З гэтымі словамі стары джэнтльмен падаў руку місіс Мэйлі і павёў яе ў сталовую. Містэр Лосбэрн узяў пад руку Роз і пайшоў следам, і нарада закрылася.
РАЗДЗЕЛ ХLII
Стары знаёмы Олівера выяўляе яўныя прыкметы геніяльнасці і робіцца ў сталіцы выбітным грамадскім
дзеячам
Тым самым вечарам, калі Нэнсі пагрузіла ў сон містэра Сайкса і спяшалася да Роз Мэйлі, каб выканаць місію, якую яна сама на сябе ўсклала, да Лондана Вялікім Паўночным гасцінцам набліжаліся дзве асобы, якім у нашым аповедзе павінна быць нададзеная пэўная ўвага.
Гэта былі мужчына і жанчына. Больш правільна было б назваць іх асобамі мужчынскага і жаночага полу, бо першы быў адным з тых цыбатых, кашчавых, крываногіх, занядбаных людзей, узрост якіх цяжка вызначыць: хлопчыкамі яны выглядаюць на недаросткаў, а ў сталым веку на перарослых падлеткаў. Жанчына была маладая, але моцнага целаскладу, вынослівая, што ёй якраз і было патрэбна, каб вынесці цяжар вялікага клунка, прымацаванага на спіне. Яе спадарожнік, відаць, не быў абцяжараны багажом, — на кійку, які ён нёс на плячы, боўтаўся невялікі клунак — нешта, загорнутае ў звычайную насоўку і, відавочна, лёгкае. Гэтая акалічнасць, а таксама надзвычайна доўгія ногі дазвалялі яму трымацца на некалькі крокаў паперадзе сваёй спадарожніцы, да якой ён раз-пораз з нецярпеннем паварочваў галаву, быццам бы дакараючы яе за марудлівасць і панукаючы прыспешыць хаду.
Так яны сунуліся па пакрытай пылам дарозе, зважаючы на прадметы навокал толькі тады, калі ім трэба было адступаць убок, каб прапускаць паштовыя карэты, якія імчаліся з горада; калі ж яны прайшлі пад Хайгейцкай брамай, мужчына, які ішоў паперадзе, спыніўся і нецярпліва аклікнуў сваю спадарожніцу:
— Хутчэй давай! Не можаш, ці што? Ну і лайдачка ты, Шарлот.
— Ноша цяжкая, вось што я скажу, — пачала апраўдвацца жанчына, якая ўжо ледзьве дыхала ад стомы.
— Цяжкая! Што ты вярзеш? А ты навошта тады? — запярэчыў мужчына, перакладваючы свой кіёк на другое плячо. — Ну вось, зноў прывал! Не ведаю, хто, акром цябе, можа так выводзіць з цярпення.
— Яшчэ далёка? — спытала жанчына, прыхінуўшыся да адхону; пот кроплямі сцякаў па яе твары.
— Далёка! Мы, лічы, прыйшлі ўжо, — сказаў цыбаты і тыцнуў пальцам перад сабой. — Вунь! Гэта агні Лондана.
— Датуль яшчэ мілі са дзве, не менш, — без энтузіязму сказала жанчына.
— Якая розніца — дзве мілі ці дваццаць, — сказаў Ноэ Клэйпал, бо гэта быў ён, — уставай і клыгай, а то як дам зараз выспятка, кажу табе наперад.
Паколькі чырвоны нос Ноэ яшчэ больш пачырванеў ад гневу, і ён нават памкнуўся ў бок Шарлот, перасёк дарогу, быццам збіраўся выканаць сваю пагрозу, жанчына без далейшых слоў паднялася і паплялася побач з ім.
— Ноэ, дзе ты збіраешся спыніцца на ноч? — спытала яна пасля таго, як яны прайшлі некалькі сот ярдаў.
— Адкуль я ведаю? — адказаў Ноэ, чый настрой ад хады сапсаваўся канчаткова.
— Каб дзе бліжай, — сказала Шарлот.
— Бліжай не будзе, — даў адказ містэр Клэйпал. — Не бліжай, а таму няма чаго пра гэта думаць.
— Чаму не?
— Калі я табе кажу, што не збіраюся нешта рабіць, то вось і казка ўся, — зазначыў містэр Клэйпал.
— Навошта так злавацца? — азвалася яго спадарожніца.
— Вось была б вясёлая рэч — пайсці і спыніцца ў першай, якая трапіць, карчме, каб Саўэрберы, калі ён прыпусціўся за намі ў пагоню, усунуў туды свой стары нос, павязаў нас і завёз на возе назад, — кпліва сказаў містэр Клэйпал. — Не! Я знікну, згублюся ў самых вузкіх вулачках, якія толькі можна знайсці, і не спынюся, пакуль не знайду самую ўбогую карчму з усіх, якія трапяць нам на шляху. Можаш падзякаваць сваёй шчаслівай зорцы, што ў мяне ёсць галава на плячах: калі б я не схітраваў і не пайшоў наўмысна не той дарогай, і калі б мы не вярнуліся палямі — сядзела б ты, мілая мая, пад добрым замком ужо тыдзень. І гэта было б для цябе тое, што трэба, бо ты дурніца!
— Я ведаю, што я не такая хітрая, як ты, — адказвала Шарлот, — але не перакладвай усю віну на мяне і не кажы, што адно мяне пасадзілі б пад замок. Села б я — сеў бы і ты.
— Ты ўзяла грошы з касы, сама не ведаеш хіба, — сказаў містэр Клэйпал.
— Я ўзяла іх для цябе, Ноэ, дарагі мой, — запярэчыла Шарлот.
— А я што, пакінуў іх сабе? — спытаў містэр Клэйпал.
— Не, ты даверыў іх мне і дазволіў несці, таму што ты добры, — сказала лэдзі, паляпала яго па барадзе і ўзяла пад руку.
Гэта насамрэч было так, але з той прычыны, што містэр Клэйпал не меў звычкі слепа і тупа адорваць сваім даверам абы-каго, варта заўважыць, што ён даверыўся Шарлот толькі на той выпадак, калі іх зловяць, — тады грошы будуць знойдзены ў яе; гэта дало б яму магчымасць адпрэчыць свой удзел у крадзяжы і павялічыць свае шанцы выкруціцца. Зразумела, цяпер ён не стаў тлумачыць сваіх матываў, і яны мірна пайшлі далей.