Выбрать главу

— Яшчэ слова, Роз, мілая Роз, яшчэ слова! — усклікнуў Гары, кідаючыся перад ёй на калені. — Калі б я не быў такім... такім шчаслівым, як кажуць у свеце, каб маім наканаваннем было жыццё ціхае, непрыкметнае, каб я быў бедны, хворы, бездапаможны — ці адвярнуліся б вы тады ад мяне? Або гэтыя сумненні спароджаныя тым, што я, мабыць, даб’юся багацця і славы?

— Не прымушайце мяне адказваць, — азвалася Роз. — Гэтае пытанне не ўзнікала і ніколі не ўзнікне. Несправядліва, нават жорстка ў гэтай сітуацыі настойваць на адказе.

— Калі ваш адказ будзе такі, на які я амаль асмельваюся спадзявацца, — працягваў Гары, — то ён пашле прамень на мой самотны шлях і асветліць цёмную сцежку перада мной. Не пустая гэта справа — вымавіць некалькі кароткіх слоў, сказаць іх таму, хто любіць вас больш за ўсіх на свеце. О Роз, іменем майго моцнага, палымянага кахання, дзеля ўсяго таго, што я выпакутаваў, і ўсяго таго, на што вы мяне выракаеце, адкажыце мне на гэтае адно пытанне!

— Так, калі ваш лёс складваўся б інакш, — адказвала Роз, — калі б вы стаялі ў грамадстве не нашмат вышэй за мяне, калі б я магла быць вам дапамогай і суцяшэннем у якім-небудзь сціплым, ціхім, адасобленым месцы, а не ганьбай і перашкодай сярод амбітных, славалюбных людзей, — тады ўсё было б нашмат прасцей. Цяпер у мяне ёсць усе прычыны быць шчаслівай, вельмі шчаслівай, Гары, але тады я была б яшчэ шчаслівейшай.

Калі Роз вымаўляла гэтае прызнанне, перад яе ўнутраным зрокам паўставалі жывыя згадкі былых надзей, якія яна насіла ў сабе даўным-даўно, зусім дзяўчом. Але гэтыя згадкі выклікалі слёзы, якія заўсёды выклікаюць былыя спадзяванні, якія вяртаюцца да нас няспраўджанымі, і слёзы прынеслі ёй палёгку.

— Я не магу справіцца са сваёй слабасцю, але яна яшчэ больш умацоўвае маё рашэнне, — сказала Роз і працягнула яму руку. — А цяпер я пайду.

— Абяцайце мне адно, — сказаў Гары. — Адзін раз, толькі раз, ну, скажам, праз год, а можа быць, і раней... дазвольце мне паразмаўляць з вамі на гэтую тэму яшчэ раз, у апошні раз.

— Але не настойваць на тым, каб я памяняла сваё рашэнне, — сумна ўсміхаючыся, адказала Роз. — Гэта будзе бяссэнсава.

— Згодны! — адказаў Гары. — Толькі пачуць, як вы паўторыце яго, калі захочаце — у апошні раз. Я пакладу да вашых ног усе свае пасады і багацце, якіх дасягну, і калі вы застаняцеся цвёрдай у сваім рашэнні, то я ні словам, ні справай не буду спрабаваць памяняць яго.

— Няхай будзе так, — адказала Роз. — Гэта прынясе новы боль, але да таго часу я змагу лягчэй яго перанесці.

Яна зноў працягнула руку. Але малады чалавек абняў яе, пацалаваў у лоб і выйшаў з пакоя.

РАЗДЗЕЛ XXXVI,

вельмі кароткі і, здавалася б, не мае тут вялікага значэння. Але тым не менш яго трэба прачытаць як працяг папярэдняга і ключ да таго, які будзе ў належны час

Такім чынам, вы наважыліся сёння ранкам ехаць са мной, так? — спытаў лекар, калі Гары Мэйлі далучыўся да яго і Олівера за сняданкам. — Праз кожныя паўгадзіны ў вас мяняецца або настрой, або планы!

— Прыйдзе час, і вы скажаце мне нешта зусім іншае, — адказаў Гары, чырванеючы без усялякай зразумелай прычыны.

— Спадзяюся, што ў мяне будуць на тое важкія падставы, — адказаў містэр Лосбэрн, — хоць прызнаюся, што не думаю, каб выйшла так. Яшчэ ўчора ўвечары вы паспешліва збіраліся застацца тут і, як гэта належыць узорнаму сыну, правесці вашу маці на ўзбярэжжа мора. Яшчэ апоўдні вы абвяшчаеце, што зробіце мне гонар і будзеце суправаджаць мяне, колькі нам будзе па дарозе, самі мяркуючы ехаць у Лондан. А ўвечары вы з вельмі таямнічым выглядам пераконваеце мяне выехаць да таго, як прачнуцца абедзве лэдзі, у выніку чаго малады Олівер мусіць сядзець тут і снедаць, у той час як яму трэба было б гойсаць па навакольных лугах у пошуках батанічных рарытэтаў. Кепскія справы, праўда, Олівер?

— Мне было б вельмі шкада, сэр, каб мяне не было дома, калі вы і містэр Мэйлі будзеце ад’язджаць, — азваўся Олівер.

— Малайчына! — ухваліў доктар. — Калі вернешся ў горад, зайдзі да мяне ў госці. Але Гары, калі казаць сур’ёзна, ці не выкліканае ваша жаданне тэрмінова ехаць нейкім паведамленнем ад важных асоб?

— Ад важных асоб, — адказаў Гары, — да якіх, я мяркую, вы адносіце майго дзядзьку, пакуль я тут знаходжуся, не было ніякіх паведамленняў наогул, ды і ў гэтую пару года наўрад ці магло адбыцца нешта такое, што выклікала б патрэбу ў маёй прысутнасці.