— Скажаш, скажаш, — азвалася місіс Мэйлі.
— Калі ты так гаворыш, я пачынаю баяцца... Ці не хочаш ты сказаць, што яна выслухае мяне холадна, мама?
— Не, не холадна, — запярэчыла старая лэдзі. — Зусім не!
— Дык што? — дапытваўся малады чалавек. — Ці не сустрэла яна каго-небудзь іншага?
— Не, — запярэчыла яго маці, — можа, я і памыляюся, але відаць, што ты ўжо завалодаў яе пачуццямі. Што я хачу сказаць... — працягвала сталая лэдзі, спыняючы свайго сына, які збіраўся нешта ўставіць. — Што я хачу сказаць, дык гэта наступнае. Перш чым ставіць на гэтую карту, перш чым рызыкнуць і ўзляцець да самай высокай кропкі надзеі, падумай, дарагое маё дзіця, паразважай над біяграфіяй Роз і разваж, як можа паўплываць на яе рашэнне тое, што яна ведае пра сваё сумніўнае паходжанне, — калі ўжо яна так аддадзеная нам усёй сваёй высакароднай душой, калі заўсёды гатовая ахвяраваць сваімі інтарэсамі — як у вялікім, так і ў малым.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Што табе трэба падумаць, — быў адказ місіс Мэйлі. — Мне трэба ісці да яе. Блаславі цябе Бог!
— Мы ўбачымся сёння ўвечары? — усхвалявана спытаў малады чалавек.
— Потым, — адказала лэдзі, — калі я прыйду ад Роз.
— Вы скажаце ёй, што я тут? — спытаў Гары.
— Зразумела, — адказала місіс Мэйлі.
— Скажыце ёй, як я баяўся за яе, як пакутаваў і як хацеў убачыць яе. Не адмоўце мне, мама!
— Не, — сказала старая лэдзі, — я ўсё ёй скажу.
І яна, узрушана паціснуўшы сынаву руку, паспешліва выйшла з пакоя.
Падчас гэтай спешнай размовы містэр Лосбэрн і Олівер заставаліся ў другім канцы пакоя. Цяпер лекар працягнуў руку
Гары Мэйлі, і яны сардэчна павіталіся. Потым містэр Лосбэрн мусіў адказаць на шматлікія пытанні свайго маладога сябра і падрабязна апісаць стан пацыенткі, і гэтая справаздача была не менш суцяшальнай, дарыла не меншую надзею, чым аповед Олівера. Містэр Джайлс рабіў выгляд, што займаецца багажом, але слухаў навастрыўшы вушы.
— Нічога асаблівага не падстрэлілі за апошні час, містэр Джайлс? — запытаўся лекар, калі скончыў сваю справаздачу.
— Нічога асаблівага, сэр, — адказаў містэр Джайлс, пачырванеўшы да вушэй.
— Не злавілі ніякіх злодзеяў, не апазналі ніякіх узломшчыкаў? — працягваў лекар.
— Не, сэр, — больш пэўна адказаў містэр Джайлс.
— Шкада, — сказаў доктар, — вы ж так выдатна робіце такія рэчы. Прашу вас, скажыце хутчэй, як там справы ў Брытлза?
— З хлопцам усё ў парадку, сэр, — сказаў містэр Джайлс, вяртаючыся да свайго звычайнага апякунскага тону, — ён прасіў засведчыць вам сваю глыбокую пашану.
— Гэта добра, — адказаў містэр Лосбэрн. — Калі я вас убачыў, містэр Джайлс, я ўспомніў, што за дзень да таго, як мяне спешна выклікалі сюды, я, згодна з просьбай вашай добрай гаспадыні, выканаў маленькае даручэнне на вашу карысць. Калі ласка, адыдземся на хвіліну сюды ў куток, добра?
Містэр Джайлс салідна і крыху здзіўлена пакрочыў у куток, дзе ён меў гонар пра нешта шаптацца з доктарам; пасля гутаркі ён пачаў выштукоўваць паклоны, а потым адышоў надзвычай важнаю хадою.
Прадмет гэтай размовы застаўся таямніцай у гасцёўні, але адразу быў раскрыты на кухні — містэр Джайлс, не марудзячы, накіраваўся туды і, запатрабаваўшы сабе кубак элю, з велічна-таямнічым, вельмі эфектным выглядам заявіў, што ягоная гаспадыня вырашыла, прымаючы пад увагу ягоныя бліскучыя паводзіны падчас нядаўняга рабаўніцтва, пакласці ў мясцовым аддзяленні банка на яго імя суму ў дваццаць пяць фунтаў. Тут абедзве служанкі паднялі рукі, закацілі вочы і выказалі меркаванне, што цяпер ужо містэр Джайлс, напэўна, заганарыцца. На гэта містэр Джайлс паправіў жабо, запярэчыў: «Не, не», — і дадаў, што калі хто-небудзь заўважыць за ім высакамернае стаўленне да падначаленых, то ён будзе ўдзячны, калі яму адразу скажуць пра гэта. Потым ён зрабіў шмат іншых заўваг, якія не менш сведчылі пра яго сціпласць і якія былі прынятыя гэтаксама прыхільна і былі, да таго ж, арыгінальнымі і дарэчнымі, як і наогул бываюць заўвагі вялікіх людзей.
Канец вечара прайшоў наверсе вельмі весела: лекар быў у выдатным настроі, і якім бы здарожаным і задумлівым ні быў Гары Мэйлі напачатку, але і ён не ўстаяў супраць станоўчага ўплыву гэтага годнага джэнтльмена, які выразіўся ў мностве жартаў, прафесійных успамінаў і бясконцых малых розыгрышах, якія здаваліся Оліверу самымі смешнымі з калі-небудзь ім пачутых і з якіх ён, адпаведна, смяяўся, што выклікала рашучае задавальненне ў слаўнага доктара, які сам рагатаў нястрымна і заражаў сваім смехам Гары, так што той смяяўся амаль гэтаксама ад душы. Такім чынам, яны бавілі час настолькі прыемна, наколькі гэта дазвалялі абставіны, і пайшлі адпачываць, калі было ўжо позна, з лёгкасцю і радасным пачуццем у сэрцы, а менавіта гэта было ім так патрэбна пасля перажытых нядаўна ўзрушэнняў і роспачы.