Выбрать главу

Згодна са сваім асцярожным планам, містэр Клэйпал ішоў, не спыняючыся, аж пакуль не дайшоў да «Анёла» ў Арлінгтоне, дзе пры выглядзе натоўпу мінакоў і вялікай колькасці экіпажаў, ён прыйшоў да высновы, што тут насамрэч пачаўся Лондан. Ён затрымаўся толькі для таго, каб упэўніцца, якія вуліцы самыя людныя, якіх, адпаведна, трэба пазбягаць, потым павярнуў на Сэнт-Джонз-роўд і неўзабаве заглыбіўся ў морак заблытаных, брудных завулкаў, якія месціліся паміж Грэйз-ін і Смітфілдам і дзякуючы якім гэтая частка горада выглядае адной з самых брудных і агідных, хоць месціцца ў цэнтры Лондана і была ў свой час грунтоўна перабудаваная.

Па гэтых вуліцах ішоў цяпер Ноэ Клэйпал, цягнучы за сабой Шарлот; час ад часу ён саступаў на брук, каб прыцаніцца да якой-небудзь карчмы, потым ішоў далей, калі знешні выгляд установы сведчыў, што тут будзе занадта людна. Нарэшце ён спыніўся перад адным заезным дваром, найбольш убогім і брудным з усіх, якія ён пабачыў, перасёк вуліцу, разгледзеў яго з процілеглага боку і міласціва аб’явіў аб сваім намеры спыніцца тут на ноч.

— Так што давай сюды клунак, — сказаў Ноэ, адвязваючы рамяні, якімі той быў прывязаны да яе плячэй, і перавешваючы яго на свае плечы, — і ні слова, пакуль з табой не загавораць. Як называецца гэты дом? Тры... чаго?

— Калекі, — падказала Шарлот.

— «Тры Калекі», — паўтарыў Ноэ, — і шыльда — што трэба. Ну, хадзем! Не адставай!

Пасля гэткіх указанняў ён піхнуў плячом рыпучыя дзверы і ў суправаджэнні сваёй спадарожніцы ўвайшоў унутр.

У карчме нікога не было, апроч маладога габрэя за стойкай, які стаяў, абапёршыся локцямі аб прылавак, і чытаў зашмальцаваную газету. Ён вельмі пільна паглядзеў на Ноэ; Ноэ не менш пільна паглядзеў на яго.

— Гэта «Тры Калекі»? — спытаў Ноэ.

— Дак дадываецца гэды доб, — адказаў габрэй.

— Адзін джэнтльмен, які ішоў з вёскі і якога мы сустрэлі, параіў зайсці сюды, — сказаў Ноэ, штурхаючы локцем Шарлот, магчыма, каб звярнуць яе ўвагу на такі рафінаваны спосаб выклікаць павагу. А можа быць, і каб засцерагчы яе ад неабдуманых крокаў. — Мы хацелі б у вас заночыць.

— Дакодт гэдага де ведаю, — адказаў Барні, які быў памочнікам карчмара, — байду бабыдаюся.

— Завядзіце нас у іншы пакой і дайце нам халоднай ялавічыны і кроплю піва, перш чым пойдзеце пытацца, га? — сказаў Ноэ.

Барні паслухаўся і павёў іх у маленькі задні пакойчык, паставіў на стол замоўленую яду; праз нейкі час ён паведаміў вандроўнікам, што яны могуць размясціцца тут на ноч, і сышоў, пакінуўшы прыязную парачку бавіць час за ядой.

Гэты задні пакойчык знаходзіўся непасрэдна за барам, на некалькі прыступак ніжэй, так што ўсякі, хто быў тут сваім, адшмаргнуўшы фіранку, якая хавала маленькае акенца ў сцяне згаданага памяшкання, футаў за пяць ад падлогі, мог не толькі без рызыкі быць заўважаным бачыць гасцей у заднім пакойчыку (акенца было ў цёмным кутку, і назіральнік мог схавацца паміж сцяной і слупом, які тут падпіраў столь), але і мог, прыклаўшы вуха да перагародкі, даволі дакладна вызначыць прадмет размовы. Гаспадар установы ўжо хвілін з пяць назіраў парачку праз патайное акно, а Барні, перадаўшы згаданы дазвол, толькі што вярнуўся, як у бар заглянуў Фэджын — даведацца пра сваіх навучэнцаў.

— Дзіха! — сказаў Барні. — у дасдупдыб бакоі чужыя.

— Чужыя! — паўтарыў шэптам стары.

— Але. І дзіўдая пара, бушу сказаць, — дадаў Барні. — з брабінцыі, але дешта на ваш гусд, калі я де бабыляюся.

Здавалася, што Фэджын зацікавіўся. Ён ускараскаўся на крэсла, асцярожна прыклаўся вокам да акенца і з гэтага прыхаванага паста змог убачыць, як містэр Клэйпал бярэ з талеркі халодную ялавічыну, налівае з гляка портэр, выдзяляючы гомеапатычныя дозы таго і другога Шарлот, якая цярпліва сядзіць побач і корміцца з яго ласкі.

— Ага! — прашаптаў габрэй, аглядваючыся на Барні. — Мне падабаецца гэты хлапчына. Ён можа быць для нас карысным — ён ужо ведае, як вучыць дзяўчыну. Будзь ціхі, як мыш, даражэнькі мой: хачу паслухаць... што яны там... гавораць.

Габрэй яшчэ раз прыклаўся вокам да шыбкі, а вухам прынік да перагародкі і пачаў услухоўвацца з такой хітрай грымасай на твары, што стаў падобным на старога зламыснага чорта.

—Дык вось: я хачу быць джэнтльменам, — сказаў містэр Клэйпал, выцягваючы ногі і развіваючы тэму, пачатку якой габрэй не чуў. — Даволі праклятых старых трун, Шарлот, а падай мне сюды джэнтльменскае жыццё, і калі хочаш, то ты будзеш маёй лэдзі.