— Але ж і дзіўны вы чалавек! — сказаў лекар. — Зразумела, яны правядуць вас у парламент на перадкалядных выбарах, так што гэтыя перапады і зменлівасць будуць добрымі падрыхтоўчымі захадамі да палітычнага жыцця. У гэтым нешта ёсць. Добрая трэніроўка заўсёды пажаданая, незалежна ад таго, што выстаўленае на кон — пасада, кубак або перамога на скачках.
Гары Мэйлі выглядаў так, як быццам ён гатовы быў некалькімі заўвагамі нямала ўзрушыць лекара, але ён абмежаваўся кароткім «паглядзім» і больш не размаўляў на гэтую тэму. Неўзабаве да дзвярэй пад’ехала паштовая карэта, у пакой зайшоў Джайлс, каб забраць багаж, і добры доктар пабег паглядзець, як ён будзе спакаваны.
— Олівер, — упаўголаса сказаў Гары Мэйлі, — я хачу сказаць табе нешта.
Олівер увайшоў у пройму ля акна, куды яго паклікаў містэр Мэйлі; ён быў вельмі здзіўлены тым, што настрой у Гары, мяркуючы з паводзінаў, быў сумны і разам з тым узнёслы.
— Ты добра ўмееш пісаць? — паклаўшы руку Оліверу на плячо, спытаўся Гары.
— Спадзяюся, што так, — быў адказ Олівера.
— Мяне пэўны час не будзе дома; я хацеў бы, каб ты мне пісаў — скажам, раз на два тыдні, па панядзелках, на галоўны паштамт у Лондане да запатрабавання. Згодзен?
— О, зразумела, згодны, сэр! Я буду ганарыцца гэтым! — усклікнуў Олівер у захапленні ад даручэння.
— Я хацеў бы ведаць, як... як маюцца мая маці і міс Мэйлі, — сказаў малады чалавек. — Можаш напісаць на старонку, як вы шпацыруеце, пра што ведзяце размовы, і ці яна... я меў на ўвазе, яны выглядаюць шчаслівымі, ці ўсё ў іх у парадку. Разумееш мяне?
— Так, сэр, добра разумею, — быў адказ Олівера.
— Я хацеў бы, каб ты не казаў ім пра маю просьбу, — хутка сказаў Гары, — таму што мая маці стала б пісаць мне часцей, і гэта толькі стамляла б яе. Няхай гэта застанецца паміж табой і мной. І памятай: пішы пра ўсё. Я на цябе спадзяюся!
Олівер, які быў у захапленні ад уласнай значнасці, урачыста паабяцаў захоўваць таямніцу і пасылаць дакладныя паведамленні. Містэр Мэйлі развітаўся з ім, запэўніўшы яго ў сваёй прыхільнасці і заступніцтве.
Лекар быў ужо ў карэце. Містэр Джайлс (які, згодна з дамовай, мусіў быў застацца) трымаў дзверцу карэты, а служанкі назіралі за ўсім з саду. Гары мімаходзь зірнуў на акно ўверсе і заскочыў у карэту.
— Паехалі! — крыкнуў ён. — Давай, пускай адразу галопам! Сёння мне найпрыдатны толькі палёт.
— Гэй, там! — закрычаў лекар, хуценька апускаючы пярэдняе шкло і звяртаючыся да фарэйтара. — Мяне палёт зусім не задавальняе. Цішэй, чуеце?
З грукатам і лясканнем, пакуль адлегласць не скрала гэты шум, і толькі вока магло ўлавіць на дарозе карэту, экіпаж каціўся па гасцінцы, амаль схаваны воблакамі пылу, то зусім знікаючы з вачэй, то з’яўляючыся зноў, — у залежнасці ад рэльефу і прадметаў на дарозе. Тыя, хто праводзіў карэту, разышліся толькі пасля таго, як нельга было разгледзець нават воблачка пылу.
Але адзін чалавек яшчэ доўга глядзеў на дарогу, па якой ад’ехала карэта, глядзеў, калі карэта аддалілася ўжо на многа міль: за белай фіранкай, што хавала яе ад вачэй Гары, калі ён паглядзеў у акно, сядзела Роз.
— Здаецца, ён у добрым настроі і шчаслівы, — нарэшце сказала яна. — Я нейкі час баялася, што ўсё будзе інакш. Я памылялася. Я вельмі, вельмі рада.
Слёзы могуць быць спрычыненыя і радасцю, і пакутай, але слёзы, якія сцякалі па шчаках Роз, калі яна задумліва сядзела ля акна, неадрыўна гледзячы ў адзін бок, сведчылі, як здаецца, больш пра смутак, чым пра радасць.
РАЗДЗЕЛ XXXVII,
у якім чытач можа назіраць канфлікт - нярэдкую з’яву ў матрыманіяльных дачыненнях
Містэр Бамбл сядзеў у пярэднім пакоі працоўні, маркотна ўтаропіўшыся ў панылую камінную рашотку, якая з нагоды лета спрамяняла толькі пэўную колькасць слабых сонечных промняў, што адбіваліся ад яе халоднай блішчастай паверхні. Са столі звешвалася папяровая мухалоўка, да якой ён час ад часу ў панурым роздуме падымаў вочы і цяжка ўздыхаў, гледзячы, як віруе за стракатай сеткай неасцярожная жамяра; пры гэтым на яго аблічча набягаў яшчэ больш змрочны цень. Містэр Бамбл разважаў, і падобна было, што ён быў схілены мухамі да разваг над досыць тужлівым перыядам свайго жыцця.
Але не толькі змрочны выгляд містэра Бамбла мог абудзіць у грудзях назіральніка шчымлівую меланхолію. Былі і іншыя прыкметы, прычым цесна звязаныя з яго асобай, якія сведчылі пра тое, што ў стане яго спраў адбыліся вялікія змены. Дзе ён, шынель з галунамі? Дзе трохкутка? Ніжняя палова ягонага цела ўсё яшчэ была ўбраная ў кароткія брыджы ды баваўняныя панчохі, але гэта былі не тыя брыджы. Сурдут быў шырокі і ў гэтым сэнсе нагадваў той шынель, але, мой ты Божа, якая розніца! Масіўная трохкутка была замененая на больш сціплы круглы капялюш. Містэр Бамбл не быў болей прыходскім кур’ерам.