Выбрать главу

— Я сказала ясна, — азвалася місіс Бамбл. — Да таго ж, гэта невялікая сума.

— Невялікая за нейкую там таямніцу, якая, можа стацца, і пені не вартая, калі будзе раскрытая! — нецярпліва ўсклікнуў Манкс. — Да таго ж, яна пахаваная ўжо дванаццаць ці больш гадоў таму.

— Такія рэчы захоўваюцца добра і, як добрае віно, часта з бегам часу падвойваюць свой кошт, — адказвала матрона, усё яшчэ захоўваючы паставу абсалютнага спакою. — Што да пахавання, то ёсць рэчы, якія могуць праляжаць дванаццаць тысяч або мільёнаў гадоў — колькі, не ведаем ні я, ні вы, — і расказаць цікавыя, дзіўныя гісторыі!

— А што, калі я аддам грошы марна? — няпэўна спытаў Манкс.

— Вы зможаце лёгка забраць іх назад, — адказала матрона. — Я ўсяго толькі жанчына, я адна тут, без абароны.

— І не адна, мая даражэнькая, і не без абароны, — паважна ўставіў містэр Бамбл дрыготкім ад страху голасам. — Я з табой, мая дарагая. Акрамя таго, — працягваў містэр Бамбл, стукаючы зубамі, — містэр Манкс занадта джэнтльмен, каб учыніць гвалт прыходскім асобам. Містэр Манкс, мая дарагая, усведамляе, што я ўжо не малады, што, вобразна кажучы, крыху адцвіў, але містэр Манкс, без сумнення, ведае, мая дарагая: калі мяне разварушыць, то я магу стаць асобай вельмі рашучай і даволі моцнай. Разварушыць мяне трэба, хоць крышку, вось і ўсё.

З гэтымі словамі містэр Бамбл зрабіў кволую спробу з палымянай рашучасцю забраць ліхтар, але па яго спалоханым твары, па кожнай рысачцы яго выразна было бачна, што яго і сапраўды трэба разварушваць, і разварушваць нямала, перш чым ён распачне якія-небудзь агрэсіўныя дзеянні, — зразумелым чынам, калі гэтыя дзеянні не скіраваныя супраць беднякоў або асоб, спецыяльна натрэніраваных для гэтых мэтаў.

— Ты дурань, — сказала місіс Бамбл. — Лепш бы ты трымаў язык за зубамі.

— Лепш бы ён выразаў яго наогул перад тым, як ісці сюды, калі не можа гаварыць цішэй! — змрочна сказаў Манкс. — Ён што, ваш муж?

— Ён мой муж, — хіхікнуўшы, пацвердзіла жанчына.

— Я адразу так і падумаў, — сказаў Манкс, адзначыўшы, як злосна зіркнула жанчына на свайго сужэнца. — Тым лепш. Мне спакайней мець справу з дваімі, ведаючы, што яны аб’яднаныя адным інтарэсам. Я сур’ёзна кажу. Глядзіце!

З гэтымі словамі ён засунуў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль парусінавы гаманец, адлічыў дваццаць пяць фунтаў і падсунуў іх у бок жанчыны.

— Забірайце іх. А калі перастане грымець гэты пракляты гром, які, нутром чую, збіраецца над дахам, паслухаем вашу гісторыю.

Гром і насамрэч як быццам бы набліжаўся і грымеў амаль над самымі іхнімі галовамі; калі ён заціх, Манкс падняў галаву і нахіліўся крыху наперад, гатовы слухаць, што раскажа місіс Бамбл. Твары траіх амаль датыкаліся, бо абодва мужчыны схіліліся над сталом, каб лепш чуць, а жанчына таксама нахілілася ўперад, каб было чуваць яе шэпт. Цьмянае святло ліхтара, якое падала проста на іх, узмацняла трывожную бледнасць іхніх твараў, і яны ў атачэнні панурага змроку сталі зусім падобнымі на прывідаў.

— Калі памірала гэтая жанчына, — мы яе звалі старой Сэлі, — мы былі толькі ўдзвюх, — пачала матрона.

— Там не было больш нікога? — такім самым глухім шэптам запытаўся Манкс. — Ніякай старой руіны, ідыёта якога-небудзь у іншым ложку? Нікога, хто мог бы пачуць або як-небудзь здагадацца?

— Ні душы, — адказвала жанчына. — Мы былі адны. Толькі я была каля цела, калі наступіла смерць.

— Добра, — сказаў Манкс, пільна на яе гледзячы, — далей.

— Яна казала пра маладую асобу, — працягвала далей матрона, — якая колькі гадоў таму нарадзіла дзіця не толькі ў тым самым пакоі, але і на тым самым ложку, на якім яна цяпер памірала.

— Няўжо! — з трымценнем прамовіў Манкс і азірнуўся праз плячо. — Халера! Вось жа бываюць супадзенні!

— Дзіця было не кім іншым, як хлопчыкам, імя якога вы называлі ўчора ўвечары, — тут матрона безуважна паказала галавой у бок свайго мужа, — служанка абрабавала ягоную маці.

— Яшчэ пры жыцці? — спытаў Манкс.

— Ужо мёртвую, — адказвала жанчына, крыху ўздрыгануўшыся. — Яна скрала з трупа, ледзь тая паспела памерці, рэч, якую маці перад смерцю заклінала зберагчы дзеля свайго дзіцяці.

— Яна прадала яе? — у роспачы выгукнуў Манкс. — Прадала яна яе ці не? Дзе? Калі? Каму? Як даўно?

— Яна ўжо з вялікай цяжкасцю сказала мне, што яна зрабіла, — прамовіла матрона. — Потым яна ўпала на ложак і памерла.

— Не сказаўшы больш нічога? — усклікнуў Монк голасам, які здаваўся яшчэ больш злосным таму, што быў прыцішаны. — Гэта хлусня! Са мной жарты дрэнныя. Яна сказала больш. Я з вас абоіх душу выму, але даведаюся, што яна сказала яшчэ.

— Яна не прамовіла больш ні слова, — сказала жанчына, якая, відавочна, зусім не спалохалася (што да містэра Бамбла, дык з ім усё было якраз наадварот) пагрозаў дзіўнага чалавека, — але яна адной рукой моцна ўчапілася ў мой халат, і калі я ўбачыла, што яна памерла, я вызвалілася ад яе рукі, і ў ёй, у руцэ, аказаўся брудны абрывак паперы.