— Калі плачаш, адкрываюцца лёгкія, мыецца твар, трэніруюцца вочы і змякчаецца нораў, — сказаў містэр Бамбл. — Так што давай, плач.
Выпусціўшы гэты зарад спагадлівай энергіі, містэр Бамбл зняў з цвічка свой капялюш, зухавата насадзіў яго на галаву набок, як чалавек, які ведае, што ён належным чынам сцвердзіў сваё вяршэнства, і накіраваўся да дзвярэй, усім сваім выглядам увасабляючы гарэзлівасць і задаволенасць.
А былая місіс Корні пакарысталася слязьмі таму, што гэты шлях быў менш стамляльным за рукапрыкладства; яна цалкам была гатовая скарыстаць і гэты апошні спосаб уздзеяння, у чым містэр Бамбл вокамгненна пераканаўся.
Першым доказам гэтага факта, стаў нейкі глухі гук, за якім яго капялюх адразу адляцеў у іншы бок пакоя. Калі гэтая папярэдняя мера дала доступ да яго галавы, дасведчаная лэдзі, моцна абхапіўшы яго адной рукой за шыю, другой абсыпала гэтую галаву градам удараў, якія яна наносіла з неверагоднай сілай і спрытам. Зрабіўшы гэта, яна прыўнесла ў працэс крыху разнастайнасці, пачаўшы драпаць яму твар і рваць валасы. Выдаткаваўшы столькі кары, колькі ён, на яе думку, заслугоўваў за абразу, яна піхнула яго ў крэсла, якое шчаслівым чынам стаяла паблізу, нібы адмыслова для гэтай мэты, і прапанавала яму яшчэ раз выказацца наконт сваіх прэрагатыў, калі дастане авантурнасці.
— Уставай! — сказала місіс Бамбл загадным тонам. — І звальвай адсюль, калі не хочаш, каб я ўчыніла нешта адчайнае.
Містэр Бамбл падняўся з вельмі пакаяным выглядам, разважаючы, што ж такое адчайнае магла ўчыніць місіс Бамбл, і накіраваўся да дзвярэй, падабраўшы з падлогі капялюш.
— Ты сыходзіш? — запытала місіс Бамбл.
— Зразумела, мая дарагая, зразумела, — адказаў містэр Бамбл і хутчэй-хутчэй памкнуўся да дзвярэй. — Я не хацеў... я сыходжу, дарагая! Ты настолькі беспардонная, што я напраўду...
У гэты момант місіс Бамбл зрабіла рэзкі крок наперад, каб паправіць дыван, ссунуты падчас бойкі. Містэр Бамбл імгненна выслізнуў з пакоя, нават і не падумаўшы закончыць пачатую фразу і цалкам пакінуўшы поле бітвы на міласць колішняй місіс Корні.
Містэр Бамбл быў заспеты знянацку і атрымаў напоўніцу. Ён, відавочна, меў ахвоту запалохваць іншых — таму лішне было б казаць, што сам быў не абы-якім баязліўцам. Гэта зусім не ганьбіць яго як чалавека, бо шмат якія афіцыйныя асобы, што карыстаюцца высокай павагай і захапленнем, даюць такую самую слабіну. Заўвага гэтая зробленая хутчэй як пахвала яму, а не наадварот, і мае мэтай сфармаваць у чытача правільнае ўяўленне аб яго здатнасці да службы.
Але мера яго прыніжэння яшчэ не была поўнай. Абышоўшы дом і ў першы раз падумаўшы, што законы пра беднякоў насамрэч занадта жорсткія і што мужы, якія збеглі ад сваіх жонак, пакінуўшы іх на ўтрыманне прыхода, папраўдзе, дык і не толькі не заслугоўваюць пакарання, а хутчэй узнагароды, як заслужаныя людзі, якія шмат пацярпелі, — містэр Бамбл увайшоў у пакой, дзе звычайна некалькі бяднячак былі занятыя мыццём прыходскай бялізны і адкуль цяпер таксама чуўся людскі гоман.
— Кгм, — сказаў містэр Бамбл, набываючы былую сваю годнасць. — Прынамсі, хоць гэтыя жанчыны, напэўна, працягваюць зважаць на вяршэнства майго права. Гэй, вы тут, што вы тут галас узнялі, рожы быдлячыя!
З гэтымі словамі містэр Бамбл адчыніў дзверы і ўвайшоў у пакой з вельмі рашучым і раззлаваным выглядам, які адразу змяніўся на пакорлівы і баязлівы, як толькі яго вочы нечакана спыніліся на постаці спадарыні жонкі.
— Мая дарагая, — прамовіў містэр Бамбл, — я не ведаў, што ты тут.
— Не ведаў, што я тут! — паўтарыла місіс Бамбл. — А што ты робіш тут?
— Я думаў, што яны тут зашмат балбочуць замест таго, каб працаваць, дарагая, — адказаў містэр Бамбл, няпэўна гледзячы на пару старых каля ночваў, якія абменьваліся воклічамі захаплення ад нязвыклай пакоры наглядчыка працоўні.
— Ты думаў, што яны занадта шмат балбочуць? — сказала місіс Бамбл. — А якая табе справа да гэтага?
— Чаму ж, мая дарагая... — выціснуў з сябе пакорліва містэр Бамбл.
— Якая табе да гэтага справа? — перапытала настойліва місіс Бамбл.
— І сапраўды, мая дарагая, ты гаспадыня тут, — згадзіўся містэр Бамбл, — але я падумаў, што якраз цяпер цябе тут няма.
— Вось што я скажу табе, містэр Бамбл, — адрэзала лэдзі. — Нам тваё ўмяшальніцтва зусім не патрэбнае. Ты занадта любіш соваць нос у справы, якія цябе не датычаць, і ўсе з цябе смяюцца за тваёй спінай, як толькі ты адвернешся. Ты сто разоў на дзень выстаўляешся дурнем. Ідзі адсюль, ідзі!
Нейкую хвіліну містэр Бамбл вагаўся, з сумам назіраючы захапленне абедзвюх старых, якія весела перахіхікваліся. Місіс Бамбл, якая не цярпела адкладу, схапіла конаўку з мыльнай пенай і, паказваючы на дзверы, загадала яму сысці не марудзячы, інакш яго мажная постаць будзе аблітая змесцівам конаўкі.