— Цішэй, мой даражэнькі! — падалося яму. — Ведама, гэта ён. Хадзем.
— Ён самы! — здалося, адказваў той, другі. — Не мог я памыліцца. Хай сабе нават цэлы натоўп чарцей пераўвасобіўся ў яго, і ён схаваўся між імі — абавязкова знайшлося б нешта, па чым я яго пазнаў бы. Закапайце яго на пяцьдзясят футаў у зямлю — я ўсё роўна знайду магілу, нават без аніводнай прыкметы, што тут нехта пахаваны.
Чалавек, здавалася, казаў з такой нянавісцю, што Олівер ад жаху прачнуўся і ўскочыў.
Прамілы Божа! Што прымусіла яго сэрца забіцца так моцна, пазбавіла яго голасу, сілы, каб зварухнуцца? Там, там... ля акна, зусім блізка ад яго, так блізка, што ён нават мог бы дакрануцца да яго, калі б не адхіснуўся, стаяў, утаропіўшыся ў яго, гледзячы вочы ў вочы, габрэй! А побач з ім, белы ад шаленства, або страху, або ад сумесі гэтых пачуццяў, стаяў чалавек, які загаварыў да яго ў двары гатэля.
Гэта было адно імгненне, позірк, успышка. Яны адразу зніклі. Але яны пазналі яго, а ён іх, і твары іхнія так моцна адбіліся ў яго памяці, быццам яны былі глыбока высечаныя ў камені і знаходзіліся ў яго перад вачыма з самага нараджэння. Нейкае імгненне ён стаяў у аслупяненні, потым выскачыў з акна ў сад і паклікаў на дапамогу.
РАЗДЗЕЛ XXXV,
які апавядае пра нездавальняючы вынік прыгоды Олівера і пра даволі важную размову паміж Гары і Роз
Калі насельнікі дома, звярнуўшы ўвагу на крыкі Олівера, паспяшаліся на яго голас, хлопчык, бледны, узрушаны, паказваў у бок лугоў за домам і, з цяжкасцю вымаўляючы словы, казаў:
— Габрэй! Габрэй!
Містэр Джайлс не мог зразумець, што гэта азначала, але Гары Мэйлі, які меў больш хуткую рэакцыю і чуў ад Олівера гісторыю ягонай маці, зразумеў імгненна.
— У які бок яны пабеглі? — спытаў ён, схапіўшы цяжкі дрын, які стаяў у кутку.
— У той, — адказаў Олівер, паказваючы, у якім баку зніклі прыхадні. — Яны адразу зніклі.
— Тады яны ў канаве! — сказаў Гары. — За мной! І старайцеся не адставаць.
Сказаўшы гэта, ён пераскочыў цераз агароджу і прыпусціў так шпарка, што іншыя ззаду з цяжкасцю паспявалі.
Джайлс паспяшаўся як мог, тое самае і Олівер; праз хвіліну або дзве перакульнуўся цераз агароджу і містэр Лосбэрн, які быў на шпацыры і цяпер вяртаўся. Ён падхапіўся з большай жвавасцю, чым можна было ад яго чакаць, і на злом галавы кінуўся следам за тымі, хто пабег паперадзе, аглушаючы наваколле крыкамі: «Што здарылася?»
Так яны імчаліся наперад, ні разу не спыніўшыся, каб аддыхацца, пакуль іхні лідэр не павярнуў на ўказаны Оліверам куток поля і не пачаў уважліва абшукваць канаву і агароджы, якія да яе прымыкалі. Гэта дало іншым час яго дагнаць, а Олівер змог расказаць містэру Лосбэрну пра абставіны, якія спрычынілі такую імклівую пагоню.
Аднак пошукі не далі ніякіх вынікаў. Не было нават якіх-небудзь свежых слядоў. Цяпер усе стаялі на невысокім узвышшы, адкуль можна было агледзець навакольныя палі на тры-чатыры мілі. Злева ў лагчыне знаходзілася вёска, але каб дабрацца да яе па дарозе, указанай Оліверам, прыхадням трэба было б зрабіць круг па адкрытай мясцовасці, і яны наўрад ці маглі б схавацца за такі кароткі час. З другога боку луг межаваў са старым густым лесам, але і там яны не маглі праскочыць незаўважанымі.
— Пэўна ж, табе гэта прыснілася, Олівер, — сказаў Гары Мэйлі.
— О не, сэр, — адказаў Олівер, уздрыгваючы пры адным толькі ўспаміне пра агідную фізіяномію старога мярзотніка, — я выразна яго бачыў. Я выразна бачыў іх абодвух, гэтаксама добра, як бачу цяпер вас.
— А хто быў другі? — спыталі разам Гары і містэр Лосбэрн.
— Той самы чалавек, пра якога я вам расказваў. Той, які так нечакана заступіў мне дарогу ля гасцініцы, — адказаў Олівер. — Мы глядзелі адзін аднаму ў вочы, магу вам паклясціся.
— Дык што, ты ўпэўнены: яны пабеглі ў гэты бок? — настойліва запытаў Гары.
— Я бачыў гэта таксама добра, як тое, што яны перад тым стаялі ля акна, — адказаў Олівер, паказваючы на агароджу, што стварала мяжу паміж лугавінай і садам. — Высокі пераскочыў цераз агароджу тут, а габрэй прабег колькі крокаў у правы бок, а потым ушчаміўся ў гэтую пройму.
Пакуль Олівер казаў, абодва джэнтльмены ўважліва зазіралі ў яго сур’ёзны твар; іх пераканала тая ўпэўненасць, з якой ён гаварыў. Аднак пакуль што анідзе не было відаць слядоў людзей, якія паспешліва ўцякалі. Трава была высокая, аднак нідзе не прытаптаная, хіба толькі там, дзе ступалі іх уласныя ногі. Па адкосах і краях канавы наверсе была сырая гліна, але нідзе не было відно слядоў мужчынскіх чаравікаў або хоць якіх-небудзь слядоў, якія паказвалі б, што тут нядаўна ступала нага чалавека.