Узрушаная рознымі ўспамінамі, схіляючыся то да аднаго рашэння, то да другога, то зноў пакідаючы ўсё як ёсць, па меры таго, як яна перабірала ў галаве варыянты сваіх магчымых дзеянняў, — так вось неспакойна, без сну правяла Роз гэтую ноч. На наступны дзень, падумаўшы яшчэ і прыйшоўшы ў роспач, яна ўсё ж вырашыла звярнуцца да Гары.
— Калі яму будзе балесным вяртанне сюды, — разважала яна, — то як балесна гэта будзе для мяне! Але можа, ён зусім не прыедзе; ён можа напісаць або можа прыехаць і знарок пазбягаць сустрэч — ён так зрабіў, калі ад’язджаў. Але тут Роз выпусціла з рук пяро і адвярнулася, быццам не хацела, каб нават папера была сведкай таго, што яна плача.
Яна брала і зноў клала пяро разоў пяцьдзясят, зноў і зноў абдумвала першы радок ліста, так і не напісаўшы ніводнага слова, калі раптам Олівер, які шпацыраваў па вуліцах у суправаджэнні містэра Джайлса як целаахоўніка, так паспешліва і з такім шумам уварваўся ў пакой, што гэта прадказвала яшчэ нейкую бяду.
— Што гэта з табой? — спытала Роз, устаўшы яму насустрач.
— Гаварыць цяжка... Здаецца, зараз задыхнуся, — адказваў хлопчык. — Вось гэта дык праява! Нарэшце я ўбачыў яго, а вы ўпэўніцеся, што я казаў праўду!
— Я заўсёды верыла, што ты кажаш нам праўду, — суцешыла яго Роз. — Але пра што размова? Каго ты маеш на ўвазе?
— Я бачыў таго джэнтльмена, — адказваў Олівер, захлёбваючыся словамі і ледзьве паспяваючы іх прамаўляць, — джэнтльмена, які быў да мяне такі добры, — містэра Браўнлоў, пра якога мы так часта гаварылі.
— Дзе? — спытала Роз.
— Ён выйшаў з кэба, — адказаў Олівер, заплакаўшы ад радасці, — і ўвайшоў у дом. Я не загаварыў да яго — я не мог гэтага зрабіць, бо ён мяне не бачыў, а я так дрыжаў, што не мог пайсці за ім следам. Але Джайлс па маёй просьбе спытаў, ці там ён жыве, і яму адказалі станоўча. Паглядзіце сюды, — Олівер разгарнуў нейкую цыдулку, — вось тут, тут вось ён жыве — і я цяпер адразу пабягу туды! Вой, што са мной будзе, калі я зноў убачу яго, зноў пачую ягоны голас!
Роз, чыю ўвагу нямала адхілялі гэтыя бязладныя і радасныя выкрыкі, усё-такі прачытала адрас: Крэйвэн-стрыт, Стрэнд; яна адразу вырашыла атрымаць карысць з гэтай магчымай сустрэчы.
— Хутчэй! — сказала яна. — Распарадзіся, каб нанялі кэб і чакалі мяне. Зараз мы з табой, не губляючы ні хвіліны часу, паедзем туды. Я толькі скажу маёй цётухне, што мы адлучымся на гадзіну, і буду гатовая да паездкі.
Оліверу не трэба было паўтараць некалькі разоў, і праз якіх пяць хвілін яны ўжо ехалі ў кірунку Крэйвэн-стрыт. Калі яны прыбылі на месца, Роз пакінула Олівера ў карэце, быццам бы для таго, каб падрыхтаваць старога джэнтльмена да сустрэчы, а сама паслала слугу са сваёй візітоўкай, каб той папрасіў містэра Браўнлоў прыняць яе дзеля неадкладнай справы. Хутка слуга вярнуўся і запрасіў яе падняцца па лесвіцы наверх. Роз пайшла за ім. У пакоі наверсе слуга назваў яе джэнтльмену сталага веку з добрым выразам твару. Адзеты гэты джэнтльмен быў у фрак колеру цёмна-зялёнай бутэлькі. Непадалёку ад яго сядзеў другі джэнтльмен сталага веку ў нанкавых брыджах і гетрах; выраз ягонага твару быў не асабліва прыхільным; ён сядзеў, абапёршыся барадой на рукі, якімі ён абхапіў наверша тоўстай палкі.
— Ах, мой ты Божа, — сказаў джэнтльмен у фраку з найвялікшай паважлівасцю, ветліва падхапіўшыся, — прашу ласкава прабачыць, маладая лэдзі... я думаў, што гэта якая-небудзь дакучлівая асоба, якая... дык прашу мне прабачыць. Сядайце, малю вас.
— Я думаю, вы містэр Браўнлоў, сэр? — спытала Роз, пераводзячы позірк з другога джэнтльмена на джэнтльмена, які з ёю загаварыў.
— Так, гэта маё імя, — адказаў стары джэнтльмен. — А гэта мой сябар, містэр Грымуіг. Грымуіг, пакіньце нас, калі ласка, сам-насам на некалькі хвілін.