— Столькі дзён і начэй, — сказала дзяўчына з адценнем жаночай лагоды ў голасе, якое надавала яму нейкую нязвыклую цеплыню, — столькі дзён і начэй я выходжвала цябе, даглядала, як малое дзіця, і вось сёння ты ўстаў на ногі. Ты ж не будзеш абыходзіцца са мной, як толькі што, скажы, не будзеш?
— Добра, — паабяцаў Сайкс, — не буду. А каб цябе трасца, дзеўчына зноў плача.
— Гэта дробязі, — сказала Нэнсі і кінулася ў фатэль. — Не звяртай увагі. Хутка пройдзе.
— Што пройдзе? — суворым тонам запытаўся Сайкс. — Што на цябе зноў наехала? Уставай, бярыся за справу і не лезь да мяне са сваёй бабскай лухтой.
Іншым часам гэтае папярэджанне і тон, якім яно было зроблена, адразу мелі б жаданы эфект, але дзяўчына насамрэч была настолькі слабай і знясіленай, што самлела, і галава яе ўпала на спінку крэсла перш, чым містэр Сайкс выдаў некалькі звычайных праклёнаў, якімі ён у падобных выпадках прывык прыпраўляць свае пагрозы. Не ведаючы добра, што рабіць у такім выключным выпадку, — бо гістэрыкі міс Нэнсі звычайна адрозніваліся такой энергіяй, што яна сама авалодвала сабой і не мела патрэбы ў дапамозе збоку, — містэр Сайкс зрабіў спробу дасягнуць якога-небудзь эфекту пры дапамозе некалькіх праклёнаў, але ўпэўніўся, што такое абыходжанне не мае станоўчага выніку, і паклікаў на дапамогу.
— Што здарылася, мой даражэнькі? — спытаў, заглядваючы ў пакой,габрэй.
— Дапамажыце дзяўчыне, — нецярпліва сказаў Сайкс. — Хутчэй, няма чаго тут вылупляцца і гыгыкаць!
Габрэй ускрыкнуў ад здзіўленя і паспяшаўся дзяўчыне на дапамогу, а містэр Джэк Доўкінз (ён жа Спрытны Махляр), які ўвайшоў у пакой следам за сваім шаноўным сябрам, паспешліва паставіў на падлогу клунак, які нёс, выхапіў з рук Мастэра Чарлі Бэйца, які ішоў следам, бутэльку, адкаркаваў яе зубамі і выліў порцыю змесціва самлелай у горла, папярэдне пакаштаваўшы вадкасці сам, каб пазбегнуць памылкі.
— Чарлі, вазьмі мяхі і дай ёй глытнуць свежага паветра, — сказаў містэр Доўкінз, — а вы, Фэджын, паляпайце яе па руках, пакуль Біл будзе выслабаняць яе з сукенак.
Неўзабаве ўсе гэтыя мерапрыемствы, якія ажыццяўляліся з вялікім імпэтам, асабліва з боку Мастэра Бэйца (ён, здавалася, разглядаў свой удзел у акцыі як вялікую забаву), прывялі да жаданага эфекту. Дзяўчына патроху ачуняла, хістаючыся, дайшла да крэсла ля ложка, схавала твар у падушку, пакінуўшы містэру Сайксу сустракаць гасцей, даволі для яго нечаканых.
— Што такое, якім дурным ветрам вас сюды прынесла? — запытаўся ён у Фэджына.
— Зусім не дурным ветрам, мой даражэнькі, — запярэчыў габрэй, — бо дурныя вятры нікому не прыносяць нічога добрага, а я дык прынёс табе якраз рэчы, якія ты рады будзеш убачыць. Махлярыку, даражэнькі, развяжы клунак і перадай Білу тую драбязу, на якую мы сёння рана выдаткавалі ўсе нашыя грошы.
У адпаведнасці з загадам Фэджына, Махляр развязаў клунак. Ён быў даволі вялікі і нагадваў стары абрус. Махляр пачаў перадаваць рэчы, якія там былі, Чарлі Бэйцу, а той стаў раскладваць іх на стале, усяляк расхвальваючы іх рэдкасць і выдатныя якасці.
— Вой, што за паштэт з трусяціны, Біл, — усклікнуў гэты малады джэнтльмен, дастаючы вялізны паштэт, — такія далікатныя істоты, з такімі маленькімі лапкамі, Біл, што нават косці таюць у роце, і няма патрэбы іх выбіраць. Паўфунта зялёнай гарбаты за сем шылінгаў і шэсць пенсаў, такой моцнай, што калі заварыць яе, то з заварніка накрыўка зляціць; паўтара фунта цукру, вільготнага крыху, над якім мурыны добра паўлягалі, пакуль ён не набыў такой добрай якасці. І дзве двухфунтовыя булкі, фунт добрага свежага масла, кавалак тлустага глостэрскага сыру найлепшага гатунку, — ці вы хоць калі такі нюхалі!
Закончыўшы гэты апошні панегірык, Мастэр Бэйц выцягнуў з вонкавай кішэні вялікую добра закаркаваную бутэльку віна, а містэр Доўкінз тым часам наліў поўную шклянку чыстага спірту, якую хворы без аніякага роздуму перакуліў у сваю глотку.
— Ага! — сказаў габрэй, паціраючы задаволена рукі. — Цяпер, Біл, з табой будзе ўсё ў парадку.
— Усё будзе ў парадку, — усклікнуў Сайкс. — Ды я ўжо сто разоў мог здырдзіцца, перш чым вы прыйшлі мне на дапамогу. Чаго ж гэта ты хацеў дабіцца, хлуслівы мярзотнік, пакінуўшы чалавека больш як тры тыдні ў такім стане?
— Вы толькі яго паслухайце, хлопцы! — сказаў габрэй, паціскаючы плячыма. — А мы прынеслі яму ўсе гэтыя цудоўныя рэчы.
— Рэчы і сапраўды неблагія, — заўважыў містэр Сайкс, крыху памякчэўшы пасля таго, як агледзеў стол, — але як вы растлумачыце самі сабе тое, што мяне тут на сваволю лёсу пакінулі, галоднага, хворага, без грошай, наогул без анічога, і столькі часу звярталі на мяне ўвагі не больш, чым на вось гэтага сабаку? Выгані яго ўніз, Чарлі!