З такімі словамі містэр Тобі Крэкіт згроб выйграныя грошы і з ганарыстым выглядам засунуў іх у кішэню камізэлькі, як быццам такія дробныя срэбныя манеты былі не вартыя ўвагі і асобы такога ўзроўню, як ён. Зрабіўшы гэта, ён так важна і шляхетна выйшаў з пакоя, што містэр Чытлінг, які захоплена пазіраў на яго ногі і боты, пакуль яны не зніклі з поля зроку, запэўніў усю кампанію, што знаёмства з ім за пятнаццаць шасціпенсовікаў — гэта зусім танна і што ён расцэньвае свае страты як меншыя за шчаўбан мезенцам.
— Ну і дзівак ты, Том, — сказаў Мастэр Бэйц, якога вельмі забавіла такая заява Чытлінга.
— Зусім не, — адказваў містэр Чытлінг. — Хіба я дзівак, Фэджын?
— Ты вельмі разумны хлапчына, мой даражэнькі, — сказаў габрэй,
паляпваючы яго па плячы і падміргваючы іншым хлопчыкам.
— А містэр Крэкіт — сапраўдны дэндзі, праўда, Фэджын? — спытаў Том.
— Без сумнення, мой даражэнькі, — адказаў габрэй.
— Мець знаёмства з ім — выгадна, праўда, Фэджын? — працягваў дапытвацца Том.
— Вельмі выгадна, ну вельмі, — быў адказ габрэя. — Яны адно зайздросцяць табе, зайздросцяць, што ён аддаў перавагу табе перад імі.
— Вось-вось! — трыумфуючы, усклікнуў Том. — Але ж ён абчысціў мяне дарэшты. Ну, нічога, я магу пайсці зарабіць, калі мне захочацца, праўда, Фэджын?
— Насамрэч, — азваўся габрэй, — і чым хутчэй ты пойдзеш, тым лепш, так што ідзі, вярні свае страты, не губляй больш часу. Махляр! Чарлі! Час ісці на работу. Рушце! Ужо хутка дзесяць, а нічога не зроблена.
Хлопцы прыслухаліся да гэтага намёку, узялі капелюшы, кіўнулі на развітанне Нэнсі і пайшлі; па дарозе Махляр і яго жыццярадасны сябра забаўляліся, прыдумваючы ўсемагчымыя кпіны, скіраваныя супраць містэра Чытлінга, у чыіх паводзінах, каб аддаць яму належнае, не было анічога дзіўнага або незвычайнага, таму што ў сталіцы ёсць нямала маладых славалюбных кадраў, якія плацяць грошы нашмат большыя, чым заплаціў містэр Чытлінг, за права ўваходзіць у прыстойнае кола асоб, і нямала шляхетных джэнтльменаў (гэта яны ўтвараюць згаданае кола асоб), якія ствараюць сваю рэпутацыю накшталт таго, як гэта рабіў спрытнюга Тобі Крэкіт.
— А цяпер, — сказаў габрэй, калі хлопцы пайшлі, — пайду і прынясу табе грошы, Нэнсі. Гэта, мая мілая, усяго толькі ключ ад шафкі, у якой я перахоўваю тыя драбніцы, што прыносяць мне хлопчыкі. Я ніколі не замыкаю свае грошы, даражэнькая, бо ў мяне няма чаго замыкаць, ха-ха-ха! — бо няма чаго замыкаць! Цяжкае гэта рамяство, Нэнсі, і няўдзячнае, але мне падабаецца, што вакол мяне маладыя людзі, і я выношу ўсе выпрабаванні, усе выпрабаванні. Ціха! — раптам сказаў ён, паспешліва хаваючы ключ за пазухай. — Што гэта? Чуеш?
Дзяўчыну, якая, склаўшы рукі, сядзела за сталом, відавочна не цікавіла, прыйшоў там хто, пайшоў, пакуль да яе вушэй не дайшоў невыразны мужчынскі голас. Як толькі яна пачула гэты гук, яна з хутасцю маланкі тузанула з галавы капялюш, з шыі шалік і схавала іх пад сталом. Габрэю, які павярнуўся да яе, яна прамармытала нешта накшталт скаргі на гарачыню; прамоўлена гэта было слабым голасам, што кантраставала са скрайняй паспешлівасцю і імпэтам дзеяння. Аднак Фэджын не заўважыў гэтага, бо на той час ён стаяў да яе спінай.
— Ба! — прамармытаў ён, збіты з панталыку неспадзяванкай. — Гэтага чалавека я чакаў раней. Ён спускаецца па лесвіцы. Ні слова пра грошы, пакуль ён тут, Нэнсі. Ён не затрымаецца доўга, даражэнькая, можа, хвілін на дзесяць.
Калі за дзвярыма пачуліся крокі незнаёмага мужчыны, габрэй прыклаў свой кашчавы ўказальны палец да вуснаў і панёс свечку да ўваходу. Ён дайшоў да дзвярэй адначасова з наведвальнікам, які хутка ўвайшоў у пакой і апынуўся побач з дзяўчынай, аднак не паспеў яе заўважыць.
Гэта быў Манкс.
— Усяго толькі адна з маіх маладых вучаніц, — сказаў габрэй, убачыўшы, што чалавек павярнуўся і заўважыў дзяўчыну. — Нэнсі, пачакай.
Дзяўчына падсунулася да стала і мімаходам, абыякава паглядзеўшы на Манкса, адвяла пагляд, але, калі Манкс зноў адвярнуўся да габрэя, яна кінула на прышлага яшчэ адзін позірк, пільны, дакладны, выразны, — так што, каб у пакоі быў яшчэ адзін назіральнік, то ён, заўважыўшы гэтую перамену, з цяжкасцю мог бы паверыць, што абодва позіркі належаць адной і той жа асобе.
— Што новага? — запытаўся габрэй.
— Шмат чаго.
— І што — добрыя навіны? — спытаў габрэй, быццам баяўся раздразніць чалавека сваімі добрымі спадзяваннямі.
— Ва ўсялякім разе, някепскія, — адказаў Манкс з усмешкай. — Я часу не марнаваў. Давайце пагаворым сам-насам.