Выбрать главу

Дзяўчына падсунулася да стала яшчэ бліжэй і не рабіла спробы пакінуць пакой, хоць і не магла не бачыць, што Манкс паказваў на яе. Габрэй, магчыма, баючыся, што яна пачне гаварыць пра грошы, калі ён паспрабуе выправадзіць яе за дзверы, паказаў пальцам на столь і пайшоў наверх, узяўшы з сабой Манкса.

— Толькі не ў той пракляты закутак, дзе мы былі той раз, — пачула Нэнсі словы наведвальніка, калі яны падымаліся па лесвіцы. Габрэй засмяяўся і сказаў нешта; што — яна не пачула. Мяркуючы па рыпенні прыступак, ён павёў свайго суразмоўцу на трэці паверх.

Перш чым сціхлі гукі крокаў, дзяўчына зняла свае чаравікі, завярнула на галаву прыпол сукенкі, закруціла ў гэты турбан рукі, стала ля дзвярэй і пачала з напружанай увагай слухаць. Як толькі шум сціх, яна выслізнула з пакоя, на дзіва лёгка і бязгучна паднялася па лесвіцы і знікла ў цемры наверсе.

На чвэрць гадзіны або болей пакой заставаўся пустым, потым дзяўчына вярнулася тою самай нячутнай хадою, і неўзабаве пасля таго пачуліся крокі абодвух мужчын, якія вярталіся. Манкс адразу пайшоў на двор, а габрэй зноў пасунуўся наверх па грошы. Калі ён вяртаўся, дзяўчына якраз папраўляла шалік і капялюш, быццам бы збіраючыся ісці.

— Што такое, Нэнсі, — усклікнуў габрэй, які якраз паставіў свечку, і адхіснуўся, — ты пабялела як палатно!

— Пабялела! — бы рэха, азвалася дзяўчына, зацяняючы вочы рукой, як быццам для таго, каб больш уважліва паглядзець на яго.

— Жахліва. Што з табой здарылася?

— Нічога. Сядзела ў гэтым катуху немаведама колькі, — бесклапотна адказала тая. — Ну дык майце ласку, адпусціце мяне.

Уздыхаючы над кожнай банкнотай, габрэй адлічыў грошы ёй у далонь. Яны разышліся без далейшых размоў, толькі сказаўшы адно другому «Дабранач».

Калі дзяўчына выйшла на вуліцу, то яна прысела на ганак, і некалькі хвілін выглядала на тое, што яна страціла кантроль над сабой і не можа ісці далей. Раптам яна паднялася, памкнулася ў бок, супрацьлеглы таму, у якім яе чакаў Сайкс, пайшла хутчэй, подбегам, потым хутка пабегла. Зусім знясілеўшы, яна спынілася, каб аддыхацца, а потым, быццам зразумеўшы, што не зможа ажыццявіць сваёй задумы, яна сціснула рукі ў роспачы і расплакалася.

Магчыма, слёзы прынеслі ёй палёгку, можа, яна зразумела ўсю безнадзейнасць свайго становішча, — але яна амаль з такой самай хуткасцю пашыбавала ў супрацьлеглым кірунку, — часткова, каб нагнаць страчаны час, часткова, каб паспяваць за імклівым ходам сваіх думак. Хутка яна дасягнула прытулку, дзе пакінула хатняга злодзея.

Калі яна, з’явіўшыся перад містэрам Сайксам, і выдала чым-небудзь сваё хваляванне, то ён не звярнуў на гэта ўвагі; ён адно спытаў, ці прынесла яна грошы, і, атрымаўшы станоўчы адказ, нешта задаволена прабурчаў, паклаў галаву на падушку і зноў заглыбіўся ў сон, перапынены яе прыходам.

Ёй пашанцавала, што наступным днём наяўнасць грошай дала яму магчымасць добра папрацаваць над ежай і пітвом; гэта настолькі добра паўплывала на ягоны нораў, змякчыўшы грубыя яго схільнасці, што ён не меў ні часу, ні жадання крытыкаваць яе паводзіны і манеры. Яе разбэрсанасць, нервовасць, якія ўласцівыя таму, хто наважыўся зрабіць нейкі смелы і рызыкоўны крок, прыняў рашэнне, якое вымагала надзвычайнай унутранай барацьбы, — такія яе паводзіны не засталіся б па-за ўвагай рысіных вочак габрэя, і той адразу пачаў бы біць трывогу. Але містэр Сайкс, які не адрозніваўся вялікай назіральнасцю і асабліва не браў да галавы, калі мець на ўвазе рэчы больш тонкія за тыя, якія можна вырашыць, калі паставіцца да іх і да кожнай удзельнай асобы свіным рылам, быў, да таго ж, як ужо згадвалася, у стане надзвычай дружалюбным, нічога асаблівага не заўважаў у паводзінах Нэнсі і настолькі мала клапаціўся пра яе, што нават калі б яна была яшчэ больш узрушанай і нервовай, гэта наўрад ці абудзіла б у ім нейкія падазрэнні.

Калі гэты дзень завяршыўся, усхваляванасць дзяўчыны ўзрасла, і пад вечар, седзячы ля хатняга злодзея і чакаючы, пакуль ён не ўп’ецца і не засне, яна так знервавалася і спалатнела, яе вочы набылі такі бляск, што нават Сайкс заўважыў гэта і здзівіўся.

Містэр Сайкс, аслабелы ад ліхаманкі, ляжаў у пасцелі ды разбаўляў джын вадой, каб зменшыць узбуджальныя якасці напою; ён у трэці або чацвёрты раз падсунуў Нэнсі шклянку, каб тая яе напоўніла — і тут, нарэшце, яе скрайне ўзрушаны выгляд уразіў яго.

— Каб я здох на месцы! — сказаў ён, падымаючыся на руках і гледзячы дзяўчыне ў твар. — Ты выглядаеш, як нябожчыца, якую вярнулі да жыцця. Што здарылася?

— Што здарылася! — паўтарыла дзяўчына. — Нічога. Што ты ў мяне ўтаропіўся?