З гэтымі словамі Фэджын штурхнуў містэра Клэйпала ў бок, і яны надоўга паядналіся ў гучным рогаце.
— Ну, тады ўсё ў парадку, — сказаў Ноэ, нарэшце адышоўшы ад прыпадку весялосці; Шарлот да гэтага часу ўжо вярнулася. — А каторай гадзіне заўтра?
— А дзясятай пасуе табе? — спытаў габрэй і, калі містэр Клэйпал кіўнуў у знак згоды, дадаў: — Як цябе адрэкамендаваць майму таварышу?
— Містэр Болтэр, — адказаў Ноэ, які ўжо падрыхтаваўся да такога павароту справы. — Містэр Морыс Болтэр. А гэта місіс Болтэр.
— Ваш пакорны слуга, місіс Болтэр, — сказаў Фэджын, кланяючыся з гратэскавай ветлівасцю. — Спадзяюся, што неўзабаве пазнаёмлюся з місіс бліжэй.
— Чуеш, што кажа джэнтльмен, Шарлот! — грымнуў містэр Клэйпал.
— Так, Ноэ, даражэнькі, — адказала місіс Болтэр, працягваючы руку.
— Ноэ — гэта нешта накшталт ласкавага імені, — патлумачыў містэр Морыс Болтэр, былы Клэйпал, звяртаючыся да габрэя. — Разумееце?
— О так, выдатна разумею, — адказаў Фэджын, сказаўшы гэтым разам праўду. — Дабранач! Дабранач!
Пасля доўгага і шматслоўнага развітання містэр Фэджын пайшоў. Ноэ Клэйпал заклікаў сваю паслухмяную лэдзі да ўвагі ды пачаў тлумачыць, якую дамову ён толькі што зладзіў; рабіў ён гэта з уласцівай яму фанабэрыяй і пачуццём уласнай перавагі, якія спрычыненыя былі не толькі яго прыналежнасцю да больш моцнага полу, але і станам джэнтльмена, які ацаніў гонар прызначэння яго на адмысловую пасаду птушанячай трасцы ў Лондане і ваколіцах.
РАЗДЗЕЛ ХLIІІ,
у якім расказваецца, як Спрытны Махляр трапіў у бяду
— Дык гэта вы былі сваім уласным сябрам? — спытаў містэр Клэйпал, інакш Болтэр, калі ён, згодна з дамоўленасцю, заключанай паміж імі, пераехаў назаўтра ў дом габрэя. — Далібог, мне так здалося яшчэ ўчора!
— Кожны чалавек сабе сябар, мой даражэнькі, — адказваў Фэджын з самай ліслівай сваёй усмешкай. — І яму нідзе не знайсці сябра лепшага.
— Бываюць выключэнні, — адказаў Морыс Болтэр з выглядам свецкага льва. — Вы ж ведаеце, іншы нікому не вораг, акрамя самога сябе.
— Не веру! — сказаў Фэджын. — Калі чалавек — вораг самому сабе, то гэта ад таго, што ён сам сабе занадта сябар, а не таму, што ён занадта клапоціцца пра іншых, а не пра сябе. Лухта гэта! Такога не бывае ў прыродзе.
— А калі і бывае, дык так не павінна быць, — падтрымаў містэр Болтэр.
— Толькі так, — сказаў габрэй. — Некаторыя магі кажуць, што магічны лік — гэта тры, іншыя — што сем. І не тое, мой даражэнькі, і не гэта. Магічны лік — гэта адзін.
— Гы-гы-гы! — зарагатаў містэр Болтэр. — Лік адзін навекі!
— У такой маленькай сябрыне, як наша, даражэнькі мой, — працягваў габрэй, які адчуваў неабходнасць абгрунтаваць свой погляд, — у нас агульная лічба — адзін. Гэта значыць, што ты не можаш разглядаць сябе першым нумарам, не прызнаючы першым нумарам і мяне, і кожнага з нашых маладых сябрукоў.
— Выдатна! — усклікнуў містэр Болтэр.
— Бачыце, што — працягваў Фэджын, прыкідваючыся, быццам не чуў гэтай ацэнкі, — нашыя інтарэсы настолькі перапляліся, што інакш і быць не можа. Вось, напрыклад, ваша мэта — клапаціцца пра першага, гэта значыць пра самога сябе.
— Дак як жа іначай, — азваўся містэр Болтэр. — Вы тут трапілі ў яблычак.
— Выдатна. Ты не можаш клапаціцца пра сябе, нумар першы, не клапоцячыся пра мяне, нумар першы.
— Пра нумар другі, вы хацелі сказаць, — паправіў містэр Болтэр, які быў багата надзелены такой якасцю, як эгаізм.
— Не, не хацеў, — запярэчыў Фэджын, — я для цябе маю такое самае значэнне, як ты для мяне.
— Я што хачу сказаць, — перапыніў яго містэр Болтэр, — вы файны дзядзька, я ад вас у захапленні, але мы не настолькі цесна сышліся, каб такое.
— Ты толькі падумай, — працягваў габрэй, паціскаючы плячыма і выцягваючы рукі, — памяркуй толькі. Ты абцяпаў добрую справу, і я цябе за гэта люблю, але гэта адначасова ўскладвае гальштук на тваю шыю, гальштук, які лёгка завязаць і надта цяжка развязаць, на простай ангельскай мове — пятлю.
Містэр Болтэр пакратаў пальцамі шыйную хустку, быццам адчуўшы, што яна завязаная занадта цесна, і прамармытаў нешта, што выглядала на згоду інтанацыяй, а не словамі.
— Шыбеніца, — працягваў Фэджын, — шыбеніца, мой даражэнькі, гэты агідны слуп пры дарозе, які ўказвае на вельмі круты і рэзкі паварот, які спыніў кар’еру шмат каго з самых смелых і спраўных хлопцаў на шырокай дарозе. Так што тваёй мэтай нумар адзін будзе не сыходзіць з правільнай дарогі, трымацца як мага далей ад слупа.