— О лэдзі, лэдзі, — сказала яна, страсна склаўшы рукі перад тварам, — каб на свеце было больш такіх людзей, як вы, то было б менш такіх, як я, менш... менш...
— Сядайце, — сур’ёзна сказала Роз. — Сядзьце і скажыце, у чым справа. Калі вы бедная або вас спасцігла няўдача, я сапраўды буду вельмі радая дапамагчы вам, чым змагу.
— Дазвольце мне пастаяць, лэдзі, — сказала дзяўчына, усё яшчэ ў слязах, — і не размаўляйце са мной так спагадна, пакуль не пазнаёміліся са мной бліжэй. Але ўжо позна. Гэтыя дзверы... зачыненыя?
— Так, — адказала Роз, адступіўшы на некалькі крокаў, быццам для таго, каб ёй хутчэй змаглі прыйсці на дапамогу ў выпадку неабходнасці. — А чаму вы пытаеце?
— Таму, — адказвала дзяўчына, — што я збіраюся аддаць у вашыя рукі маё жыццё і жыцці іншых людзей. Я — тая дзяўчына, якая скрала малога Олівера і завяла яго да старога Фэджына, габрэя, увечары, калі ён выйшаў з дома ў Пэнтанвіле.
— Вы?! — ускрыкнула Роз Мэйлі.
— Так, я, лэдзі, — пацвердзіла дзяўчына. — Я — тое нягоднае стварэнне, пра якое вы чулі, якое жыве сярод злодзеяў і якое — няхай дапаможа мне Гасподзь — з таго часу, як сябе помню, і з таго часу, як вуліцы Лондана адкрыліся для маіх вачэй і пачуццяў, не ведала лепшага жыцця за тое і лепшых слоў за тыя, якімі мяне ўзнагароджвалі. Не вагаючыся, можаце прылюдна адхіснуцца ад мяне, лэдзі. Я маладзейшая, чым выглядаю, але я да гэтага прывыкла. Нават найбяднейшыя жанчыны адхістваюцца ад мяне, калі я іду па людных вуліцах.
— Які жах, — сказала Роз, міжволі адступаючы ад дзіўнай суразмоўніцы.
— Дзякуйце Богу на каленях, дарагая лэдзі, — плачучы, працягвала дзяўчына, — што вы ніколі не зазналі ні холаду, ні голаду, ні боек, ні п’янства, ні... ні яшчэ чагосьці больш гідкага, што я зведала з калыскі. Я магу сказаць гэтае слова, таму што маёй калыскай былі глухі завулак ды канава, яны стануць і маім смяротным ложам.
— Мне шкада вас, — дрыготкім голасам сказала Роз. — Маё сэрца сціскаецца, калі я слухаю вас.
— Няхай неба ўзнагародзіць вас за дабрыню! — азвалася дзяўчына. — Каб вы ведалі, якой я бываю час ад часу, вы б дапраўды пашкадавалі мяне. Але я патаемна збегла ад тых, якія мяне, напэўна, забілі б, калі б даведаліся, што я прыйшла сюды, каб расказаць тое, што падслухала. Ці ведаеце вы чалавека па імені Манкс?
— Не, — сказала Роз.
— Ён вас ведае, — працягвала дзяўчына, — і ведае, што вы прыехалі. Я пачула, як ён назваў адрас, і вось па гэтым адрасе знайшла вас.
— Ніколі не чула такога імя, — сказала Роз.
— Значыць, у нас ён называе іншае імя, я пра гэта даўно здагадвалася. Колькі часу таму назад, неўзабаве пасля таго, як Олівера ў ноч рабаўніцтва закінулі ў ваш дом, я, падазраваючы гэтага чалавека, падслухала ў цемры размову паміж ім і Фэджынам. Я ўчула, што Манкс, той самы мужчына, пра якога я ў вас пыталася, памятаеце?
— Так, — адказала Роз, — разумею.
— ...што Манкс, — працягвала дзяўчына, — выпадкова бачыў Олівера ў кампаніі двух нашых хлапцоў у дзень, калі ён згубіўся, і прызнаў у ім якраз таго самага хлопчыка, якога ён з нейкай прычыны шукаў, хоць я і не разумею навошта. З Фэджынам была заключаная ўгода, што калі Олівера выкрадуць ізноў, то габрэю перападзе пэўная сума, і ён меў атрымаць яшчэ больш за тое, калі ён зробіць з Олівера злодзея. Гэта Манксу для нечага патрэбна. Нейкую карысць ён з гэтага мецьме.
— Якую карысць? — спытала Роз.
— Ён заўважыў на сцяне мой цень, калі я падслухоўвала, каб зразумець, для якой, — адказала дзяўчына, — і мала каму ўдалося б уцячы і не быць заўважаным; мне вось удалося. З той пары я яго не бачыла. Учора вось толькі вечарам яшчэ раз.
— Што ж здарылася потым?
— Зараз скажу вам, лэдзі. Мінулым вечарам ён прыходзіў ізноў. Яны ізноў падымаліся наверх, і я, захінуўшыся так, каб цень не выдаў мяне, зноў падслухоўвала пад дзвярыма. Першае, што сказаў Манкс, дык гэта: «Такім чынам, адзіны доказ паходжання падшыванца ляжыць на дне ракі, а старая ведзьма, якая атрымала яго ад ягонай мацеры, гніе ў труне». Яны зарагаталі і ўхвалілі, як спрытна ён абрабіў справу, а Манкс, гаворачы пра хлопчыка, раз’ятрана прамовіў, што хоць ён і займеў грошы маленькага д’ябла, але яму было б лепш узяць іх іншым шляхам; вось гэта была б пацеха, казаў ён, паздзеквацца з тастамента задавакі-бацькі ды працягнуць падшыванца цераз усе гарадскія турмы, а потым зладзіць яму паказальнае павешанне за якое-небудзь цяжкае злачынства, што Фэджын мог бы ўрэшце лёгка падстроіць, папярэдне, аднак, добра на ім зарабіўшы.
— Дык што ж гэта такое! — прамовіла Роз.