдзіцца.
— Я не стаў бы гэтага рабіць ні за што на свеце, сэр, — адказваў Олівер. — Верце мне. Містэр Лосбэрн сказаў, што яна будзе жыць на радасць нам яшчэ шмат гадоў. Я чуў гэта на ўласныя вушы.
У Олівера слёзы навярнуліся на вочы, калі ён успомніў сцэну, якая падарыла так шмат шчасця; джэнтльмен адвярнуў твар і нейкі час маўчаў. Оліверу падалося, што ён пачуў, як той некалькі разоў перасільваў рыданне, але не хацеў замінаць джэнтльмену, бо добра разумеў, што той адчувае ў гэты момант, таму проста стаяў збоку і рабіў выгляд, што заняты сваім букетам.
Увесь гэты час містэр Джайлс у белым начным каўпаку сядзеў на сходах карэты, абапершыся абодвума локцямі на калені і выціраючы вочы сіняй папяровай насоўкай з белымі крапінамі. Бядак не прыкідваўся ўзрушаным — пра гэта сведчылі яго чырвоныя вочы, якія ён падняў на маладога джэнтльмена, калі той павярнуўся і загаварыў з ім.
— Сядайце вы, Джайлс, у карэту і едзьце да маёй маці, — сказаў ён. — Я паціху пайду пешшу, каб выйграць трохі часу, пакуль яе не пабачу. Перадайце, што я падыходжу.
— Прашу выбачыць, містэр Гары, — адказаў Джайлс, канчаткова паправіўшы стан свайго аблічча пры дапамозе насоўкі, — але быў бы абавязаны вам, каб вы даручылі гэтую місію паштоваму кур’еру. Не належыць жанчынам бачыць мяне ў такім стане, сэр. Я назаўсёды страціў бы аўтарытэт у іх, каб гэта здарылася.
— А наогул рабіце, як вам лепш, — згадзіўся, усміхаючыся, Гары Мэйлі. — Няхай ён едзе паперадзе з багажом, калі вам так хочацца, а вы ідзіце следам разам з намі. Але найперш памяняйце гэты начны каўпак на больш адпаведны галаўны ўбор, інакш нас прымуць за вар’ятаў.
Містэр Джайлс, атрымаўшы напамін пра свой неадпаведны касцюм, сцягнуў з галавы і схаваў у кішэню каўпак, а ўзамен надзеў капялюш простага і сур’ёзнага фасону, які ён знайшоў у карэце. Пасля гэтага фарэйтар ад’ехаў, а Джайлс, містэр Мэйлі і Олівер, не спяшаючыся, пайшлі следам.