Што было рабіць містэру Бамблу? Ён абвёў пакой панылым позіркам і паціху адступіў. Калі ён наблізіўся да дзвярэй, хіхіканне старых перайшло ў нястрымны рогат захаплення. Толькі гэтага яшчэ не ставала! Ён быў прыніжаны ў іхніх вачох, ён страціў свой аўтарытэт і годнасць нават у беднякоў, ён упаў з усёй пампезнай вышыні пасады прыходскага кур’ера да самых глыбокіх нізоў, дзе знаходзяцца мужы пад абцасам сварлівых жонак.
— І ўсё за два месяцы! — прамовіў містэр Бамбл, перапоўнены тужлівымі думкамі. — Толькі за два месяцы! Не больш, як два месяцы таму я быў гаспадаром не толькі самому сабе, а і ўсім іншым, як толькі справа датычыла прыходскай працоўні, а цяпер!
Гэта было ўжо занадта. Містэр Бамбл адвесіў пару поўхаў хлопчыку, які адчыніў перад ім браму (таму што ў глыбокай задуменнасці, сам не заўважыўшы таго, прыйшоў да брамы), і, зніякавелы, выйшаў на вуліцу.
Ён прайшоўся па адной вуліцы, потым па другой, пакуль гэты шпацыр не заглушыў збольшага яго тугу. Праца эмоцый нагнала на яго смагу. Ён прамінаў шмат шынкоў і нарэшце спыніўся ля аднаго з іх у завулку. У пакоі шынка, як ён упэўніўся, глянуўшы паверх фіранак, было пуста, калі не лічыць нейкага самотнага заўсёдніка. Тут пачаў падаць спорны дождж. Гэта прымусіла містэра Бамбла ўвайсці. Ён замовіў ля стойкі крыху выпіць, а сам накіраваўся ў пакой, у які заглядваў з вуліцы.
Мужчына, які там сядзеў, быў высокі і смуглявы, апрануты ў шырокі плашч. Ён выглядаў на чужаземца, і па стомленым выглядзе ды пыле на вопратцы можна было меркаваць, што прыехаў ён здалёк. Калі Бамбл увайшоў, ён скоса зіркнуў на яго і ў адказ на яго прывітанне ледзьве нахіліў галаву.
У містэра Бамбла хапіла б годнасці і для двух чалавек, нават калі ўявіць, што незнаёмец быў бы больш схільны да кантакту, таму ён моўчкі піў свой джын з вадой і з важным выглядам падкрэслена ўважліва чытаў газету.
Аднак здарылася так, як вельмі часта здараецца, калі мужчыны сыходзяцца пры такіх абставінах: містэр Бамбл адчуў непераадольную схільнасць кінуць позірк на незнаёмца, і колькі ён ні касавурыўся на таго, кожны раз мусіў хаваць вочы, таму што сустракаўся з позіркам незнаёмца. Збянтэжанасць містэра Бамбла павялічвалася з-за вельмі дзіўнага выразу вачэй незнаёмца — зоркіх, смелых, — якія адначасова выяўлялі недавер і падазронасць. Містэр Бамбл не бачыў дагэтуль нічога падобнага, і гэта яму было вельмі непрыемна.
Калі яны так абмяняліся позіркамі некалькі разоў, незнаёмец грубым, нізкім голасам парушыў цішыню.
— Гэта вы мяне шукалі, калі заглядвалі ў акно? — спытаў ён.
— Не вас, калі вы толькі не містэр... — тут містэр Бамбл на імгненне спыніўся, таму што яму вельмі хацелася даведацца імя незнаёмца, і ён у сваёй нецярпячцы спадзяваўся, што той закрые прагал.
— Бачу, што не, — прамовіў незнаёмец, і сарказм злёгку абазначыўся каля яго рота, — інакш бы вы ведалі, як мяне завуць. Я не раю вам спрабаваць даведацца.
— Я не хацеў зрабіць вам шкоды, малады чалавек, — велічна даў адказ містэр Бамбл.
— І не зрабілі, — сказаў незнаёмец.
Гэты кароткі дыялог перамежыўся яшчэ маўчаннем, якое зноў парушана было незнаёмцам.
— Мне здаецца, што я вас раней бачыў, — сказаў ён. — У той час вы былі не так апрануты, і я бачыў вас толькі пару разоў на вуліцы, але вось, здаецца, пазнаў. Вы калісьці былі тут прыходскім кур’ерам, ці не так?
— Быў, — адказаў містэр Бамбл крыху здзіўлена, — быў прыходскім кур’ерам.
— Вось-вось, — адказаў мужчына, ківаючы галавой. — Дык я вас бачыў. А хто вы цяпер?
— Наглядчык працоўні, — павольна і важка, каб прадухіліць усялякую непатрэбную фамільярнасць з боку незнаёмца, прамовіў містэр Бамбл. — Наглядчык працоўні, малады чалавек!
— Не сумняваюся, што вы, як і раней, трымаеце ў полі зроку свае інтарэсы? — працягваў незнаёмец і пільна паглядзеў містэру Бамблу ў вочы, якія ажно акругліліся, калі ён пачуў дзіўнае пытанне. — Не разменьвайцеся на дробязі, кажыце як ёсць, чалавеча. Вы ж бачыце, я ведаю вас досыць добра.
— Я думаю, — адказаў Бамбл, — што жанатаму чалавеку нялішне будзе, як і халасцяку, схаваць у кішэню сумленна зароблены пені, калі можна. У прыходскіх чыноўнікаў заробак не занадта высокі, каб яны маглі адмовіцца ад дадатковага заробку, калі ён законны і прапанаваны належным чынам.
Незнаёмец усміхнуўся і зноў кіўнуў галавой, як быццам жадаючы паказаць, што ён у чалавеку не памыліўся. Зазвінеў званочак.