— Вы гаворыце так, быццам вы гэта ўсур’ёз, — азваўся Ноэ.
— А навошта мне не ўсур’ёз? — запытаўся габрэй, паціснуўшы
плячыма. — Хадзем, выйдзем на пару слоў.
— Няма прычыны ўставаць, дарма ногі трудзіць, — запярэчыў Ноэ, паступова зноў выпростваючы свае ногі. — Яна занясе багаж наверх, а мы пагутарым. Шарлот, давай разбярыся з клункамі!
Гэты загад, які быў аддадзены вельмі велічна, быў выкананы без ніякіх пярэчанняў; Шарлот з клункамі падалася наверх, а Ноэ прытрымаў дзверы і паглядзеў ёй услед.
— Няблага я яе прыручыў, га? — спытаў, сядаючы на месца, Ноэ тонам утаймавальніка, які выдрэсіраваў нейкага дзікага звера.
— Няблага, няблага, — сказаў Фэджын і паляпаў яго па плячы. — Ты геній, мой даражэнькі.
— Ну, каб я не быў геніем, дык не сядзеў бы тут, — адказаў Ноэ. — Але мы марнуем тут час — яна хутка вернецца.
— Ну, дык што ты думаеш? — сказаў габрэй. — Калі мой таварыш прыйдзецца табе даспадобы, чаму б вам да яго не далучыцца?
— А справы ў яго як, ідуць? — спытаў Ноэ, падміргваючы адным сваім вочкам.
— Квітнее як мае быць, — сказаў габрэй. — Наймае масу людзей. З ім самыя лепшыя людзі гэтай прафесіі.
— Сапраўдныя гарадскія? — спытаў містэр Клэйпал.
— Ніякай дзеравеншчыны; і я не думаю, што ён узяў бы цябе, нават нягледзячы на маю рэкамендацыю, калі б акурат цяпер яму не бракавала памочнікаў, — адказаў габрэй.
— Даць яму? — спытаў Ноэ, паляпаўшы сябе па кішэнях штаноў.
— Без гэтага аніяк нельга, — рашуча адказаў Фэджын.
— Аднак дваццаць фунтаў — гэта сума што трэба!
— Але не тады, калі гэта адна банкнота, ад якой хочуць пазбавіцца, — запярэчыў Фэджын. — Нумар і год, пэўна ж, зафіксаваныя? Выплата ў банку спыненая? Ага! Ён з гэтай банкноты няшмат займее. Давядзецца перапраўляць яе за мяжу, на рынку прадаць яе за добрыя грошы ён не зможа.
— Калі я магу сустрэцца з ім? — спытаў раздумліва Ноэ.
— Заўтра ранкам, — быў адказ габрэя.
— Дзе?
— Тут.
— Гм, — сказаў Ноэ. — Які аклад?
— Будзеш жыць як джэнтльмен — стол і кватэра, тытунь і спіртное, палова твайго заробку і заробку дзяўчыны — вашыя, — адазаў містэр Фэджын.
Сквапнасць Ноэ Клэйпала не ведала межаў, аднак невядома, ці згадзіўся б ён нават на такія выдатныя ўмовы, калі б ён быў вольным у сваіх дзеяннях; тут Ноэ зразумеў, што калі адмовіцца, то ягоны новы знаёмец можа адразу перадаць яго ў рукі правасуддзя (здаралася і яшчэ больш неверагоднае), так што Ноэ паступова змякчыўся і сказаў, што, бадай, прапанова яму падыдзе.
— Але вось што, — заўважыў Ноэ, — паколькі яна зможа спраўляцца з цяжкай працай, то я хацеў бы рабіць што-небудзь больш лёгкае.
— Такую лёгкую, прыемную работу? — перапытаў Фэджын.
— Але, нешта накшталт гэтага, — адазаў Ноэ. — Ведаеце, такую невялікую справу, якая не вымагае шмат высілкаў, і не вельмі небяспечную. Нешта такое.
— Я чуў, ты хочаш нешта накшталт віжавання за іншымі, мой даражэнькі, — сказаў Фэджын. — Майму таварышу акурат патрэбен чалавек, які б займаўся гэтым.
— Так, я згадваў гэта і не супраць час ад часу падзаняцца такой справай, — важка прамовіў Ноэ. — Але ведаеце, работа гэтая малааплатная.
— Што праўда, тое праўда, — заўважыў габрэй, раздумваючы або прыкідваючыся, што ён раздумвае. — Не, не падыходзіць.
— Дык што ж тады? — спытаў Ноэ, занепакоена паглядваючы на яго. — Добра было б красці што ціхенька, і каб было бяспечна, каб рызыкі не болей, чым сядзіш сабе дома.
— Што ты думаеш пра старых лэдзі? — запытаўся габрэй. — Можна здабыць кучу грошай, выхопліваючы ў іх з рук іхнія сумачкі ды пакеты і ўцякаючы за рог вуліцы.
— Але ж яны лямантуюць часам і драпаюцца! — зазначыў Ноэ, пахітаўшы галавой. — Не думаю, каб гэта адпавядала майму ідэалу. Ці няма яшчэ якой-небудзь магчымасці?
— Стоп! — сказаў габрэй і паклаў руку на калена Ноэ. — Трэсці птушанятаў.
— Што гэта значыць? — пацікавіўся містэр Клэйпал.
— Птушаняты, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, — гэта малыя дзеці, якіх іхнія маці пасылаюць рабіць пакупкі, даючы ім шасціпенсавікі і шылінгі; вытрасці — значыць забраць у іх грошы — яны ж іх трымаюць у руках, — а потым каленам пад зад — і ў сцёкавую канаву, а сам — пайшоў сабе далей, як быццам нічога не здарылася, апроч таго, што дзіця нейкае ўпала і стукнулася. Ха-ха-ха!
— Гы-гы-гы! — заржаў містэр Клэйпал, дрыгаючы нагамі ад захаплення. — Далібог, гэта рыхтык што трэба!
— Напэўна, — адказаў Фэджын. — Ты можаш намеціць сабе колькі месцаў у Кэмдэн-таўне, Бэтл-брыджы і па суседству, куды іх звычайна пасылаюць, і можаш сабе трэсці іх столькі, колькі захочаш, у любы час сутак. Ха-ха-ха-ха!