— Напоўніце яшчэ раз шклянку, — сказаў ён, уручыўшы гаспадару пустую шклянку містэра Бамбла. — Памацней і гарачага. Ці не так?
— Не занадта моцнага, — азваўся містэр Бамбл, далікатна кашлянуўшы.
— Зразумелі, што маецца на ўвазе, шынкар? — суха сказаў незнаёмец.
Той усміхнуўся, знік і неўзабаве вярнуўся з кубкам гарачага пуншу. Пасля першага глытка ў містэра Бамбла навярнуліся на вачах слёзы.
— А цяпер паслухайце мяне, — сказаў незнаёмец, зачыніўшы акно і дзверы. — Я прыехаў сёння ў гэтае мястэчка, каб знайсці вас, і дзякуючы аднаму ці двум шанцам, якія дорыць калі-нікалі сваім сябрам д’ябал, вы прыйшлі якраз у той пакой, дзе сядзеў я, акурат тады, калі я пра вас падумаў. Мне патрэбная ад вас сякая-такая інфармацыя. Я не прашу даць мне яе за так, хоць яна таго вартая. Вазьміце для пачатку гэта.
Сказаўшы так, ён падсунуў суразмоўцу цераз стол два саверэны, зрабіўшы гэта асцярожна, быццам баючыся, каб хто не пачуў звон манет. Калі містэр Бамбл упэўніўся, што манеты сапраўдныя, і з вялікім задавальненнем паклаў іх у кішэню камізэлькі, ён працягваў:
— Перанясіце сваю памяць назад — дванаццаць гадоў таму, зіма...
— Гэта вельмі даўно было, — сказаў містэр Бамбл. — Добра. Успомніў.
— Месца падзеі — працоўня.
— Добра!
— Уначы.
— Так.
— Мярзотны закутак, дзе ён там яшчэ, у якім мярзотныя стварэнні давалі жыццё і здароўе, у чым так часта было адмоўлена ім самім, — спараджалі на свет пісклявых дзяцей, каб пакінуць іх прыходу, а самі, каб іх чорт забраў, хавалі сваю ганьбу ў магіле!
— Радзільны пакой, так, па-мойму? — перапыніў містэр Бамбл, не зусім у стане ўлоўліваць ход думак незнаёмца, які, відавочна, пачаў хвалявацца.
— Так, — сказаў незнаёмец. — Там нарадзіўся хлопчык.
— Хлопчыкаў шмат нараджалася, — заўважыў містэр Бамбл, скрушна пахітаўшы галавой.
— Каб яны павыздыхалі, чэрці малыя! — выкрыкнуў незнаёмец. — Я кажу пра аднаго, здохлага з выгляду, малакроўнага шчанюка, які быў у навучанні ў трунара; хацеў бы я, каб той зрабіў яму труну, і каб ён скруціўся ў ёй. Потым ён, кажуць, уцёк у Лондан.
— Дык гэта вы маеце на ўвазе Олівера! Маладога Твіста! — сказаў містэр Бамбл. — Зразумела, я помню яго. Такога нягодніка ніколі яшчэ.
— Не ён мяне цікавіць, пра яго я чуў досыць, — сказаў незнаёмец, спыняючы містэра Бамбла ў самым пачатку тырады на прадмет заганаў беднага Олівера. — Мяне цікавіць жанчына, старая ведзьма, якая даглядала яго маці. Дзе яна?
— Дзе яна? — перапытаў містэр Бамбл, які пасля джыну з вадой схільны быў да жартаў. — Цяжка сказаць. Там, куды яна пайшла, павітухі зусім непатрэбныя, так што, па-мойму, яна там так ці іначай беспрацоўная.
— Што вы маеце на ўвазе? — злосна спытаў незнаёмец.
— Яна памерла той зімой, — адказаў містэр Бамбл.
Пачуўшы гэта, незнаёмец пільна паглядзеў на яго, і хоць ён
доўга не спускаў з яго вачэй, позірк яго паступова губляў сваю засяроджанасць; здавалася, што незнаёмец глыбока задумаўся. Нейкі час ён нібыта вагаўся, радавацца яму гэтай навіне або быць расчараваным, але нарэшце ён уздыхнуў больш вольна і, адвёўшы вочы, сказаў, што гэта не так і важна. З тым ён падняўся, як быццам збіраўся сысці.
Містэр Бамбл быў дастаткова хітрым, каб убачыць, што яму адкрываецца магчымасць выгадна распарадзіцца нейкім сакрэтам, якім валодала яго лепшая палова. Ён добра памятаў ноч, калі памерла Салі, таму што абставіны гэтага дня не без прычыны ўрэзаліся ў яго памяць: дзякуючы ім ён зрабіў прапанову місіс Корні, і хоць гэтая лэдзі не даверыла яму таго, чаму яна адна была сведкай, ён пачуў дастаткова, каб зразумець, што гэта мае дачыненне да нейкай падзеі, якая адбылася тады, калі старая ў якасці сядзелкі працоўні апекавалася маладой маці Олівера Твіста. Хутка ўспомніўшы гэтую акалічнасць, ён з таямнічым выглядам паведаміў незнаёмцу, што перад самай смерцю старой ведзьмы адна жанчына была з ёй сам-насам і што ў яго ёсць падставы думаць, што яна можа праліць святло на сутнасць справы.
— Як я магу знайсці яе? — спытаў незнаёмец, якога такі паварот падзей заспеў знянацку і які ясна паказаў, што гэтая навіна зноў абудзіла ўсю яго боязь, якая б яна ні была.
— Толькі праз мяне, — адказаў містэр Бамбл.
— Калі? — выкрыкнуў паспешліва незнаёмец.
— Заўтра, — быў адказ містэра Бамбла.
— А дзявятай вечарам, — сказаў незнаёмец, выняў кавалак паперы і дрыжачай рукой напісаў назву нейкай вуліцы ля ракі. — А дзявятай вечара прыведзяце яе да мяне туды. Думаю, не трэба казаць вам, што гэта таямніца. Гэта і ў вашых інтарэсах.
З гэтымі словамі ён накіраваўся да дзвярэй. Заплаціўшы ля стойкі за выпіўку і сцісла заўважыўшы, што дарогі ў іх розныя, ён без усялякіх цырымоній сышоў, нагадаўшы яшчэ раз настойліва час сустрэчы назаўтра ўвечары.