— Я вельмі хацела б гэтага, мой дарагі, — азвалася Шарлот, — але не кожны дзень можна чысціць касы, а потым браць ногі ў рукі і даваць драпака.
— Ану іх, касы! — сказаў містэр Клэйпал. — Ёсць рэчы і акрамя касаў, якія можна чысціць.
— Што ты маеш на ўвазе? — спытала ягоная супольніца.
— Кішэні, дамскія сумачкі, дамы, паштовыя карэты, банкі! — прамовіў містэр Клэйпал, устаючы з портэрам у руцэ.
— Але ж, дарагі, ты не ўмееш рабіць усяго гэтага, — сказала Шарлот.
— Пашукаю кампанію, якая ўмее, — адказаў Ноэ. — Яны нам і дапамогуць. Ды і ты сама вартая пяцідзесяці жанчын: яшчэ ніколі я не бачыў такога хітрага і падступнага стварэння, як ты, калі я табе дазваляю.
— Божачка, як прыемна чуць ад цябе гэта, — усклікнула Шарлот і заляпіла пацалунак на страшны твар Ноэ.
— Ну, досыць, не трэба гэтых цялячых эмоцый, а то я зараз раззлуюся, — набычыўшыся, сказаў Ноэ і адсунуўся ад яе. — Я хацеў бы быць верхаводам якой-небудзь шайкі, трымаць людзей у руках, віжаваць за імі так, каб яны самі гэтага не заўважалі. Гэта задаволіла б мяне, калі б барыш быў што трэба. І калі б толькі ўдалося перасекчыся з джэнтльменамі гэтага гатунку, то я б сказаў, што банкнота на дваццаць пяць фунтаў, якая схаваная на табе, была б невялікай платай за гэта — пагатоў што мы і самі толкам не ведаем, як ад яе пазбавіцца.
Выказаўшы гэтае меркаванне, містэр Клэйпал з выразам глыбокай мудрасці на твары заглянуў у гляк з портэрам, як след пабоўтаў яго, кіўнуў Шарлот і як мае быць прыклаўся да гляка. Піва яго, відавочна, добра падсілкавала. Ён паглыбіўся быў у медытацыю, але тут раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў незнаёмец.
Гэта быў містэр Фэджын, які ўсёй сваёй істотай вылучаў прыязнасць. Ён адмераў нізкі паклон, падышоўшы да парачкі; сеў за столік побач і загадаў Барні, які на ўвесь рот усміхаўся, каб той прынёс чаго-небудзь выпіць.
— Добры вечарок, сэр, адно што крыху захалодны для гэтай пары года, — сказаў Фэджын, паціраючы рукі. — Я бачу, вы з вёскі, сэр?
— Як гэта вы адразу ўбачылі? — спытаў Ноэ Клэйпал.
— У нас тут у Лондане няма такога пылу, — растлумачыў габрэй, паказваючы на чаравікі Ноэ і ягонай спадарожніцы, а таксама на абодва клункі.
— А вы рэзкі фацэт, — сказаў Ноэ Клэйпал. — Шарлот, ты толькі паслухай, ха-ха-ха!
— А як жа, у гэтым горадзе даводзіцца быць рэзкім, — адказаў габрэй, панізіўшы свой голас да давяральнага шэпту, — ужо няйначай.
Гэтую заўвагу Фэджын падмацаваў, пастукаўшы ўказальным пальцам сабе па корані носа; Ноэ паспрабаваў паўтарыць гэты жэст, аднак не зусім паспяхова, таму што ягоны нос быў занадта малы. Фэджын, відавочна, зразумеў ягоны жэст як згоду з выказаным меркаваннем і вельмі дружалюбна пачаставаў Ноэ віном, якое прынёс Барні.
— Добрая рэч, — заўважыў містэр Клэйпал, чмякаючы вуснамі.
— Мой ты мілы, — сказаў Фэджын. — Чалавеку, які рэгулярна яго п’е, мусова чысціць то касу, то кішэню, то жаночую сумачку, то паштовую карэту, то банк.
Як толькі містэр Ноэ пачуў цытату са свайго ўласнага спіча, ён адкінуўся на спінку крэсла і са спалатнелым тварам, пераляканы, стаў лыпаць вачыма то на габрэя, то на Шарлот, то зноў на габрэя.
— Не бяры да галавы, даражэнькі, — сказаў Фэджын і падсунуўся з крэслам бліжэй. — Ха-ха-ха! Гэта шчасце, што толькі я выпадкова пачуў вас. Ну проста пашчасціла, што гэта быў толькі я адзін.
— Я не браў іх, — заікаючыся, сказаў Ноэ; ён ужо болей не выцягваў ногі, як сапраўдны джэнтльмен, а як мог падцяў іх пад крэсла, — гэта ўсё яе рук справа, яны і цяпер у яе... Шарлот, ты ж ведаеш, што ў цябе.
— Няважна, у каго яны або хто зрабіў гэта, мой даражэнькі, — азваўся габрэй, але тым не менш акінуў шулячыным позіркам дзяўчыну і абодва клункі. — Я сам такі, і вас за гэта паважаю.
— Які такі? — спытаў містэр Клэйпал, крыху ачомаўшыся.
— А займаюся такімі справамі, — патлумачыў Фэджын, — і людзі ў гэтым доме робяць тое самае. Ты трапіў у самы яблычак, і тут ты ў поўнай бяспецы. Няма месца больш бяспечнага ва ўсім горадзе, чым «Тры Калекі», — праўда, гэта залежыць ад мяне. А вы мне спадабаліся — ты і дзяўчына. Таму я і загаварыў з табой, так што можаце быць спакойныя.
Пасля гэтага запэўнівання сэрца Ноэ Клэйпала, магчыма, супакоілася, а вось цела — дык ніяк, бо ён соваўся па крэсле туды-сюды, тузаўся, прымаў недарэчныя позы, зіркаючы на свайго новага сябра са страхам і недаверам.
— Скажу табе больш, — працягваў Фэджын пасля таго, як заспакоіў дзяўчыну прыязнымі позіркамі і дружалюбным мармытаннем, — ёсць у мяне адзін таварыш, які, мыслю, выведзе вас на правільны шлях, на якім вы зможаце прыгледзець сабе справу, што, на ваш погляд, будзе найбольш адпавядаць вашаму густу, а потым давучыцеся і ўсяму астатняму.