— Сярод вашых знаёмых, напэўна, ёсць добры джэнтльмен, якому можна расказаць усё, і які, не раскрываючы таямніцы, параіць вам, што рабіць, — адказала дзяўчына.
— Але як мне знайсці вас у выпадку неабходнасці? — спытала Роз. — Я не імкнуся даведацца, дзе жывуць гэтыя жахлівыя людзі, але дзе вы маглі б шпацыраваць або праходзіць у пэўны час дня цягам колькіх дзён?
— Ці паабяцаеце вы мне, што прыйдзеце адна або толькі з адной асобай, якая ведае пра таямніцу, і што за мной не будуць сачыць? — запыталася дзяўчына.
— Урачыста абяцаю вам, — адказала Роз.
— Штонядзелю ўвечары, ад дваццаці трох да дваццаці чатырох, — адразу азвалася дзяўчына, — я буду шпацыраваць, калі толькі застануся жывой, па Лонданскім мосце.
— Пачакайце хвіліну, — затрымала Роз дзяўчыну, якая рушыла была да дзвярэй. — Падумайце яшчэ раз пра свой лёс і пра магчымасць паўплываць на яго. Я абавязана вам не толькі таму, што вы добраахвотна прынеслі мне гэтую інфармацыю, але і таму, што вы жанчына, якая ад распусты амальнезваротна прапала. Няўжо вы вернецеся ў гэтую банду злодзеяў, да гэтага чалавека, калі вас можа выратаваць адно толькі слова? Чым зачараваныя вы так, што мусіце вяртацца і прыхінацца да граху і ліха? О! Няўжо няма ў вашым сэрцы ніводнай струны, якую я магла б закрануць! Няўжо ў вас не засталося нічога такога, да чаго я магла б звярнуцца, каб супраціўляцца гэтаму жахліваму асляпленню!
— Калі такія маладыя, добрыя, прыгожыя лэдзі, як вы, — упэўнена запярэчыла дзяўчына, — аддаюць сваё сэрца, тады каханне можа завабіць іх куды заўгодна, нават такіх, як вы, у каго ёсць дом, сябры, прыхільнікі, адным словам, усё, што робіць жыццё поўным. Калі ж такія, як я, у каго найверагоднейшы дом — гэта труна, у каго, калі яны паміраюць або хварэюць, няма іншых сяброў, акрамя шпіталёвай сядзелкі, — калі такія раскрываюць свае разбэшчаныя сэрцы насустрач якому-небудзь мужчыну і дазваляюць яму заняць там месца, што было вольным на працягу ўсяго іх сапсаванага жыцця, — хто тады можа спадзявацца вылечыць, выратаваць нас? Пашкадуйце нас, лэдзі, пашкадуйце за тое, што з усіх пачуццяў, якія вядомыя жанчыне, у нас засталося толькі адно, ды і тое па суворым прысудзе прыносіць не спакой і гонар, а толькі гвалт і пакуты.
— Ці возьмеце вы ад мяне сціплую суму грошай, — сказала Роз пасля паўзы, — якая дазволіць вам не жыць болей у няслаўі, хаця б да таго часу, калі мы з вамі сустрэнемся яшчэ раз?
— Не вазьму ні пені, — адказала дзяўчына, адмахнуўшы рукой.
— Не закрывайце свайго сэрца, дайце мне дапамагчы вам, — сказала Роз і зрабіла лёгкі крок наперад. — Я насамрэч хачу аказаць вам паслугу.
— Найлепшую паслугу вы аказалі б мне, лэдзі, — адказвала дзяўчына, сціснуўшы рукі, — калі б вы адразу забралі маё жыццё, бо сёння я зазнала больш гора, чым калі-небудзь, і для мяне было б палёгкай памерці не ў тым пекле, у якім я жыла. Няхай блаславіць вас Бог, мілая лэдзі, няхай ён пашле вам столькі шчасця, колькі ганьбы я наклікала на сябе.
З гэтымі словамі няшчасная дзяўчына ўголас заплакала і пайшла, а Роз Мэйлі, зняможаная дзіўным спатканнем, якое было падобнае больш на хуткаплынны сон, чым на рэальнае здарэнне, апусцілася на крэсла і паспрабавала сабраць свае разбэрсаныя думкі.
РАЗДЗЕЛ XLI,
які ўтрымлівае новыя адкрыцці і паказвае, што неспадзяванка, як і няшчасце, рэдка прыходзіць
адна
Яе становішча і насамрэч было нязвыкла складаным і цяжкім. Яна ўся гарэла ад жадання пранікнуць за завесу таямніцы, якой была ахінутая гісторыя Олівера, і ў той самы час яна не магла не лічыць свяшчэннай таямніцу паведамлення, якое ёй, маладой, чыстай дзяўчыне, перадала няшчасная жанчына, з якой яна толькі што размаўляла. Яе словы і манеры кранулі сэрца Роз Мэйлі, і да той любові, якую яна адчувала да свайго маладога выхаванца, дадалося гэткае самае шчырае і моцнае жаданне вярнуць няшчасную адрынутую жанчыну ва ўлонне надзеі і пакаяння.
Яны мелі намер прабыць у Лондане тры дні, а потым паехаць на некалькі тыдняў у якое-небудзь малалюднае месца на ўзбярэжжы. Цяпер была першая ноч іх побыту ў Лондане. На якія дзеянні ёй трэба было набрацца духу, каб ажыццявіць іх за сорак восем гадзін? Або як адкласці падарожжа, не выклікаўшы падазрэння?
З імі прыехаў містэр Лосбэрн, які павінен быў застацца яшчэ на два дні, але Роз занадта добра ведала імпульсіўнасць гэтага выдатнага джэнтльмена і занадта добра прадбачыла гнеў, які авалодае ім адразу пры паведамленні пра таго, хто быў вінаватым у другім выкраданні Олівера, каб даверыць яму таямніцу без падтрымкі і аргументацыі з боку яшчэ якой-небудзь асобы з багатым жыццёвым досведам. Былі ўсе прычыны захоўваць найвялікшую асцярогу і абачлівасць, калі расказаць пра таямніцу місіс Мэйлі, бо тая адразу ж захацела б параіцца з шаноўным доктарам... Што ж датычыла афіцыйнага юрыдычнага кансультанта, то нават калі б яна ведала, як да яго звярнуцца, пра гэта наўрад ці выпадала думаць з тых самых прычын. Аднойчы яна была падумала, што варта заручыцца падтрымкай Гары, але думка гэтая абудзіла ўспамін пра іх колішнія ростані, і ёй здалося, што не варта клікаць яго на дапамогу ў такі час, — тут слёзы навярнуліся ёй на вочы, калі яна стала ўспамінаць пра гэта, — калі ён, мабыць, толькі пачаў прывыкаць да таго, што ім не быць разам, і пачаў адчуваць сябе больш шчаслівым далёка ад яе.