— Я не гэта хацела сказаць, — са слязьмі на вачах сказала Роз, — я хачу толькі, каб вы паехалі адсюль і зноў імкнуліся да мэтаў больш годных і высокіх, да мэтаў, якія вартыя вас.
— Няма мэты, больш вартай мяне, больш вартай самага высакароднага чалавека, які толькі можа быць, чым змагацца за сэрца такое, як ваша! — сказаў малады чалавек, беручы яе руку. — Роз, мая мілая Роз, я кахаю вас ужо столькі гадоў. Я кахаў, спадзеючыся заваяваць шлях да славы, а потым горда прыйсці дамоў і падзяліць яе з вамі... Я наяве марыў, як у гэтую шчаслівую хвіліну я нагадаю вам пра тыя шматлікія неўвасобленыя ў словы юнацкія сведчанні любові і папрашу вашай рукі, выконваючы даўняе наша маўклівае пагадненне. Час гэты не настаў, але сёння, не зведаўшы ніякай славы і не спраўдзіўшы ніводнай юнацкай мары, я прапаную вам сэрца, якое ўжо даўно аддадзена вам; увесь мой лёс залежыць ад таго, ці прымеце вы маю прапанову.
— Вы заўсёды ставіліся да мяне добра і высакародна, — адказвала Роз, перасільваючы ўзрушэнне. — Я думаю, вы верыце, што я не бессардэчная і не няўдзячная. Выслухайце мой адказ.
— Вы адкажаце, што я змагу заслужыць вас, ці не так, дарагая Роз?
— Я адкажу, — азвалася Роз, — што вы павінны забыць мяне, — забыць не як старога, адданага сябра (гэта мяне глыбока параніла б), а забыць як тую, каго вы кахаеце. Азірніцеся навокал, падумайце, колькі ёсць на свеце сэрцаў, заваяваць якія вам было б уцешна. Калі хочаце, даверце мне таямніцу вашага новага кахання, і я буду вашым самым адданым, блізкім, шчырым сябрам.
Настала маўчанне. Роз, закрыўшы твар адной рукой, дала волю слязам. Другую руку ўсё яшчэ трымаў Гары.
— А якія прычыны, Роз, — ціхім голасам спытаў ён, — якія прычыны такога вашага рашэння?
— У вас ёсць права ведаць пра іх, — адказала Роз. — І не спрабуйце памяняць маё рашэнне. Гэта — абавязак, які я мушу выконваць. Я мушу зрабіць гэта дзеля іншых і дзеля самой сябе.
— Дзеля сябе?
— Так, Гары, дзеля сябе. У мяне няма ні сяброў, ні багацця; маё імя заплямленае, і я не магу даваць вашым сябрам падставу для падазрэння, быццам я з карыслівых меркаванняў саступіла вашаму першаму каханню і паставіла крыж на вашых спадзяваннях і планах. Дзеля вас і вашых блізкіх я мушу не дапусціць, каб вы праз вашую гарачую, высакародную натуру стварылі сабе такую вялікую перашкоду на шляху да поспеху...
— Калі пачуцці вашы супадаюць з вашым разуменнем абавязку... — пачаў Гары.
— Не, не супадаюць, — адказала Роз, густа пачырванеўшы.
— Дык нашы пачуцці ўзаемныя? — спытаў Гары. — Мілая Роз, скажыце толькі гэта, толькі гэта і змякчыце горыч майго вялікага расчаравання!
— Калі б я зрабіла гэта, не наносячы шкоды таму, каго я люблю, — адказвала Роз, — я магла б...
— Вы ўспрынялі б маё прызнанне зусім інакш? — сказаў Гары. — Не хавайце хоць гэтага ад мяне, Роз!
— Так, — адказала Роз. — Досыць, — дадала яна. — Навошта нам працягваць гэтую цяжкую размову? Вельмі цяжкую для мяне, хоць яна і абяцае мне шчасце на доўгія часы, бо для мяне будзе шчасцем ведаць, якое высокае месца я займала калісьці ў вашым сэрцы; кожны ваш жыццёвы поспех будзе надаваць мне больш сілаў і цвёрдасці. Бывайце, Гары! Мы ніколі не сустрэнемся больш так, як мы сустрэліся сёння, але, хоць дачыненні нашыя і не будуць такімі, якімі маглі б быць пасля сённяшняй размовы, — мы можам сябраваць моцна і доўга. Няхай кожнае блаславенне, здабытае малітвамі адданага і шчырага сэрца з крыніцы ісціны і чысціні, прынясе вам шчасце і радасць!
— Яшчэ адно слова, Роз, — сказаў Гары. — Скажыце, якія ў вас падставы для гэтага. Дазвольце мне чуць іх з вашых вуснаў.
— Перад вамі бліскучая перспектыва, — сур’ёзна адказвала Роз. — Вас чакае пачэсны пасад, які могуць забяспечыць асобе ў грамадскім жыцці вялікі талент і моцныя сваяцкія сувязі. Але людзі, якія стаяць за словам «сувязі», гордыя, і я не хачу мець нешта супольнае з тымі, хто можа з пагардай паставіцца да маці, якая дала мне жыццё, і не хачу прынесці няўдачу, выставіць на здзек сына той, якая з такой дабрынёй замяніла мне маці. Адным словам, — працягвала дзяўчына, адвярнуўшыся, бо часовая яе рашучасць прайшла, — на маім імені пляма, і людзі перанясуць яе на невінаватага! Адказ павінна несці адна я, адна я мушу пакутаваць.