Па дарозе Олівер час ад часу кідаў на новага чалавека зацікаўленыя позіркі. На выгляд таму было гадоў дваццаць пяць; ён быў сярэдняга росту, твар адкрыты і прыемны, манера трымацца простая і нязмушаная. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ён так быў падобны на старую лэдзі, штоОліверу няцяжка было прыйсці да думкі аб іх сваяцтве, нават калі б джэнтльмен і не згадаў місіс Мэйлі як сваю маці.
Калі яны наблізіліся да асабняка, місіс Мэйлі з нецярпеннем чакала сына. Сустрэча ўзрушыла абоіх.
— Мама! — прашаптаў малады чалавек. — Чаму ты мне не пісала?
— Я напісала, — адказала місіс Мэйлі, — але, падумаўшы, вырашыла не адсылаць ліст да таго часу, пакуль не пачую меркавання містэра Лосбэрна.
— Але навошта, — працягваў малады чалавек, — навошта было рызыкаваць, калі ледзьве не здарылася тое, што магло б здарыцца? Калі б Роз — я не магу наважыцца вымавіць гэтае слова, — калі б хвароба скончылася інакш, як бы вы змаглі прабачыць сабе? Хіба мог бы я зноў быць шчаслівым калі-небудзь?
— Калі б гэта здарылася, Гары, — адказала місіс Мэйлі, — тваё жыццё было б разбітае, і ўжо не адыгрывала б вялікай ролі, прыехаў бы ты на дзень раней або на дзень пазней.
— Няхай так — што ж дзіўнага, мама? — адказаў малады чалавек. — І навошта казаць «калі б»? Так яно і ёсць насамрэч, так і ёсць, мама, і вы гэта добра ведаеце!
— Я ведаю, што яна заслугоўвае найлепшай і найчысцейшай любові, на якую здольнае сэрца мужчыны, — сказала місіс Мэйлі. — Я ведаю, што яе зычлівая і жарсная натура патрабуе ў адказ большага, чым павярхоўная прыхільнасць — яна патрабуе пачуцця трывалага і глыбокага. Калі б я гэтага не разумела і не ведала, што, калі да яе памяняе стаўленне той, каго яна кахае, я палічыла б сваю задачу не такой цяжкай і з лёгкім сэрцам узялася б за выкананне таго, што лічу сваім непасрэдным абавязкам.
— Гэта несправядліва, мама, — запярэчыў Гары. — Ты ўсё яшчэ глядзіш на мяне як на хлопчыка, які не ўсведамляе сваіх здольнасцяў і не разумее памкненняў свайго сэрца!
— Мой дарагі сын, — сказала місіс Мэйлі, кладучы руку яму на плячо, — я думаю, што юнацтву ўласцівыя высакародныя памкненні, якія не працягваюцца доўга, а сярод іх ёсць такія, якія, калі іх задавальняюць, робяцца яшчэ больш мімалётнымі.
А найперш думаю, — працягвала лэдзі, гледзячы сыну проста ў вочы, — калі імпульсіўны, эмацыйны і самалюбівы мужчына жэніцца з дзяўчынай, імя якой заплямленае, то хоць яна ў гэтым і не вінаватая, але бессардэчныя, дрэнныя людзі могуць дапякаць усё жыццё ёй і ейным дзецям і, з узрастаннем яго поспеху ў свеце, нагадваць яму пра пляму і здзекавацца з яго; і я думаю, што аднойчы гэты чалавек, які б ні быў ён добры і велікадушны, можа раскаяцца ў саюзе, на які пайшоў у маладосці, а дзяўчына будзе пакутаваць, ведаючы пра гэта.
— Мама, — нецярпліва запярэчыў малады чалавек, — той, хто ўчыніў гэта, быў бы адно толькі эгаістычным нягоднікам, нявартым таго, каб называцца мужчынам, і нявартым жанчыны, якую вы апісваеце.
— Так ты думаеш цяпер, Гары, — сказала яго маці.
— І буду думаць так заўсёды! — адказаў малады чалавек. — Душэўныя пакуты, якія я вынес за апошнія два дні, змушаюць мяне да непрыхаванага прызнання ў жарсці, якая, як вам добра вядома, зарадзілася не ўчора і не ёсць мімалётным пачуццем. Маё сэрца належыць толькі Роз, мілай, пяшчотнай дзяўчынцы маёй, як толькі можа належаць жанчыне мужчынскае сэрца. У мяне ў жыцці няма думак, поглядаў, спадзяванняў, не звязаных з ёю, і калі вы замінаеце гэтым маім памкненням, то вы бераце ў свае рукі мой спакой і маё шчасце і выкідваеце іх на вецер. Падумайце, мама, пра гэта, падумайце пра мяне і не забывайцеся пра цёплыя пачуцці, пра якія вы, здаецца, мала думаеце!
— Гары! — усклікнула місіс Мэйлі. — Я якраз і думаю. Шмат думаю пра гарачыя, чуллівыя сэрцы, бо хачу засцерагчы іх ад ран. Але мы ўжо гаварылі пра гэта многа, гаварылі нават больш чым трэба.
— Тады няхай вырашае Роз, — уставіў Гары. — Вы не будзеце настойваць на гэтых сваіх меркаваннях, каб ствараць перашкоды на маім шляху?
— Не, — адказвала місіс Мэйлі, — але я хацела б, каб ты падумаў...
— Я ўжо падумаў! — нецярпліва перапыніў Гары. — Мама, я ўжо падумаў, а думаў я доўгія гады. Я пачаў думаць ужо тады, калі навучыўся сур’ёзна разважаць. Мае пачуцці застаюцца нязменнымі, якімі былі заўсёды. Навошта мне пакутваць далей, адкладваючы рашэнне, не даючы выхаду сваім пачуццям, калі гэта ні да чога добрага не прывядзе? Не! Я скажу Роз і толькі потым паеду адсюль.