— Я думаю, — азвалася міс Мэйлі, — што на гэтым месцы нашай размовы мне няма патрэбы турбаваць гэтага джэнтльмена — ён мог бы застацца. Наколькі я інфармаваная, ён ведае пра справу, пра якую я хацела б з вамі пагаварыць.
Містэр Браўнлоў нахіліў галаву. Містэр Грымуіг, які быў падняўся і чапурыста пакланіўся, зрабіў яшчэ адзін важны паклон і ўпаў назад у крэсла.
— Не сумняваюся, што вельмі вас здзіўлю, — пачала Роз, адчуваючы цалкам зразумелую ўзрушанасць. — Аднойчы вы праявілі спагаду і дабрыню да аднаго вельмі дарагога мне малога сябра, і я дакладна ведаю, што вам будзе цікава пачуць пра яго яшчэ раз.
— Насамрэч! — сказаў містэр Браўнлоў.
— Вы ведалі яго як Олівера Твіста, — працягвала Роз.
Як толькі словы гэтыя зляцелі з яе вуснаў, містэр Грымуіг, які прыкідваўся, быццам заглыбіўся ў таўшчэзную кнігу, што ляжала на стале, з вялікім шумам выпусціў яе з рук на падлогу, адкінуўся на спінку крэсла і паглядзеў на дзяўчыну; на твары яго нельга было прачытаць нічога болей, акрамя бязмежнага здзіўлення; ён доўга і бяссэнсава глядзеў на яе, вырачыўшы вочы, потым, быццам бы засаромеўшыся такога яўнага праяўлення сваіх эмоцый, ён сутаргава выпрастаўся, прыняў ранейшую паставу і, гледзячы проста перад сабой, працягла і глуха свіснуў; свіст гэты не знік, а, здавалася, заглух дзесьці ў глыбіні ягонага страўніка.
Не менш здзіўлены быў і містэр Браўнлоў, хоць яго здзіўленне не выявілася так эксцэнтрычна. Ён падсунуў крэсла бліжэй да міс Мэйлі і прамовіў:
— Мая дарагая маладая лэдзі, зрабіце мне ласку, не гаварыце наконт спагады і дабрыні: пра гэта ніхто нічога не ведае. Калі вы толькі можаце засведчыць нешта, што можа змяніць тое адмоўнае ўражанне, якое я аднойчы атрымаў ад гэтага беднага дзіцяці, то дзеля Бога, выкладвайце хутчэй.
— Дрэнны хлопчык! З’ем сваю галаву, калі ён не дрэнны, — прамовіў містэр Грымуіг нутраным голасам — нават ні адзін мускул не зварухнуўся на яго твары.
— У гэтага дзіцяці высакародная натура і добрае сэрца, — запярэчыла, пачырванеўшы, Роз, — і тая сіла, якая распарадзілася выпрабаваць яго не па ягоных гадах, памясціла ў ягоныя грудзі жарсці і пачуцці, якія зрабілі б гонар шмат каму з тых, хто мае ўжо шэсць разоў па столькі гадоў, як ён.
— Мне толькі шэсцьдзесят адзін год, — уставіў містэр Грымуіг з тым самым застылым выразам твару. — Калі ў справу не ўмяшаўся сам д’ябал, то Оліверу, напэўна, каля дванаццаці гадоў, так што я не разумею, каго вы маеце на ўвазе.
— Не звяртайце на майго сябра ўвагі, міс Мэйлі, ён не гэта хацеў сказаць.
— Гэта, гэта, — прабурчэў містэр Грымуіг.
— Не, не гэта, — паўтарыў містэр Браўнлоў; яго голас набыў адценне злосці.
— Ён гатовы з’есці сваю галаву, калі не тое, — прабурчэў містэр Грымуіг.
— У такім выпадку ён заслугоўвае таго, каб зняць яе з плеч далоў, — сказаў містэр Браўнлоў.
— Надта хацелася б бачыць, хто возьмецца гэта зрабіць, — адказаў містэр Грымуіг, грукнуўшы палкай аб падлогу.
Зайшоўшы так далёка, абодва старыя джэнтльмены некалькі разоў узялі кожны панюшку тытуню, а потым, згодна з нязменнай сваёй традыцыяй, паціснулі адзін другому рукі.
— А цяпер, міс Мэйлі, — сказаў містэр Браўнлоў, — вернемся да асобы, якая так узрушыла вашыя гуманныя пачуцці. Паведамце мне ўсё, што ведаеце пра гэтае беднае дзіця. І дазвольце мне таксама сказаць, што я вычарпаў усе сродкі, якія меў у сваім распараджэнні, каб знайсці яго, і з таго часу, як я пакінуў Англію, першапачатковае маё меркаванне, быццам ён падмануў мяне, што ягоныя былыя супольнікі падгаварылі яго абрабаваць мяне, у значнай меры пахіснулася.
Роз, якая мела даволі часу, каб сабрацца з думкамі, сцісла і зразумела пераказала ўсё, што выпала перажыць Оліверу з таго часу, як ён пакінуў дом містэра Браўнлоў, прамаўчаўшы пра тое, што перадала ёй Нэнсі, з тым каб потым расказаць пра гэта містэру Браўнлоў сам-насам; завершыла яна свой аповед запэўніваннем, што адзіным, што выклікала роспач Олівера ў апошнія месяцы, было тое, што ён не мог сустрэцца са сваім колішнім апекуном і сябрам.
— Дзякуй Богу! — сказаў стары джэнтльмен. — Гэта для мяне вялікае шчасце, вялікае шчасце. Але міс Мэйлі, вы не сказалі мне, дзе ён цяпер. Даруйце мне за дакор — але чаму вы не прывялі яго з сабой?
— Ён сядзіць у карэце перад домам, — адказала Роз.
— Перад маім домам! — усклікнуў стары джэнтльмен.
Не гаворачы больш ні слова, ён выскачыў з пакоя, пабег уніз па лесвіцы, падняўся па прыступках кэба і праз якое імгненне быў ужо ў карэце.
Калі дзверы пакоя зачыніліся, містэр Грымуіг падняў галаву і, ператварыўшы адну з задніх ножак крэсла ў вось вярчэння, апісаў тройчы круг, дапамагаючы сабе палкай і абапіраючыся на стол. Зрабіўшы гэтае практыкаванне, ён падняўся і прайшоўся па пакоі разоў з дванаццаць так хутка, як толькі мог, потым нечакана спыніўся перад Роз і без слоў пацалаваў яе.