— Чыстая праўда, — адразу адгукнуўся містэр Бамбл.
— І трымайце язык за зубамі, — пагрозліва паглядзеўшы на яго, сказаў Манкс. — За вашу жонку я не баюся.
— Можаце паспадзявацца на мяне, малады чалавек, — паважна адказваў містэр Бамбл, з паклонамі прасоўваючыся спінай наперад да лесвіцы. — Дзеля ўсіх нас і дзеля мяне самога, разумееце, містэр Манкс?
— Дзеля вас, разумею, — азваўся Манкс. — Запаліце свой ліхтар і звальвайце адсюль так хутка, як толькі можаце.
На шчасце для містэра Бамбла, размова закончылася на гэтым месцы, інакш ён, не перастаючы выштукоўваць паклоны, дайшоў бы да лесвіцы, побач з якой ён ужо знаходзіўся, і непазбежна абрынуўся б старчаком у пакой на першым паверсе. Ён запаліў свой ліхтар ад таго, які Манкс адвязаў ад вяроўкі і трымаў у руцэ, і без якіхсьці спробаў працягваць размову пачаў спускацца па лесвіцы. Следам за ім пайшла жонка. Манкс замыкаў шэсце, спыніўшыся на хвілінку на лесвіцы і ўслухаўшыся, ці не чуваць яшчэ чаго-небудзь, акрамя стуку кропель дажджу знадворку і бурлення вады.
Пакой на першым паверсе яны перасеклі памалу, асцярожна, бо Манкс уздрыгваў, калі бачыў хоць які цень; містэр Бамбл трымаў свой ліхтар у фуце над падлогай ды ішоў не толькі з найвялікшай асцярожнасцю, але і з дзіўнай лёгкасцю для такога мажнага джэнтльмена, якім ён быў, і нервова азіраўся навокал, ці няма дзе патайных люкаў. Манкс ціха адамкнуў і адчыніў дзверы, праз якія яны ўвайшлі. Сужэнцы абмяняліся з таямнічым сваім знаёмцам адно толькі кіўком і апынуліся ў цемры пад дажджом.
Як толькі яны пайшлі, Манкс, які, здавалася, меў непераадольную антыпатыю да адзіноты, паклікаў хлопчыка, які быў дзесьці ўнізе, загадаў яму ісці паперадзе і свяціць і вярнуўся ў пакой, адкуль толькі што выйшаў.
РАЗДЗЕЛ ХХХІХ
прадстаўляе некалькі рэспектабельных асоб, з якімі чытач ужо знаёмы, і паказвае, як раіліся годны Манкс з годным габрэем
Назаўтра пасля таго, як тры годныя асобы, згаданыя ў папярэднім раздзеле, зрабілі свой невялічкі гешэфт, містэр Уільям Сайкс прачнуўся ад дрымоты і сонным, буркатлівым голасам спытаў, колькі часу.
Гэтае пытанне было зададзенае містэрам Сайксам ужо не ў тым пакоі, які ён займаў да экспедыцыі ў Чэрсі, хоць і ў тым самым квартале горада, непадалёк ад старога месца. Без сумнення, гэтая кватэра была не такая паглядная, як старая, бо гэта быў убогі, з мізэрнай мэбляй пакой вельмі малых памераў; святло ў яго пранікала толькі праз адно акенца ў скошаным даху з выглядам на вузкую, брудную вулку. Тут не было недахопу і ў іншых прыкметах таго, што гэтаму джэнтльмену не шанцуе апошнім часам. Вельмі бедны інтэр’ер, поўная адсутнасць камфорту і знікненне такога дробнага рухомага багацця, як запасное адзенне і бялізна, сведчылі пра стан скрайняй беднасці; да таго ж, схуднеласць, нават змарнеласць самога містэра Сайкса магла цалкам пацвердзіць гэтыя факты, каб у гэтым была хоць якая патрэба.
Хатні злодзей ляжаў на ложку, закруціўшыся замест халата ў сваё белае паліто. Ён зусім не папрыгажэў пасля таго, як твар ягоны праз хваробу набыў мярцвяцкі колер, і зусім не ўпрыгожылі яго замусолены начны каптур і тыднёвая калючая чорная барада. Сабака сядзеў збоку ад ложка, то раздумліва гледзячы на свайго гаспадара, то натапырваючы вушы і глуха гыркаючы пры нейкім шуме на вуліцы або ў ніжняй частцы дома. Ля акна сядзела, паглыбіўшыся ў рамонт старой камізэлькі, якая была часткай хатняга касцюма рабаўніка, жанчына, такая бледная, схуднелая ад нястачаў падчас дагляду хворага, што ў ёй даволі цяжка было пазнаць тую самую Нэнсі, якая ўжо фігуравала ў нашай гісторыі, каб не голас, якім яна азвалася на пытанне містэра Сайкса.
— Ужо сёмая гадзіна, — сказала дзяўчына. — Як ты пачуваешся сёння, Біл?
— Слабы, як вада, — адказаў той, праклінаючы свае рукі, вочы і ногі. — Дай мне руку ды памажы як-небудзь спаўзці з гэтага праклятага ложка.
Хвароба не палепшыла Сайксавых манераў, бо, калі дзяўчына дапамагала яму пакінуць ложак і павяла да крэсла, ён усяляк лаяўся на яе за нязграбнасць, а потым стукнуў.
— Скуліш? — сказаў Сайкс. — Досыць! Няма чаго стаяць і ныць. Калі ты здольная адно на гэта, дык ідзі прэч, чуеш?
— Чую, — адказала дзяўчына, хаваючы твар і спрабуючы засмяяцца. — Што гэта ты там яшчэ ўдумаў?
— О, дык ты абдумалася? — прабурчаў Сайкс, заўважыўшы слёзы ў яе вачах. — Тым лепш для цябе.
— Ты ж не хочаш сказаць, Біл, што ты і сёння ўвечары будзеш да мяне жорсткім, — сказала дзяўчына, паклаўшы руку яму на плячо.
— А што такое! — закрычаў той. — Чаму не?