— Дзіўна, — сказаў Гары Мэйлі.
— Дзіўна, — рэхам адгукнуўся доктар. — Нават Блатэрс і Даф не змаглі б тут разабрацца.
Нягледзячы на відавочную бесперспектыўнасць сваіх пошукаў, яны не пайшлі дадому, пакуль ноч, якая ахінула наваколле, не зрабіла далейшыя пошукі бяссэнсавымі, — але нават тады ад іх адмовіліся з неахвотай. Джайлса паслалі ў вясковыя піўніцы з дакладным апісаннем знешнасці і адзежы прыхадняў, якое даў Олівер. Прынамсі, габрэй быў дастаткова заўважным, каб яго прыкмецілі, калі б ён зайшоў выпіць куфаль элю або проста бадзяўся б паблізу, аднак Джайлс вярнуўся ні з чым, так што нельга было раскрыць або як-небудзь растлумачыць таямніцу.
Наступным днём пошукі былі адноўленыя, зноў спрабавалі нешта даведацца, але зноў без поспеху. Яшчэ праз дзень Олівер і містэр Мэйлі выправіліся ў мястэчка ў спадзяванні, што там пачуюць што-небудзь пра прыхадняў, але і гэтае намаганне не дало вынікаў, так што праз некалькі дзён здарэнне пачало забывацца, як забываецца шмат чаго, калі цікаўнасць, не атрымаўшы болей спажывы, памірае сама сабой.
Між тым Роз хутка папраўлялася. Яна ўжо магла выходзіць са свайго пакоя, хадзіць у доме і на вуліцу; зноў уліўшыся ў кола сям’і, яна напаўняла радасцю сэрцы ўсіх.
Але хоць гэтая шчаслівая перамена мела бачны ўплыў на маленькае кола, хоць радасныя галасы і вясёлы смех зноў загучалі ў асабняку, часамі ў некаторых прыналежных да пенатаў адчувалася нейкая напружанасць, нават у самой Роз, і Олівер не прамінуў гэта заўважыць. Місіс Мэйлі з сынам часта сядзелі, замкнуўшыся ўдваіх, а Роз не аднойчы прыходзіла заплаканая. Пасля таго, як містэр Лосбэрн вызначыў дзень свайго ад’езду ў Чэрсі, гэтыя сімптомы сталі больш частымі, і было відавочна, што адбывалася нешта такое, што ўплывала на душэўны спакой маладой лэдзі і яшчэ кагосьці з блізкага атачэння.
Нарэшце, аднойчы ранкам, калі Роз была адна ў маленькай сталоўцы, туды ўвайшоў Гары Мэйлі і пасля некаторага вагання папрасіў у яе дазволу на кароткую размову.
— Мне трэба мала, зусім мала часу, Роз, — сказаў малады чалавек, падсоўваючы крэсла і сядаючы насупраць яе. — Тое, што я хачу сказаць, ужо само адкрылася вашаму розуму. Мае самыя шчырыя мары і спадзяванні не былі схаваныя ад вас, хоць вы яшчэ не чулі ад мяне ні слова пра іх.
Роз пабялела, як толькі ён увайшоў, але гэта можна было патлумачыць яе хваробай. Яна толькі кіўнула і, схіліўшы галаву да кветак, якія стаялі паблізу, моўчкі чакала працягу.
— Мне... мне варта было б паехаць адсюль раней, — сказаў Гары.
— Насамрэч, — адказала Роз. — Прабачце, што я кажу так, але як для мяне, дык лепей бы вы паехалі.
— Мяне прывяла сюды боязь самага страшнага і непапраўнага, — працягваў малады чалавек, — боязь страціць дарагога чалавека, з якім звязаныя ўсе мае спадзяванні і надзеі. Вы паміралі, вы луналі паміж небам і зямлёй. Мы ведаем: калі хвароба наведвае маладых, прыгожых, добрых, то чыстыя іх душы падсвядома імкнуцца да светлага прытулку дзеля вечнага спачыну... Мы ведаем — няхай дапаможа нам Неба! — што найлепшыя і найчысцейшыя з нас занадта часта вянуць у самым росквіце.
Слёзы набеглі на вочы мілай дзяўчыны, калі яна пачула гэта, і калі адна слязінка ўпала на кветку, над якой янасхілілася, і ярка заблішчала на венчыку, надаючы кветцы яшчэ больш прыгажосці, то здавалася, што гэта вільгаць з вачэй дзяўчыны — увасабленне пачуццяў яе маладога, далікатнага сэрца, якое па праву заяўляе аб радстве з найлепшымі творамі прыроды.
— Анёл, істота, роўная па чысціні і нявіннасці Божым анёлкам, трымцела паміж жыццём і смерцю, — працягваў малады чалавек. — О! Хто мог спадзявацца, калі перад яе вачыма адкрыўся далёкі свет, які больш родны ёй, што яна вернецца да смутку і нягодаў гэтага свету! Роз, Роз, ведаць, што вы знікаеце, як лёгкі цень, адкінуты на зямлю нябесным промнем, не мець надзеі, што вы будзеце ўратаваныя дзеля тых, хто чэзне тут, — не разумеючы, дарэчы, чаму вы мусіце быць выратаванай дзеля нягодаў, — адчуваць, што вы належыце да той прамяністай сферы, у якую так рана адляцела ўжо шмат найлепшых і найчысцейшых, і, аднак, насуперак усім гэтым суцяшальным думкам маліцца за тое, каб вы былі захаваныя для тых, хто вас любіць — такую пакуту хіба можна вынесці? І гэтая пакута была ўва мне, дзень і ноч. Разам з ёй мяне апанавала такая плынь страху, боязі, нават самалюбных перажыванняў ад думкі, што вы можаце памерці, не даведаўшыся, як аддана я кахаю вас — гэтая плынь магла ўвабраць у сябе маю свядомасць, мой розум. Вы пачалі папраўляцца. Дзень за днём, што там — гадзіна за гадзінай дадавалася нейкая кропелька здароўя, улівалася ў кволы ваш струмень жыцця, які паволі цёк у вас, — пакуль ён зноў не набраўся моцы ды імклівасці. Я, можна сказаць, бачыў, як вы вярталіся ад смерці да жыцця, я сачыў за гэтым вачыма, аслепленымі каханнем, жарсным і глыбокім. Дык не кажыце мне, што вы хочаце пазбавіць мяне ўсяго гэтага! Цяпер, калі я люблю, калі маё сэрца больш адкрылася людзям.