Выбрать главу

Наступным ранкам Олівер устаў у добрым настроі і ўзяўся за свае звычайныя ранішнія справы нашмат ахвотней і з большым аптымізмам, чым у любы з апошніх дзён. Зноўку былі развешаныя клеткі, каб птушкі спявалі на сваіх старых месцах, зноў былі сабраныя найлепшыя палявыя і лугавыя кветкі, якія толькі можна знайсці, каб яны сваёй прыгажосцю радавалі Роз. Усё навокал было цудоўным, рассеялася, быццам згодна з воляй нейкага чараўніка, маркота, якая, як здавалася сумным вачам спалоханага хлопчыка, вісела апошнімі днямі над усім навокал. Здавалася, што раса на зялёных лістах іскрыцца ярчэй, вецер у ёй шапоча пяшчотней, а неба стала сінейшым і ярчэйшым. Так уплываюць нашыя думкі, наш душэўны стан нават на знешні выгляд прадметаў. Людзі, якія, сузіраючы прыроду і людзей навокал, сцвярджаюць, што ўсё навокал змрочнае і сумнае, маюць рацыю, але цёмны колер ёсць адбіткам іх уласных азмрочаных горыччу вачэй і сэрцаў. Насамрэч фарбы гэтыя больш далікатнага кшталту і патрабуюць лепшага зроку.

Варта заўважыць — і Олівер не прамінуў звярнуць на гэта ўвагу, — што гэтыя ранішнія вандроўкі не праходзілі болей у адзіноце. Гары Мэйлі, заўважыўшы самым першым ранкам, як Олівер ідзе дадому са сваім грузам, быў настолькі захоплены жарсцю да кветак і паказаў у іх падборы такое ўменне, што пакінуў свайго маладога супольніка далёка ззаду. Але хоць Олівер і адстаў у гэтым, затое яму вядома было, дзе знайсці лепшыя кветкі. Так яны і прачэсвалі ваколіцы дзень за днём, прыносячы дадому найлепшае з таго, што там квітнела. Цяпер акно маладой лэдзі было адчыненае, бо ёй падабалася, калі ў пакой пранікала духмянае летняе паветра і жывіла яе; на падваконні кожны ранак з’яўляўся асабліва рупліва падабраны маленькі букецік. Олівер не мог не заўважыць, што звялыя кветкі ніколі не выкідвалі, хаця маленькая вазачка старанліва напаўнялася новымі; не мог ён не заўважыць таксама, што як толькі доктар выходзіў у сад, ён заўсёды кідаў позірк на той асаблівы куточак, вельмі выразна ківаў галавой і толькі потым выпраўляўся на свой ранішні шпацыр. Олівер назіраў, дні ляцелі адзін за адным, а Роз хутка папраўлялася.

Нельга сказаць, што час для Олівера ішоў павольна, хоць маладая лэдзі яшчэ не выходзіла са свайго пакоя на вячэрні шпацыр; кароткія вандроўкі з Гары Мэйлі не ішлі ў залік. Ён з падвойнай стараннасцю стаў улягаць у заняткі з сівагаловым старым джэнтльменам і працаваў так аддана і плённа, што нават сам здзіўляўся сваім поспехам.

І вось аднойчы падчас яго заняткаў адбылася падзея, якая ўзрушыла яго. Маленькі пакойчык, у якім ён звычайна сядзеў над сваімі кніжкамі, месціўся на першым паверсе ў задняй частцы дома. Гэта быў звычайны пакой асабняка: закратаванае акно, за ім — язмін і бружмель, які віўся па аконнай раме і напаўняў пакой цудоўным водарам. Акно выходзіла ў садок, далей брамка вяла на маленькую агароджаную лугавіну, а яшчэ далей быў прыгожы лугавы разлог і лясы. У той бок паблізу не было ніякага жытла, і адсюль адкрываўся неабмежаваны далягляд.

Адным прыгожым ранкам, калі ўжо пачалі акрэслівацца на зямлі першыя цені, Олівер сядзеў ля акна, паглыбіўшыся ў свае кніжкі. Ён ужо даволі доўга засяроджана працаваў; дзень быў нязвыкла спякотны, папрацаваў ён ужо нямала і неўпрыкмет заснуў, што зусім не прыніжае годнасці аўтараў гэтых кніг.

Такі сон часамі авалодвае намі: ён бярэ ў палон адно цела, а свядомасць не перастае ўспрымаць навакольную рэчаіснасць і лунае, дзе ёй заўгодна. Калі можна назваць сном пачуццё непераадольнай цяжкасці, знясіленасці і поўнай няздольнасці кантраляваць рухі і думкі, — то гэта сон, і ў час такога сну мы ўсведамляем усё, што адбываецца навокал, а калі нам што-небудзь сніцца, то словы, якія мы чуем насамрэч, і гукі, якія ў гэты момант сапраўды гучаць, з такой дзіўнай лёгкасцю ўпісваюцца ў нашыя мроі, што сон і ява пераплятаюцца, ствараючы адно цэлае, і потым нельга бывае аддзяліць адно ад другога. Але гэта яшчэ не самая дзіўная з праяў, якія суправаджаюць такі наш стан. Хаця нашы пачуцці дотыку і зроку ў гэты час мёртвыя, аднак на заснулыя нашы думкі і мроі, што мільгаюць перад намі, можа паўплываць, і паўплываць матэрыяльна, нават адно прысутнасць нейкага рэальнага аб’екта, які мог і не знаходзіцца паблізу, калі мы заплюшчвалі вочы, і пра блізкасць якога мы не здагадваліся наяве.

Олівер выдатна ўсведамляў, што ён знаходзіцца ў сваім маленькім пакойчыку, што перад ім на стале ляжаць ягоныя кніжкі, што за акном вецер варушыць павоі на раме. І ўсё ж ён спаў. Раптам відовішча змянілася, паветра стала душным і затхлым, і Олівер з жахам падумаў, што ён зноў у доме габрэя. У сваім звыклым кутку сядзіць агідны стары, тыцкае ў яго пальцам і нешта шэпча іншаму чалавеку, які, адвярнуўшыся ўбок, сядзіць побач.