Выбрать главу

— Праўда, лэдзі, хоць яна і прагучала з маіх вуснаў, — адказала дзяўчына. — Потым ён, страшэнна брыдкасловячы, што звыкла для маіх вушэй, але для вашых дык, напэўна, не, сказаў, што калі б ён мог спатоліць сваю нянавісць, узяўшы жыццё хлопчыка і не рызыкуючы ўласнай шыяй, то ён зрабіў бы гэта, але калі ўжо гэта немагчыма, то ён будзе пільна за ім сачыць, чакаць зручнага выпадку, каб скарыстацца з той перавагі, што ён ведае пра ягонае нараджэнне і паходжанне, і па магчымасці пашкодзіць хлопчыку. «Адным словам, Фэджын, — сказаў ён, — хоць ты і габрэй, але ты ніколі яшчэ не рыхтаваў нікому такіх пастак, якія я падрыхтаваў для майго юнага брата Олівера».

— Ён яго брат! — усклікнула Роз.

— Гэта былі яго словы, — прамовіла Нэнсі, з непакоем азіраючыся, як азіралася яна ўвесь час размовы, таму што яе апанаваў успамін пра Сайкса. — І вось што яшчэ. Калі ён гаварыў пра вас і другую лэдзі, то сказаў, што, мабыць, гэта Бог або д’ябал зладзілі ўсё так, каб назло яму Олівер трапіў у вашыя рукі. Потым ён зарагатаў і сказаў, што гэта яго нават задавальняе, таму што вы аддалі б нямала тысяч і соцень тысяч фунтаў, каб іх мелі, каб даведацца, хто такі ваш двуногі спаніэль.

— Вы ж не хочаце сцвярджаць, — прамовіла Роз, зрабіўшыся вельмі бледнай, — што гэта было сказана ўсур’ёз?

— Ён сказаў гэта з такой рашучай і злоснай сур’ёзнасцю, на якую толькі здольны мужчына, — запярэчыла Нэнсі, пакруціўшы галавой. — Калі ўвесці яго ў злосць, ён жартаў не разумее. Я ведаю шмат людзей, якія робяць горшыя ўчынкі, але па мне, дык лепш слухаць іх усіх дзесяць разоў, чым Манкса аднойчы. Але становіцца позна, і мне трэба паспець дадому, не даўшы падставаў для падазрэння, дзе і ў якой справе я была. Мне трэба як мага хутчэй назад.

— Але што я магу зрабіць? — сказала Роз. — На што карыснае магу я ўжыць гэтую інфармацыю без вас? А вы хочацевяртацца! Чаму вы хочаце назад да супольнікаў, якіх вы апісалі такімі змрочнымі фарбамі? Калі вы паўторыце тое, што сказалі, джэнтльмену, якога я праз пару секунд магу прывесці з суседняга пакоя, то вас даставяць у бяспечнае месца ўжо праз якіх паўгадзіны.

— Я хачу вярнуцца, — адказала дзяўчына. — Я мушу вярнуцца, таму што — як сказаць гэта такой нявіннай лэдзі, як вы, — таму што сярод мужчын, пра якіх я вам расказвала, ёсць адзін, самы адчайны, і я яго не магу пакінуць, нават дзеля таго, каб пазбавіцца ад майго цяперашняга распуснага жыцця.

— Вашае ранейшае заступніцтва за гэтага мілага хлопчыка, тое, што вы прыйшлі сюды пад вялікай рызыкай, каб паведаміць, што пачулі, вашыя паводзіны, якія пераконваюць мяне, што вы гаворыце праўду, вашае выразнае раскаянне, ваш сорам — усё гэта прымушае мяне верыць, што вы яшчэ можаце выправіцца. О! — усклікнула палка дзяўчына, складваючы рукі, і па твары яе пакаціліся слёзы. — Не заставайцеся глухой да маленняў жанчыны, якая першай — я пэўная, што першай, — звярнулася да вас з гэтымі словамі жалю і спачування. Пачуйце мае словы, дазвольце мне выратаваць вас дзеля лепшага жыцця.

— Лэдзі! — усклікнула, заплакаўшы, дзяўчына і апусцілася на калені. — Мілая, дарагая лэдзі, анёлак мой! Вы першая, хто ашчаслівіў мяне такімі вось словамі, і каб я пачула іх колькі гадоў таму, гэта захавала б мяне ад жыцця ў граху і распусце, але цяпер — цяпер занадта позна!

— Ніколі не позна раскаяцца і загладзіць свой грэх.

— Позна! — усклікнула дзяўчына; душэўныя пакуты мучылі яе. — Я не магу пакінуць яго цяпер! Не магу быць ягонай смерцю.

— Як гэта вы можаце быць ягонай смерцю? — спытала Роз.

— Яго нічога не выратавала б, — усклікнула дзяўчына. — Калі б я расказала іншым тое, што сказала вам, і ўсіх схапілі б, то яго, напэўна, пакаралі б смерцю. Ён самы адчайны, і ён быў такім жорсткім.

— Хіба гэта магчыма! — усклікнула Роз. — Дзеля такога чалавека вы адмаўляецеся ад любой надзеі на лепшую будучыню, ад пэўнага, гарантаванага выратавання! Гэта вар’яцтва.

— Не ведаю, што гэта, — адказвала дзяўчына, — адно толькі ведаю, што гэта так, як яно ёсць, і не толькі са мной адною, а з сотнямі іншых, такіх самых сапсаваных і няшчасных істот, як я. Мушу вяртацца. Не ведаю — можа, гэта Божае пакаранне за ўсё тое, што я нарабіла, але нягледзячы на ўвесь гвалт і грубасць, нешта цягне мяне да яго, і здаецца, што мне карцела б вярнуцца, нават калі б я ведала, што загіну ад яго рукі.

— Што ж мне рабіць? — спытала Роз. — Нельга мне вас вось так вось адпусціць.

— Трэба адпусціць мяне, лэдзі! — сказала дзяўчына, устаючы. — Я ведаю, вы адпусціце мяне, вы дазволіце мне пайсці, таму што я даверылася вашай дабрыні і не брала ад вас ніякіх абяцанняў, хоць магла б.

— Якая тады карысць ад таго, што вы паведамілі? — сказала Роз. — Гэтую таямніцу трэба раскрыць, а інакш якая карысць ад таго, што вы распавялі, маленькаму Оліверу, якому вы так хочаце дапамагчы?